Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да чаго прывядзе абвешчаная Аляксандрам Лукашэнкам «зачыстка»?


Улады выкарыстоўваюць тэракт дзеля наступу на незалежныя мэдыі. Якія мэты гэтай кампаніі? Чаму ўлады баяцца незалежнай інфармацыі? Якіх вынікаў можна чакаць?

Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандр Старыкевіч.

Андрэй Дынько
Аляксандр Старыкевіч
Валер Карбалевіч


Валер Карбалевіч
: «Ужо на другі дзень пасьля тэракту была заява генэральнай пракуратуры, якая папярэджвае мэдыі адносна так званых „безадказных публікацый“. А КДБ прыйшоў у рэдакцыю газэты „Наша ніва“. Падчас выступу ў сераду Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з мэдыямі, якія няправільна асьвятлялі падзеі вакол выбуху. Чаму незалежныя мэдыі сталі ці ня больш небясьпечнымі для ўладаў, чым тэрарысты?».

Андрэй Дынько: «З аднаго боку, перад намі быў выклік, зь якім мы раней не сутыкаліся. Бо такіх тэрактаў у Беларусі не было. Попыт на інфармацыю быў гіганцкі. Без інфармацыі распаўсюджваліся чуткі. Але здабываць інфармацыю было цяжка.

Цяперашняя рэакцыя ўладаў шакуе. У дзяржаўных мэдыях — гістэрыя. Тэракт адсунуты на другі плян. А на першы плян выйшлі спробы дыскрэдытаваць палітычных праціўнікаў».

Аляксандр Старыкевіч: «Справа ня толькі ў тым, што ўладам не падабаецца, як пішуць незалежныя мэдыі, а ў тым, у якім кірунку пайшла грамадзкая думка. Вельмі шмат людзей скептычна ставяцца да пазыцыі і вэрсіяў уладаў. І гэтай магутнай прапагандысцкай атакай улады імкнуцца пераламіць гэтую тэндэнцыю. Акцэнтуецца ўвага, што, па-першае, гэта быў не правал уладаў: маўляў, глядзіце, як хутка раскрыта злачынства, прычым ня толькі цяперашні тэракт, а таксама выбух у Віцебску і на Дзень незалежнасьці ў 2008 годзе. Па-другое, ёсьць ворагі. Гэта апазыцыйныя палітыкі, незалежныя мэдыі, якія ледзь не прыроўненыя да тэрарыстаў».

Барацьба з чуткамі


Карбалевіч: «Здаецца, раней не было такога, каб улады пачалі лавіць распаўсюджвальнікаў чутак, аўтараў інтэрнэт-публікацый. Лукашэнка выступіў з пагрозамі на адрас тых, хто распальвае валютны ці прадуктовы ажыятаж або паддаецца яму. Вайна з чуткамі, анэкдотамі, размовамі на кухнях — гэта ўжо прыкмета таталітарнага рэжыму. Аўтарытарныя рэжымы звычайна не пасягаюць на прыватную свабоду, індывідуальныя праявы незадаволенасьці. Дык ці мы назіраем заканамерную эвалюцыю рэжыму?».

Дынько: «Сапраўды, улады застрашаныя тым, як грамадзкая думка падчас гэтай трагедыі апынулася не на баку ўладаў. Сёньня на сайце „Нашай нівы“ быў разьмешчаны такі камэнтар аўтара, які падпісаўся „Крэм-сода“: „Недавер да ўлады і дзяржаўных мэдыяў дасягнуў бязьмежнага ўзроўню. А калі няма адкуль чэрпаць праўдзівую інфармацыю, то людзям застаецца карыстацца толькі чуткамі… Людзі вераць чуткам, бо яны часьцей збываюцца, чым ілжывыя заявы чынушаў і ўраду“. І аўтар прыводзіць прыклады: былі чуткі, што падаражэе грэчка, і яна сапраўды падаражэла. Цяпер даражэе алей. Фактычна спраўдзіліся чуткі пра дэвальвацыю».
Улада стварыла манаполію на інфармацыю. Але ўвесь гэты вялізны прапагандысцкі апарат працуе з усё меншым каэфіцыентам карыснага дзеяньня.


Старыкевіч: «Улада стварыла манаполію на інфармацыю. Але ўвесь гэты вялізны прапагандысцкі апарат працуе з усё меншым каэфіцыентам карыснага дзеяньня. Вынік атрымліваецца зусім ня той, на які разьлічвае Лукашэнка. І пра гэта было сказана пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. А з абвастрэньнем эканамічных праблемаў сытуацыя для ўлады імкліва пагаршаецца. І людзі імкнуцца па інфармацыю да незалежных крыніц.

І таму ўлады робяць такія захады. Напрыклад, барацьба з чуткамі. Такія меры прымяняюць падчас вайны. Я ня чуў, каб дзесьці змагаліся з распаўсюднікамі чутак у мірны час. Тэракт скарыстаны як нагода, каб адным разам калі не заткнуць раты, то хаця б застрашыць».

Кансалідацыя ці раскол грамадзтва


Карбалевіч: «У іншых краінах трагедыя садзейнічае кансалідацыі грамадзтва. Здаецца, што ў Беларусі, наадварот, тэракт прывёў да паглыбленьня расколу. Цікава, што кампанія дзяржаўнай машыны супраць усіх нязгодных праходзіць пад акампанэмэнт заклінаньняў тэлеканалаў, што трагедыя аб’яднала народ».

Дынько: «Грамадзтва насамрэч кансалідавалася. Паглядзіце, як у надзвычайнай сытуацыі зладжана, арганізавана дзейнічалі ўсе гарадзкія службы. І мэтрапалітэн, і мэдыкі, і іншыя. Нашы рэпартэры былі на месцы здарэньня вельмі хутка і бачылі, як звычайныя людзі дапамагалі адзін аднаму.

А вось гэтыя спробы ўладаў атрымаць палітычныя дывідэнды ад гэтай трагедыі, адцягнуць увагу людзей ад эканамічных праблем успрымаюцца людзьмі нэгатыўна. Думкі людзей цяпер дыямэтральна разыходзяцца з тым, што мы чуем з тэлеэкранаў».

Старыкевіч: «Ня думаю, што гэтая трагедыя спрыяла расколу. Наконт кансалідацыі лепей пагаварыць празь месяц».

Якіх вынікаў можна чакаць?


Карбалевіч: «Тыя пагрозы на адрас незалежных мэдыяў насамрэч рэалізуюцца? Ці будуць заведзеныя крымінальныя справы, зачынены мэдыі? Або ўсё абмяжуецца пагрозамі?».

Дынько: «Некаторыя выказваньні гучаць злавесна. Але калі будуць ліквідаваныя ўсе незалежныя мэдыі, то гэта прывядзе да хуткага нарастаньня некантраляваных працэсаў у грамадзтве. Бо нельга ліквідаваць інтэрнэт, спадарожнікавае тэлебачаньне. Думаю, гэтую гістэрыю можна патлумачыць эканамічнымі прычынамі».
Калі будуць ліквідаваныя ўсе незалежныя мэдыі, то гэта прывядзе да хуткага нарастаньня некантраляваных працэсаў у грамадзтве.


Старыкевіч: «У мяне няма прагнозаў, бо ўсё залежыць ад настрою аднаго чалавека. У любым выпадку пагрозы для незалежных мэдыяў значна павялічыліся. Дарэчы, у панядзелак, што сымбалічна, яшчэ да тэракту, у дзяржаўных установах перакрылі доступ да сайту «Хартыі».

Карбалевіч: «Ці не падаецца вам, што ў Беларусі склалася такая дзіўная сытуацыя, калі дзьве часткі грамадзтва жывуць у рознай інфармацыйнай прасторы? І яны паміж сабою дрэнна перасякаюцца і камунікуюць».

Дынько: «Не, інфармацыя перацякае. Асабліва ў такія крытычныя моманты. Мы назіраем, як у гэтыя дні вельмі шмат людзей прыходзіць на незалежныя інфармацыйныя сайты.

Дасюль незразумела, хто запускаў тыя чуткі пра выбухі ў аўтобусе № 100. Хто здольны гэта рабіць? Каму гэта трэба? Улады абвінавацілі ў гэтым нейкія элемэнты, якія імкнуцца дэстабілізаваць сытуацыю. Я такой сілы ня бачу.

Незалежныя мэдыі ў гэтыя дні прадэманстравалі вялікі прафэсіяналізм. Хоць былі памылкі. Але яны давалі інфармацыю апэратыўна, дакладна, з грамадзянскай адказнасьцю».

Старыкевіч: «Цяжка адказаць, якая частка насельніцтва жыве ў прасторы дзяржаўных мэдыяў. Хочацца спадзявацца, што большасьць людзей вераць ня ўладзе ці апазыцыі, а здольныя прааналізаваць інфармацыю з розных крыніцаў і зрабіць уласныя высновы».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG