Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі часопіс The Economist прапануе свой аналіз абставінаў, прычынаў і магчымых наступстваў тэрарыстычнага акту ў Менску 11 красавіка.

Чалавечыя страты навідавоку, хаця прычына зьяўляецца незразумелай.

Палітычны гвалт у Беларусі – справа рэдкая, хаця і не невядомая. Дзесяць гадоў таму чатыры чалавекі прапалі бязь вестак. Лічыцца, што яны былі забітыя ўладамі. З таго часу дэманстрацыі апазыцыі рэгулярна груба здушваліся, але найгоршае, што адбывалася, гэта зламаныя косьці, а ня трупы. У выніку таямнічага выбуху ў 2008 годзе дзясяткі людзей былі параненыя. Ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці.

У іншых краінах цень падазрэньня ў такіх выпадках адразу падае на ісламістаў. Але тут іх дачыненьне малаімавернае. Беларусь засталася ўбаку ад вайны Расеі ў Чачні, таму не выклікае гневу джыгадыстаў. Яна ня мае значнай колькасьці мусульманскага жыхарства. Да таго ж тэрарысты з Паўночнага Каўказу, як правіла, тэрарысты-сьмяротнікі.
Гэта зусім не адпавядае характару беларускай апазыцыі...


Цяжка меркаваць, што за гэтым можа стаяць апазыцыя. Гэта не дэстабілізуе рэжым і нясе велізарную рызыку для злачынцаў. І гэта зусім не адпавядае характару беларускай апазыцыі. Беларускія апазыцыянэры маюць шмат недахопаў: яны занадта любяць выступаць на канфэрэнцыях на Захадзе, яны занадта неактыўныя, калі гаворка ідзе аб правядзеньні палітычных кампаніяў дома. Але самае горшае, што можна сказаць пра іх, – гэта тое, што яны маюць маргінальны, але зусім не забойчы характар.

Больш імаверным кандыдатам зьяўляюцца экстрэмісцкія рухі. Беларусь ня мае рэальнай традыцыі палітычнага радыкалізму. У Расеі ёсьць скінгэды і нават нэанацысты. Такія групы маюць нязначныя адгалінаваньні ў Беларусі. Магчыма, адно зь іх вырашыла прадэманстраваць свае здольнасьці.
Расколы ўнутры рэжыму – таксама магчымая вэрсія...


Расколы ўнутры рэжыму – гэта таксама магчымая вэрсія. Арышт у сьнежні 2010 году кіраўніка вайскова-паветраных сілаў Ігара Азаронка застаецца таямніцай і, можа быць, абурыў яго сяброў. Некаторыя аналітыкі гавораць пра існаваньне канкурэнцыйных фракцыяў маладых і старых “ваўкоў” (сяброў прэзыдэнтавага сына Віктара Лукашэнкі, з аднаго боку, і старых кадраў КДБ, з другога).

Іншы аналіз гаворыць, што тэракт зладзіла фракцыя ва ўладзе, якая хоча падштурхнуць Беларусь да большага закручваньня гаек і аддаленьня ад Захаду.

Такімі таемнымі ўнутранымі махінацыямі, вядома, можна растлумачыць амаль усё. Але было б нядрэнна мець некаторыя доказы. А зь імі складана. Пасьля выбуху 2008 году быў адпраўлены ў адстаўку ўплывовы каардынатар службаў бясьпекі Віктар Шэйман. Але існуе меркаваньне, што Лукашэнка звольніў бы Шэймана ў любым выпадку. І дзіўнай здаецца гіпотэза, што ўлада будзе кідаць бомбы, каб апраўдаць кадравыя перастаноўкі.

Цяпер выказваецца думка, што выбух павінен быў адвесьці ўвагу грамадзтва ад эканамічных праблемаў краіны.
Улады і бяз гэтага распраўляюцца з апазыцыяй, і незразумела, якой дадатковай падставай зьяўляецца выбух...


Апазыцыя асьцерагаецца, што выбух будуць выкарыстоўваць у якасьці падставы для яе ўціску. І гэта ў прынцыпе магчыма. Выбух 2008 году стаў падставаю для кампаніі масавага зьняцьця адбіткаў пальцаў. Але ўлады і бяз гэтага распраўляюцца з апазыцыяй, і незразумела, якой дадатковай падставай зьяўляецца выбух. У 1999 годзе выбухі дамоў у Маскве і іншых гарадох Расеі спарадзілі паніку, наступствам якой – выпадкова ці не – стала тое, што новы прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін нечакана стаў самым папулярным палітыкам у краіне. Але спадар Лукашэнка ўжо папулярны.

У выніку застаецца лябірынт люстэркаў. Ці гэта зрабілі ўлады, каб дыскрэдытаваць апазыцыю? Ці апазыцыя зрабіла гэта ў надзеі, што віна будзе ўскладзеная на ўлады? Ці гэта расейцы, унівэрсальныя ліхадзеі для некаторых тэарэтыкаў змовы? Ці рэжым зрабіў гэта, каб падкрэсьліць пагрозу ад "экстрэмістаў" або каб ускласьці віну на замежнікаў? Ці гэта НАТО: урэшце, калі Захад бамбуе Лібію, дык чаму б не Беларусь? Тлумачэньні робяцца ўсё больш абсурдным і непераканаўчымі.

Факт тое, што выбух быў выкананы прафэсійна. Лукашэнка зьвязаў выбух 11 красавіка з выбухам у 2008 годзе, сказаўшы: "Гэта, магчыма, зьвёны аднаго ланцуга". Ён спытаўся, хто можа атрымаць выгаду ад падрыву стабільнасьці, і дадаў: "Я не выключаю, што гэта быў падарунак з-за мяжы".

Палітыка ў Беларусі заўсёды была непразрыстая. Цяпер пралітая нявінная кроў робіць яе цёмнай і злавеснай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG