Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калякін: Трэба асьцерагацца паўтарэньня справы Міхасевіча


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Лідэр партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін кажа, што ён рады, калі сапраўды апэратыўным службам удалося так хутка знайсьці злачынцаў, якія ўчынілі тэракт у менскім мэтро:

"Хаця тое, што потым гучала вакол усяго гэтага, наводзіць на нейкія сумненьні. Пажывем — пабачым. Але каб не было так, як было ў свой час зь віцебскай справай Міхасевіча, калі трэба было тэрмінова прызначыць адказнага і засудзіць. Я хацеў бы, каб гэта быў посьпех нашых спэцслужбаў. Тым болей калі яны раскрылі справы, якія па 6 гадоў не раскрываюцца".

Тое ж, што апазыцыю спрабуюць абвінаваціць у "танцах на касьцях", спробах вырашаць нейкія праблемы за кошт тэракту, Калякіна не зьдзівіла, бо гэта застаецца ў стылі паводзін беларускіх уладаў:

"Усё якраз наадварот: улада спрабуе выкарыстаць гэтую трагедыю як інструмэнт дадатковага нагнятаньня псыхозу ў грамадзтве і спробаў знайсьці нагоду для расправы з палітычнымі апанэнтамі".

Допыты апазыцыі па гэтай справе нічога не дадуць, бо яна ня мае ніякага дачыненьня да гэтых падзей, перакананы Сяргей Калякін:

"На мой погляд, са спробы ўлады пераключыць увагу на пошук нейкіх ворагаў унутры народу і згуртаваць народ вакол сябе, выкарыстоўваючы гэтую трагедыю, пераключыць абурэньне людзей на апазыцыю, нічога не атрымаецца. Пасьля трагедыі ўсе сацыяльна-эканамічныя праблемы засталіся".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG