Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

САМ-НАСАМ З ЧАСАМ


ВАСІЛЬ ЗУЁНАК: “КАВАЛЁНАК ЧЫТАЎ БЕЛАРУСКІЯ ВЕРШЫ ПРОСТА Ў КОСМАСЕ”

Гэта быў ці не найвышэйшы ўзьлёт беларускай паэзіі. У адзін зь летніх дзён 1978 году яна загучала на ваколземнай арбіце. Беларускі касманаўт Уладзімер Кавалёнак пачаў адзін са сваіх касьмічных рэпартажаў чытаньнем вершаў з кнігі “Нача”, незадоўга перад гэтым дастаўленай на арбітальную станцыю “Салют-6” зь Зямлі. Аўтар той легендарнай кнігі – паэт Васіль Зуёнак – сёньня госьць “Дому літаратара”.

Міхась Скобла: “Спадар Васіль, а гэта не легенда? Ваша кніга сапраўды пабывала ў космасе?”

Васіль Зуёнак
Васіль Зуёнак:
“Тут аніякіх сумненьняў быць ня можа. Факт гэты засьведчылі ўсе касьмічныя рэпартажы, якія ў той час перадаваліся па радыё, тэлебачаньні, друкаваліся ў газэтах (я помню інфармацыю ў “Известиях”). Памятаю тэлекадры, дзе Кавалёнак проста на арбіце чытае вершы з кнігі “Нача” свайму касьмічнаму спадарожніку Іванчэнкаву і нават перакладае зь беларускай на расейскую. Пасьля прызямленьня, як гаварыў мне сам Уладзімер Васілевіч, ён той асобнік кнігі здаў у тагачасны маскоўскі Музэй Кастрычніцкай рэвалюцыі”.

Скобла: “У вас жа ў той кнізе былі вершы і на касьмічныя тэмы, ледзь ня ўсе плянэты Сонечнай сыстэмы згадваліся: “Зямля, Вэнэра, Марс, Сатурн, Юпітэр – / вагоны з Сонцам счэпленыя вечна…”. Відаць, гэтым і зачапілі вы земляка-касманаўта за жывое?”

Зуёнак:
“Думаю, не касьмічная лексыка яго падкупіла і заінтрыгавала. Зачапіла яго за душу наша родная рэчка Нача. Кавалёнак жа быў улюбёны ў свой край, любіў прыяжджаць на радзіму, на нашу Крупшчыну. Ён мне расказваў пазьней, як адбылася яго сустрэча з маёй кнігай. Падчас першага няўдалага палёту Кавалёнка не адбылася запраграмаваная стыкоўка ў космасе, і касманаўты хутка прызямліліся. Гэтая няўдача прывяла Кавалёнка ў родную вёску, ён прыехаў самотны, без суправаджальных картэжаў. Калі ў кнігарні касманаўт убачыў кнігу пад назвай “Нача”, ён яе адразу купіў і ўзяў з сабой у Зорны гарадок. Калі рыхтаваўся яго другі палёт зь Іванчэнкавым, ён у праграме, што прыслаць у космас касьмічнай поштай, пазначыў “Начу”. І на арбітальную станцыю “Саюз-6” грузавіком “Прагрэс” гэтая кніжка яму і была дастаўлена. А Іванчэнкаву, дарэчы, даставілі гітару”.



Скобла: “Мне тут прыгадваецца эпіграма вашага равесьніка Рыгора Барадуліна: “В. Зуёнак рыфму чуў зь пялёнак. / І зямляк Зуёнкаў Кавалёнак / лётаў доўга ў космасе, няйначай, / захапіўся Васілёвай “Начай”. А як адрэагавалі на “палёт” вашай кнігі ў космас на зямлі, скажам, беларускія ўлады?”

Зуёнак: “На ўлады, па-мойму, гэты факт аніякага ўзрушэньня не зрабіў”.

Скобла: “Кніга “Нача” не была адразу намінаваная на Дзяржаўную прэмію?”

Зуёнак: “Не, такога ня здарылася. Да Дзяржаўнай прэміі мне яшчэ далекавата было”.

Скобла: “А крытыкі як адрэагавалі?”

Зуёнак: “Ды ніхто, па-мойму, доўгі час і ня ведаў пра касьмічную адысею кнігі. Праўда, пазьней былі водгукі, але проста як канстатацыя факту”.

Скобла: “У вас ёсьць выдатная паэма “Прыцягненьне”, прысьвечаная Ўладзімеру Кавалёнку. А ці давялося вам бліжэй пазнаёміцца з жыцьцём касманаўтаў?”

Зуёнак: “Чаму ж не. Быў я і ў Зорным гарадку, сустракаўся з касманаўтамі, нават некалькі кароткіх гутарак меў з Гагарыным. Што мяне і зьдзівіла, і ўразіла, дык гэта яго натуральнасьць і адкрытасьць. Памятаю, мы стаім на ходніку з Гагарыным і гаворым, а людзі, якія ідуць, бачаць касманаўта і літаральна накідваюцца з пытаньнямі. Дзяўчаты і маладзіцы абдымаюць яго, і ён з усімі гаворыць са сваёй чароўнай усьмешкай. Недарэмна ён быў прызначаны першым касманаўтам”.

Скобла: “Аднак, давайце вернемся да чытача вашых вершаў на ваколземнай арбіце – да Ўладзімера Кавалёнка. Будучы дэпутатам у 1991 годзе, ён унёс у залю Вярхоўнага Савету бел-чырвона-белы сьцяг. Ці таму чалавеку была даручаная гэткая ганаровая місія? Усё ж Кавалёнак нават у Беларусі на той час ня жыў”.
Думаю, калі б Кавалёнка абралі прэзыдэнтам Беларусі, гэта быў бы выдатны выбарe ...

Зуёнак: “Я думаю, што Кавалёнак заслужыў на такую місію. Калі б ён быў адмоўна настроены да тагачасных падзеяў, то ён ня ўзяўся б уносіць бел-чырвона-белы сьцяг. Ён – чалавек цьвёрды, і ён зь беларускай непахіснасьцю верыў у ідэю Беларусі, у яе незалежнасьць, тут я абсалютна перакананы. Народ вельмі Кавалёнка любіў. Я ў гэтым неаднойчы пераконваўся, калі прыяжджаў на Крупшчыну. Думаю, калі б Кавалёнка абралі прэзыдэнтам Беларусі, гэта быў бы выдатны выбар”.

Уладзімер Кавалёнак


Скобла: “А ці былі ў Кавалёнка такія амбіцыі?”

Зуёнак:
“Ён пра іх публічна не гаварыў… Але настроі такія ў народзе былі. Я па сваіх земляках ведаю. Калі я прыяжджаў у сваю вёску, то там пра Кавалёнка гаварылі: “Во дзе чалавек, во дзе твар Беларусі!”. Думаю, што беларуская намэнклятура пабачыла тады ў ім сур’ёзнага суперніка і прэтэндэнта, і паціхеньку пачала адхіляць яго ад актыўнай дзейнасьці. А Кавалёнак – выдатны чалавек і беларус. Толькі адзін штрышок дадам. Неяк я атрымаў ад яго фатаграфію з надпісам: “Васілю Зуёнку з борту касьмічнага комплексу са шчырай падзякай за вершы”. І на адвароце – прыпіска: “Я мару, што ў Зялёнай пушчы мы не адзін раз з табой, зямеля, шашлычкі падсмажым”. Мы з Кавалёнкам праблемаў моўных ня мелі, ён часаў па-беларуску ня горш за мяне”.

КНІГАРНЯ СВАБОДЫ


КАСТУСЬ ЦЬВІРКА: “СЫРАКОМЛЯ БЫЎ ІДЭЙНЫМ ПАПЯРЭДНІКАМ КАЛІНОЎСКАГА”

У залатой сэрыі “Беларускі кнігазбор” – папаўненьне. Накладам 2000 асобнікаў выйшлі ў сьвет “Выбраныя творы” клясыка айчыннай літаратуры XIX стагодзьдзя Ўладыслава Сыракомлі. Гэта пяцьдзясят сёмы том кніжнага праекту, які ня мае аналягаў у сёньняшняй Беларусі. Мы сустрэліся зь яго ініцыятарам і кіраўніком, укладальнікам сыракомлеўскага тому Кастусём Цьвіркам.

Міхась Скобла: “Спадар Кастусь, Уладыслава Сыракомлю можна параўнаць з Адамам Міцкевічам – абодва лічылі сябе ліцьвінамі, паходзілі з гістарычнай Літвы, абодва пісалі па-польску. Гадоў пяць таму я быў у Варшаве па справах літаратурных і пачуў ад аднаго польскага паэта, што Міцкевіч не цікавы сучаснаму польскаму чытачу, бо… састарэў. А чым Сыракомля актуальны і цікавы сучаснай Беларусі?”

Кастусь Цьвірка
Кастусь Цьвірка:
“Сыракомля цікавы і колішняй, і сучаснай Беларусі тым, што ён выказаў думы народу, выказаў вельмі хораша, паэтычна. Яго вершы, гавэнды і паэмы – гэта сапраўдная паэзія. А паэзія ніколі не састарэе. Сыракомля цікавы нам яшчэ і сваім беларускім патрыятызмам. Хоць яго лічаць польскім паэтам, але гэта ня так. Свой уступны артыкул да “кнігазбораўскага” тому я назваў “Беларускі лірнік”. Таму што з усяго зьместу Сыракомлевых твораў вынікае, што яго патрыятызм быў менавіта беларускі, ліцьвінскі”.

Скобла: “Сыракомля падгаворваў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча пісаць толькі па-беларуску, але сам пісаў – па-польску. Дзе ж тут лёгіка?”

Цьвірка: “Лёгіка тут такая. Сыракомлем было напісана шмат беларускіх вершаў, але паколькі яны не былі замацаваныя друкам, яны да нас не дайшлі. Вось у чым трагедыя! У той час (ХІХ стагодзьдзе) беларускія вершы пісаліся
І Сыракомля вымушаны быў пісаць па-польску, бо ён з гэтага жыў, арэнда не давала прыбытку ...
“ў шуфляду”. Яну Чачоту пашанцавала – ён здолеў выдаць свае вершы ў фальклёрным зборніку. Так яны і дайшлі да нас. І яшчэ адзін істотны момант. У першай палове ХІХ стагодзьдзя, калі нейкі паэт пісаў па-беларуску, ён зьвяртаўся толькі да сялянства. Апалячаная шляхта не прызнавала беларускай мовы і не хацела на ёй чытаць. Тэатар у Менску быў польскі, усё было польскае. І Сыракомля вымушаны быў пісаць па-польску, бо ён з гэтага жыў, арэнда не давала прыбытку. У яго была сям’я, якую трэба было ўтрымліваць. За польскамоўныя творы, якія друкаваліся ў польскай пэрыёдыцы, ён атрымліваў грошы і з гэтага жыў. Таму ён вельмі сьпяшаўся пісаць. Сыракомля пражыў усяго трыццаць дзевяць гадоў, а напісаў 10 тамоў паэзіі і столькі ж тамоў празаічных, публіцыстычных, гістарычных тэкстаў”.

Скобла: “Сямнаццаць гадоў таму, у 1993-м, выходзіў грунтоўны том Сыракомлі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Калі параўноўваць з тым выданьнем, што дадалося ў “кнігазбораўскім” томе?”

Цьвірка: “Дадалося многа новых матэрыялаў: вершы, пераклады, паэмы, гавэнды і цэлы разьдзел драматургіі. Скажам, я пераклаў Сыракомлеву кантату да музыкі Станіслава Манюшкі “Год у песьні”. А гістарычную драму з XVII стагодзьдзя “Магнат і сірата, або Сафія – князёўна Слуцкая” вельмі хораша перастварыла Ірына Багдановіч. Драма яшчэ чакае пастаноўкі на беларускай сцэне”.

Скобла: “Напярэдадні паўстаньня, у 1861 годзе, Сыракомля напісаў верш “Добрыя весьці”, дзе ёсьць такія радкі: “Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа / за нашу крыўду, за горкі наш жаль. / Запяём песьню “Хвала Табе, Божа!”, / лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль”. І праз тры гады Каліноўскі падхапіў за Сыракомлем: “Толькі тады, народзе, зажывеш свабодна, калі над табою маскаля ня будзе”. Ці можна назваць Сыракомлю ідэйным натхняльнікам Каліноўскага?”

аму і Міцкевіч, і Каліноўскі, і Сыракомля змагаліся супроць расейскага царызму, імкнуліся вызваліць сваю краіну і аднавіць яе дзяржаўнасьць ...

Цьвірка:
“А Сыракомля і быў ідэйным натхняльнікам і папярэднікам. Ён ня горш за Каліноўскага разумеў, што “маскаль” (расейскі царызм) заняволіў Беларусь і Польшчу і ліквідаваў, па-сутнасьці, нашу дзяржаўнасьць, ліквідаваў ВКЛ. Да апошняга часу, да канца ХVIII стагодзьдзя, Беларусь была дзяржавай, хоць і ў складзе Рэчы Паспалітай. Таму і Міцкевіч, і Каліноўскі, і Сыракомля змагаліся супроць расейскага царызму, імкнуліся вызваліць сваю краіну і аднавіць яе дзяржаўнасьць. Творчасьць Сыракомлі, як і творчасьць вялікага беларускага песьняра Адама Міцкевіча, трэба вывучаць ва ўсіх беларускіх школах. І менавіта на ўроках беларускай літаратуры”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG