Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па справе аб выбуху затрыманыя 5 чалавек


Два чалавекі ўзятыя пад варту з падазрэньня ва ўчыненьні тэракту ў менскім мэтро. Гэта выканаўца і асоба, якая яму дапамагала. Сабрана больш за тысячу рэчавых доказаў. Пра гэта паведаміў намесьнік генэральнага пракурора Беларусі, кіраўнік сьледчай групы Андрэй Швед.

Ён прадэманстраваў журналістам запісы камэр відэаназіраньня, якія зафіксавалі дзеяньні тэрарыста ў мэтро.



Паводле Шведа, знойдзена месца, дзе вырабляліся выбуховыя рэчы і беспасярэдне выбухоўка, узарваная на станцыі мэтро "Кастрычніцкая". Як патлумачыў намесьнік генэральнага пракурора, “на месцы вырабу бомбы выявілі доказы, то бо элемэнты, фрагмэнты, дэталі, якія ў сваёй сукупнасьці паказваюць, якім спосабам, у які час і зь якіх дэталяў было выраблена выбуховае прыстасаваньне”.

"Упэўнена магу сказаць, што спосаб выбуху быў радыёкіраваным", – паведаміў Андрэй Швед.

Пра затрыманых кіраўнік сьледчай групы мог сказаць толькі тое, што гэта грамадзяне Беларусі да 30 гадоў, раней несудзімыя. Было заяўлена, што імёны затрыманых сьледзтва на цяперашнім этапе абнародаваць ня будзе.

"Па справе аб выбуху ў менскім мэтро затрыманыя пяць чалавек. У адносінах да двух абрана мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Гэта беспасярэдні выканаўца тэрарыстычнага акту і адна асоба, якая аказвала яму судзеяньне", – паінфармаваў Андрэй Швед.

"Упершыню мы сутыкнуліся з такім беспрэцэдэнтным злачынствам. Зь першых хвілін пасьля ўчыненьня злачынства вядзецца актыўная сьледчая і аператыўна-вышуковая праца", – заявіў намесьнік генэральнага пракурора.



«У нас даволі пераканаўчых доказаў, што выканаўца – адна з асобаў, якая цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Таксама ёсьць доказы, што гэтая асоба вырабляла неразарванае выбуховае прыстасаваньне, якое было выяўлена 3 ліпеня 2008 году», – сказаў Андрэй Швед.

Паводле кіраўніка сьледчай групы, пытаньне пра вэрсіі тэракту больш не актуальнае, але пра матывы, што падахвоцілі затрыманых да тэракту, можна будзе весьці гаворку пазьней.

Андрэй Швед таксама папрасіў журналістаў давяраць інфармацыі толькі ад афіцыйных асобаў. Намесьнік генэральнага пракурора таксама папярэдзіў, што ўсіх, хто шырыць няправільную інфармацыю, выклічуць у пракуратуру:

“Усе заявы, якія зьмяшчаюць заведама лжывую, заведама недакладную інфармацыю, у тым ліку зьвязаную з ходам расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце тэракту, правяраюцца сьледчым шляхам – з усім наступствамі, што з гэтага вынікаюць. Усіх так званых панікёраў, распаўсюднікаў дэзынфармацыі, адкрытай маны будзем выклікаць, дапытваць (некаторых ужо дапытваем) і прымаць працэсуальныя рашэньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG