Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Агенцтва Reuters апублікавала пад такой назваю камэнтар да ходу расьсьледаваньня выбуху ў менскім мэтро і ўчорашніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі аб апазыцыі. Ніжэй – тэкст камэнтару.


Для слабой і фрагмэнтаванай беларускай апазыцыі, здаецца, надыходзіць больш цяжкі час пасьля таго, як прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка зьвязаў яе з тэрарыстычным актам у мэтро.

Выбух у Менску, у выніку якога загінулі 12 чалавек і больш за 150 былі параненыя, аслабіў пазыцыі Лукашэнкі. У спалучэньні з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі, стратай валютных рэзэрваў і санкцыямі з боку Захаду выбух зрабіў Лукашэнку вельмі ўразьлівым. Калі ён наведваў узарваную станцыю мэтро разам з сваім маленькім сынам, у яго быў попельны твар.

Але ўжо ў сераду ён заявіў, што службы бясьпекі адказалі на яго заклік і знайшлі вінаватых. Больш за тое, падазраваныя прызналіся ў дачыненьні да двух іншых нераскрытых справаў – выбуху на рок-канцэрце ў 2005 годзе і выбуху ў кавярні ў Віцебску ў 2005 годзе.

Але тым, што выклікала дрыжыкі ў ягоных апанэнтаў, быў загад Лукашэнкі, каб службы бясьпекі вывучылі заявы “палітычных дзеячоў” – гэтак прэзыдэнт часта называе апазыцыю. Намякаючы на сувязь паміж падазраванымі і апазыцыяй, ён сказаў: “Мы сёньня шукаем суўдзельнікаў і заказчыкаў, можа быць, гэтыя так званыя палітыкі ад пятай калёны нам раскрыюць карты і раскажуць, хто ж заказаў (тэракт)?”
Улады будуць выкарыстоўваць выбух, каб закручваць гайкі...


“Ёсьць усе прыкметы таго, што ўлады будуць выкарыстоўваць выбух, каб закручваць гайкі”, – заявіў Аляксандар Мілінкевіч, лідэр апазыцыі, які спаборнічаў з Лукашэнкам за пасаду прэзыдэнта ў 2006 годзе.

Мяркуючы, што Лукашэнка імкнецца адвесьці ўвагу ад паглыбленьня праблемаў, зь якімі сутыкаецца Беларусь, Мілінкевіч сказаў: “Адна з прычын таго, што ўлада вінаваціць апазыцыю, гэта эканамічныя праблемы. Другая прычына – гэта рост незадаволенасьці”.

Перасьлед апазыцыі

Шэрагі апазыцыі ўжо былі значна прарэджаныя ў выніку арыштаў і перасьледу.

Больш чым 15 тысяч чалавек сабраліся ў цэнтры Менску ў сьнежні мінулага году, пратэстуючы супраць пераабраньня Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта на чацьверты тэрмін. АМАП разагнаў маніфэстацыю, першапачаткова былі затрыманыя сем зь дзевяцёх кандыдатаў у прэзыдэнты – Лукашэнкавых канкурэнтаў.

Сотні дэманстрантаў і грамадзкіх актывістаў затрыманыя.

Прынамсі чатыры кандыдаты ў прэзыдэнты па-ранейшаму ў чаканьні суду па абвінавачаньні ў масавых непарадках, што тэарэтычна можа прывесьці да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Яшчэ адзін былы кандыдат у прэзыдэнты ўцёк за мяжу пасьля заявы пра тое, што яго катавалі ў КДБ. Некалькі вядомых дысыдэнтаў таксама пакінулі краіну.
Ня ведаю, хто будзе Жаннай д'Арк, мы павінны быць гатовыя...


“Мы павінны чакаць некалькіх “паказальных працэсаў”. Я ня ведаю, хто будзе Жаннай д'Арк, мы павінны быць гатовыя”, – заявіў у інтэрвію нашаму агенцтву Анатоль Лябедзька, лідэр апазыцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Вялізарны адток валютных рэзэрваў быў выкліканы перадвыбарчымі выдаткамі, выкананьнем абяцаньня Лукашэнкі ўзьняць сярэдні заробак і ўзровень жыцьця.

На фоне зьнікненьня даляраў і чаканьня дэвальвацыі насельніцтва пачало панічна скупляць спажывецкія тавары.

Пасьля разгону акцыі 19 сьнежня Эўразьвяз і ЗША ўвялі візавыя санкцыі супраць Лукашэнкі і яго паплечнікаў.

Раней ён сьмяяўся з такіх санкцыяў, але цяперашняя сытуацыя робіць больш праблематычнай магчымасьць зьвярнуцца да МВФ па фінансавую дапамогу ў крытычны момант.

Ізаляцыя таксама павялічвае яго залежнасьць ад Расеі, асноўнага дастаўцы газу і нафты для Беларусі.

Некаторыя аналітыкі выказваюць сумневы ў праўдзівасьці заяваў Лукашэнкі, што тыя, хто ўчыніў выбух у менскім мэтро, былі хутка затрыманыя ў выніку бліскучай міліцэйскай апэрацыі.
Гэта больш сьведчыць аб вельмі палітызаваным характары інцыдэнту...


“Сьцьвярджаюць, што вінаватыя ў нападзе ўжо арыштаваныя і прызналіся ў правядзеньні як цяперашняга тэракту, гэтак і двух папярэдніх. Гэта больш сьведчыць аб вельмі палітызаваным характары інцыдэнту, чым аб эфэктыўнасьці беларускай службы бясьпекі”, – кажуць экспэрты лёнданскага дасьледчага цэнтру Exclusive Analysis.

“Хто б ні быў насамрэч адказны за напад, моцна палітызаваныя заявы, якія прагучалі ў сераду, паказваюць, што інцыдэнт будзе выкарыстаны для дасягненьня палітычных мэтаў”, – адзначае Exclusive Analysis. Некаторыя аналітыкі таксама лічаць, што ў краіне, якая мае невялікую гісторыю палітычнага гвалту, Лукашэнка рызыкуе страціць давер людзей, заяўляючы пра сувязь паміж тэрарыстычнай атакай і яго палітычнымі апанэнтамі.
XS
SM
MD
LG