Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Бандарэнкі перадалі ў суд


Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

Пракуратура Менска накіравала ў Менскі гарадзкі суд крымінальную справу ў дачыненьні да Зьмітра Бандарэнкі, які быў даверанай асобай экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава.

"У Менгарсуд для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці накіравана крымінальная справа ў дачыненьні да З. Бандарэнкі, які абвінавачваецца па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу", — паведаміў агенцтву Інтэрфакс старшы памочнік пракурора Менску Сяргей Балашоў.

Як раней паведамлялася, 13 красавіка справа жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава Ірыны Халіп пракуратурай Менску таксама накіравана ў суд для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці.

Таксама па гэтай справе праходзяць Павал Севярынец, давераная асоба экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, і кіраўнік выбарчага штабу Мікалая Статкевіча Сяргей Марцалеў.

"Ім прад'яўленае абвінавачаньне па ч. 1 арт. 342 КК Беларусі", — удакладнілі ў пракуратуры Менску.

Мера стрыманьня пакінутая ранейшая: для П. Севярынца і С. Марцалева — утрыманьне пад вартай, для І. Халіп — хатні арышт.

На думку сьледзтва, дзеяньні І. Халіп, С. Марцалева і П. Севярынца "былі накіраваныя на прыцягненьне і заахвочваньне беларускіх грамадзян да ўдзелу ў заведама незаконных масавых мерапрыемствах, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, якія падлягаюць спыненьню з боку праваахоўных органаў".

Акрамя гэтага, Халіп, Бандарэнка, Марцалеў і Севярынец, на думку папярэдняга сьледзтва, вінаватыя ў штучным стварэньні падставы "для рэакцыі дзяржаў Эўрапейскага Зьвязу і ЗША, якія зрабілі захады па ўвядзеньні са свайго боку санкцый як спосабу эканамічнага і палітычнага ціску на афіцыйную ўладу ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG