Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея пачынаюць кансультацыі


З 14 красавіка Беларусь і Расея будуць весьці кансультацыі ў пытаньнях крэдытна-фінансавага супрацоўніцтва, паведамляе БелаПАН. Кансультацыі праводзяцца з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў фінансаў і нацыянальных банкаў дзьвюх краін.

Дамоўленасьць аб правядзеньні кансультацыяў была дасягнутая 11 красавіка падчас беларуска-расейскіх перамоваў у Маскве.

Як вядома, у канцы сакавіка ўлады Беларусі перадалі Мінфіну Расеі праект праграмы захадаў для стабілізацыі макраэканамічнай сытуацыі. Наяўнасьць такой праграмы – абавязковая ўмова для выдзяленьня Расеяй дзяржаўнага крэдыту на 1 мільярд даляраў і крэдыту на 2 мільярды даляраў з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.

Намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Сторчак 11 красавіка ў інтэрвію агенцтву “Ройтэр” заявіў, што расейскае Міністэрства фінансаў "не фарсіруе" выдачы дзяржаўнага крэдыту Беларусі. “У межах Міністэрства фінансаў Расеі такая работа праводзіцца, і пакуль мы працуем над той інфармацыяй, якую беларускі бок нам перадаў у частцы сваіх ацэнак макраэканамічных пэрспэктываў”, – сказаў Сторчак.

Расейскі бок не называе дакладных тэрмінаў, калі завершыцца працэс выдзяленьня крэдытаў.
XS
SM
MD
LG