Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Газэта выборча” – у абарону Андрэя Пачобута


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

“Патрабуем неадкладнага вызваленьня Андрэя Пачобута і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў супраць яго”, – гаворыцца ў закліку рэдакцыі польскай “Газэты выборчай”, беларускім карэспандэнтам якой зьяўляецца журналіст Андрэй Пачобут.

Цяпер ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы. Ягоныя калегі называюць фальшывымі абвінавачаньні “супраць журналіста, які дабрасумленна выконваў свае абавязкі”.

У сваім звароце рэдакцыя зазначае, што Пачобут нібыта абразіў прэзыдэнта Лукашэнку ў васьмі артыкулах у “Выборчай” і двух камэнтарах у інтэрнэце, за што яму пагражаюць два гады зьняволеньня. Яшчэ больш — чатыры гады зьняволеньня яму пагражаюць за, што ён “учыніў паклёп”. Аднак КДБ і пракуратура канкрэтна не паведамілі, чаму вырашылі, што журналіст парушыў закон. “Так выглядаюць сёньня дэмакратыя і свабода слова ў Беларусі”, – падсумоўваюць польскія журналісты.

“Чаму Андрэя Пачобута працягваюць трымаць за кратамі? Таму што “ўлады ў Менску баяцца ягонай адвагі, нязломнасьці і цьвярозай ацэнкі сытуацыі ў Беларусі, якую выказваў на старонках “Газэты”, – гаворыцца далей у рэдакцыйным закліку. – Рэпрэсіі закранаюць таксама жонку і дваіх малых дзяцей Пачобута. Іхняя “віна” ў тым, што яны зьяўляюцца сям’ёю журналіста, які нікуды не зьбіраўся ўцякаць і зьяўляўся на кожны выклік сьледчых. Так дзейнічалі улады СССР у сталінскі час”, – падагульняюць калегі Андрэя Пачобута.

Зварот "Газэты выборчай" разасланы ў міжнародныя журналісцкія арганізацыі, у арганізацыі, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, у замежныя мэдыі і палітыкам. Калі пад ім будуць сабраныя подпісы, яго перададуць у беларускую амбасаду ў Варшаве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG