Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будуць пахаваныя 8 з 12 ахвяр тэракту на станцыі “Кастрычніцкая” менскага мэтрапалітэну. Афіцыйная жалоба ў Менску скончылася, але канцэрты, забаўляльныя праграмы скасаваныя да канца тыдня, а людзі працягваюць несьці кветкі і сьвечкі да ўваходу ў станцыю мэтро “Кастрычніцкая”, якая аднавіла працу.

Сёньня будзе пахаваная большасьць ахвяр менскага тэракту – 8 чалавек. Жалобныя цырымоніі пройдуць на Паўночных могілках Менску, у Калодзішчах і Атоліна, што пад Менскам, а таксама ў Любаньскім, Пухавіцкім раёнах і Старых Дарогах. Учора былі пахаваныя чатыры чалавекі. Такім чынам сёньня завершацца пахаваньні ахвяр тэракту.

Што да стану тых, хто выжыў, але моцна пацярпеў, то паводле зьвестак на ўчарашні вечар, у шпіталях працягваюць знаходзіцца 167 чалавек, зь іх у цяжкім стане – 26. Учора зь менскіх шпіталёў выпісалі 12 чалавек, у тым ліку 2 параненыя грамадзянкі Расеі. Усяго ў выніку тэракту пацярпела 8 замежных грамадзян.

Учора Аляксандар Лукашэнка заявіў пра раскрыцьцё тэракту і арышт падазраваных.

Увечары стала вядома, што цяпер падазраваных тры: адзін непасрэдны выканаўца тэракту і дзьве асобы, ступень удзелу якіх трэба будзе высьветліць. Гэта маладыя людзі, рабочых спэцыяльнасьцях, прыналежнасьць іх да нейкіх арганізацыяў невядомая. Яны нібыта прызналіся ў датычнасьці да выбухаў у Віцебску ў 2005 і Менску у 2008 годзе. Старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў сказаў, што спэцслужбам не хапіла ўсяго 3 дні, каб арыштаваць іх паводле абвінавачваньня ў тэракце 4 ліпеня 2008 года, а таксама, што пасьля выбуху ў мэтро яны мелі намер зрабіць новыя злачынствы, якія дазволілі б ім пазьбегнуць арышту. Што да матываў дзеяньняў гэтых людзей, то старшыня КДБ на вечаровым брыфінгу нічога сказаць ня змог, толькі паўтарыў тэзіс пра нейкія неўтаймаваныя амбіцыі аднаго з падазраваных. Паводле ягоных слоў, падазраваныя не зьяўляюцца нейкімі супэрпрафэсіяналамі, але 11 красавіка выкарысталі нейкі надта рэдкі від выбухоўкі, які ёсьць толькі ў двух краінах сьвету, атрымаўшы яго праз інтэрнэт. А генэральны пракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што хутка крымінальную справу арыштаваных за тэракт перададуць у суд.

Аляксандар Лукашэнка учора загадаў праваахоўным органам “прыцягнуць і дапытаць” апазыцыйных палітыкаў, якія выказваліся пра тэракт.

Пакуль нічога пра допыты апазыцыянэраў за іх выказваньні аб тэракце невядома. Затое актывізавалася антыапазыцыйная кампанія ў дзяржаўных СМІ, у якіх апанэнтаў улады асуджаюць за іхныя выказваньні аб тэракце. Праўда, адначасова выступіў старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў і сказаў, што ніякай зачысткі палітычнага поля ня будзе, што Лукашэнку не так зразумелі.

Разам з тым з вуснаў генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча прагучала канкрэтная пагроза і на адрас незалежных СМІ – аўтарам тэндэнцыйных публікацыяў на тэму тэракту ён пагражаў адміністратыўнай і нават крымінальнай адказнасьцю. Як і тым, хто сее ў грамадзтве паніку, паведамляючы пра фальшывыя тэракты. Як паведаміў сакратар Савета бясьпекі Леанід Мальцаў, трох такіх распаўсюднікаў чутак пазаўчора затрымалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG