Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Веткаўскім раёне ў выселенай пасьля Чарнобылю вёсцы Бесядзь, на пакручастым беразе аднайменнай ракі сіратліва стаіць хаціна Ніны Коўзелевай. Астатнія дамы з-за высокай радыяцыі закапаныя ў зямлю.

Гаспадыня зь сям’ёй займаецца жывёлагадоўляй — гадуе два дзясяткі кароў і цялят.

Абстаўленае шматлікімі стажкамі леташняга сена, борцямі на дубах, жытло выглядае нейкім дагістарычным селішчам.

Стажкі леташняга сена

Жывёлу паўз раку пасе Ігар, малодшы сын спадарыні Ніны. Ад гутаркі ён адмаўляецца.

Сама гаспадыня толькі што адарвалася ад перабіраньня бульбы і распавяла пра сваё самотнае жыцьцё ў выселенай вёсцы:

Ніна Коўзелева

"Мы да радыяцыі атрымалі з мужам у Ветцы кватэру, а гэтая хата — сьвякрухі. Яна на нашага сына запісаная. А сын перад чарнобыльскім высяленьнем трапіў у войска на Кольскую паўвыспу. Потым ажаніўся ў Ленінградзе, а жыць не было дзе. Ён скасаваў дамову пра службу і вярнуўся з жонкай на радзіму. Трэба было, вядома, пасьля Чарнобылю здаць хату, але дакумэнты на яго былі. А ён — на Кольскай паўвысьпе. Так і не давялося здаць, і так яна й засталася няздадзенай".

Калі сын прыехаў, Ніна Коўзелева зьвярталася ў райвыканкам да тагачаснага старшыні Баранава, але той адказаў, што перасяленьне ўжо скончана, кампэнсацыі за хаты выплачаныя. Так і засталася сям’я Коўзелевых жыць на два дамы: старэйшыя два сыны — у Ветцы, Ніна з мужам і малодшым Ігарам — у Бесядзі.

Рака Бесядзь побач

Вяскоўцы, вядома, не сядзяць склаўшы рукі. Сеюць гарод, гадуюць жывёлу:

"Раней надаралася здаць жывёлу камэрсантам. Напавер аддавала. А тыя камэрсанты па году, а той і па два не прывозілі грошы. А ў мінулым годзе вырашыла збыць трох бычкоў і дзьве ці тры каровы. Ну, лішняе пазбываць. Вялікая гаспадарка — каля 20 галоў, дык мне вельмі цяжка. Хадзіла ў райвыканкам, а тыя не рыкаюць і ня целяцца. Кажуць, у нас няма хлявоў, няма куды паставіць".

Камэрсантаў таксама пачалі прыціскаць, каб ня езьдзілі ў "зону":

"Ну, думаю, раз так, сабрала дакумэнты — павязу на мясакамбінат у Гомель. Можа, там пройдуць, можа, там здам. На мясакамбінаце мне сказалі, што завышана радыяцыя — вярнулі назад. Параілі пакарміць чыстымі кармамі, даць буракоў і кукурузы. Але ж чыстых кармоў у мяне няма. Дый за зямлю мяне летась штрафавалі на 350 тысяч, за траву, якая тут парасла, — на 200. І за выпас жывёлы штрафавалі. Радыяцыя, маўляў, зона".

Спадарыня Ніна кажа, што папярэдні старшыня райвыканкаму Віктар Буракоў дапамагаў збываць цялят на адкорм сельгаспрадпрыемству імя Ўрыцкага, што пад Гомелем.

Цяпер у Ветцы новы раённы кіраўнік, і гаспадыня гаруе са сваёй худобай.

Жывёла на пашы

Спадарыня Ніна адважылася летась напісаць старшыні аблвыканкаму пра сваю жывёлу, але адтуль яе ліст перакінулі ў райвыканкам — і кола замкнулася:

"Ня ведаю, што з жывёлай рабіць, куды яе збыць — хоць у Расею вязі. Тыя нашыя вяскоўцы, што бліжэй да Расеі, дык возяць у Расею. Пуцін бярэ і цялят, і кароў".

Апошнім часам жыць Коўзелевым робіцца ўсё складаней. Мясцовыя чыноўнікі настойваюць на перасяленьні:

"Яны ж вымушаюць! Кавалёў прыяжджае: "Хату — зарыць, давай высяляйся". Выняў ён мне за 25 гадоў усё шлуньне. Яму добра, ён пэнсію атрымлівае й яшчэ працуе. А мне ж таксама трэба неяк жыць — пэнсія ў мяне малая. Словам, калі была гуманітарка, не было калі глядзець на парадкі — усе сюды прыяжджалі, вогнішчы палілі, адпачывалі. А як ня сталі немцы ды італьянцы гуманітарку вазіць, дык яны не пускаюць сюды нікога".

Лес на экспарт

Жанчына кажа, што, нягледзячы на радыяцыю, вакол высякаюць лес і вывозяць:

"Радыяцыя не радыяцыя, а лес рэжуць, кудысьці Лукашэнка прадае".

Жыцьцё ў адселенай Бесядзі салодкім ніяк не назавеш. Апрача гаспадарчых праблемаў, Коўзелевы сутыкаюцца і зь іншымі цяжкасьцямі — ратуюць гарод ад дзікоў, змагаюцца з восамі ды шэршнямі, якія апанавалі борці. Узімку дарогу спрэс заносіць сьнегам:

Восы пасяліліся ў борцях

"Сумнавата безь людзей. Прыёмнік у мяне ёсьць ад акумулятара. Іншы раз уключаю, слухаю, што там у сьвеце адбываецца. "Свабоду" слухаю, іншыя замежныя радыёстанцыі. Тыя больш праўду гавораць. Цяжкавата жыць. Летам яшчэ, вядома, лягчэй — дарога адкрытая, можна на веліку да Веткі даехаць. А зімой — загудзе, замяце. І ваўкі, і дзікі ходзяць вакол хаты. Ноччу ўжо з хаты не выходзім, а днём іх няма".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG