Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 красавіка да станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ў Менску ішлі сотні людзей, каб ушанаваць памяць ахвяраў тэракту.

За два крокі ад станцыі мэтро «Кастрычніцкая» — аднайменная плошча з Палацам рэспублікі, дзе над уваходам — вялікі экран з выяваю дзяржаўнага сьцяга і чорнай стужкай з надпісам «Дзень жалобы». Чорныя стужкі таксама на сьцягах, вывешаных на дзяржаўных будынках. Побач з Палацам рэспублікі — машына хуткай дапамогі, пажарная машына, аўтазак і аўтобус зь цёмным шклом.



Ад ранку сюды ідуць людзі з кветкамі і сьвечкамі: яны выходзяць з аўтобусаў, маршрутных таксовак і прыватных аўтамабіляў.

Карэспандэнтка: «Вы прыйшлі з кветкамі і сьвечкамі. Чаму? Тут загінуў ці пацярпеў нехта з вашых блізкіх?»

Спадарыня: «Не, не пацярпеў. На заклік сэрца мы вырашылі аддаць даніну памяці загінулым і пацярпелым».

Спадарыня: «Вельмі шкада людзей, якія нікому і нічога дрэннага не рабілі. Яны жылі і працавалі і павінны былі мець будучыню».

Спадарыня: «Я тут працую ў краме „Цэнтральнай“, і калі выносілі трупы, людзі выходзілі чорныя — мы з крамы выносілі ваду — гэта не апісаць і не расказаць».






Уваходы на станцыю мэтро «Кастрычніцкая» паабапал праспэкту Незалежнасьці ахоўваюць супрацоўнікі АМАПу. Мэтро не працуе, і людзі нават не спрабуюць туды зайсьці. Яны ўскладаюць кветкі, запальваюць зьнічы, моўчкі стаяць. Тут таксама багата журналістаў, якія фіксуюць усё, што тут адбываецца. Доўга знаходзіўся каля жалобнага месца чалавек у інвалідным вазку, які пра сваю прысутнасьць сказаў так:

«Я сам перажыў трагедыю, гэта вялікае гора. Нявінныя людзі загінулі. Гэта патрэба кожнага чалавека — быць у такім месцы жалобы. Мы яшчэ больш аб’ядналіся, і гэта відаць — як людзі ідуць і перажываюць».

Пры адным з уваходаў — стэнды з імёнамі і фотаздымкамі загінулых. Якраз сюды ідзе найбольш людзей, у тым ліку — афіцыйныя дэлегацыі амбасадаў Грузіі, Польшчы, Расейскай Фэдэрацыі на чале з Аляксандрам Сурыкавым, які, у прыватнасьці, сказаў:

«Мы, расейцы, смуткуем разам з усім беларускім народам. І зробім усё, каб дапамагчы Беларусі ў расьсьледаваньні і недапушчэньні падобных трагедыяў у будучыні. Дадаткова мы абмяркоўваем захады, якія былі вызначаныя яшчэ 15 сакавіка на паседжаньні „саюзнага Саўміну“, зьвязаныя з эканамічнай дапамогай Беларусі».

Аляксандар Сурыкаў



Мітрапаліт Філарэт разам з праваслаўнымі сьвятарамі правёў малітву пры ўваходзе, а затым спусьціўся на станцыю, да месца трагедыі. Выйшаўшы адтуль, ён сказаў журналістам:

«Разам з усёй царквой молім, просім у Госпада: упакой душы рабоў тваіх, якія памерлі пакутніцкай сьмерцю. І ствары ім вечную памяць у нашых сэрцах і гісторыі нашай. Іх імёны павінны быць запісаныя ў сэрцах нашых».




Багата аўтамабіляў, якія ў гэтыя хвіліны праяжджалі міма станцыі, падавалі сыгналы, у некаторых на антэнах таксама былі павязаныя чорныя стужкі. Людзі ідуць увесь час: паасобку, дэлегацыямі, сем’ямі. Пасьля хвіліны маўчаньня многія адыходзяць са сьлязамі на вачах.

Карэспандэнтка: «Што вы думаеце пра гэта?».

Спадар: «А што тут думаць — галовы паадрываць тым, хто гэта зрабіў. Адзінае што — органам нашым трэба больш разуменьня мець. Бо я бачыў, як правяралі дакумэнты, груба і ўсім выглядам паказваючы, што адбываецца штосьці такое. Канечне, усіх падазраваць нельга».

Спадарыня: «Адбылося такое зло, што словамі проста не апісаць. Ні есьці, ні спаць нельга — ператрус у душы».

Спадар: «Гэтая жалоба перапаўняе сэрца, бо хтосьці адкрыта плюнуў на наш народ. Але давайце ўзгадаем, што мы беларусы. І калі мы будзем увесь час з Богам, то гэтая жалоба суцішыцца».





Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG