Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйнай жалобы няма. Народная — ёсьць


Кветкі і сьвечкі ў Віцебску.

Кветкі і сьвечкі ў Віцебску.

Сярод загінулых і пацярпелых ад менскага тэракту 11 красавіка — шматлікія жыхары рэгіёнаў Беларусі. Але сёньня ў ніводным зь іх не абвешчана афіцыйная жалоба. Акцыі смутку адбываюцца з ініцыятывы людзей. Тым часам міліцыя й спэцслужбы актыўна пачалі выклікаць на допыты актывістаў апазыцыі.

ВІЦЕБШЧЫНА


На вялізных экранах на плошчы Перамогі — запісы канцэртаў «Славянскага базару»

У Віцебску прыкметаў афіцыйнай жалобы па загінулых ад менскага тэракту 11 красавіка практычна не заўважна. Дзяржаўныя сьцягі з чорнымі стужкамі вывешаныя толькі на асобных установах.

Абласная бібліятэка імя Леніна.

На плошчы Перамогі ў Віцебску на вялізных сьвятлодыёдных экранах трансьлююцца запісы канцэртаў «Славянскага базару» ды рэкляма забаўляльных мерапрыемстваў. У тым ліку і на 16 красавіка — нягледзячы на паведамленьне на сайце гарвыканкаму пра адмену ўсіх падобных імпрэзаў да канца гэтага тыдня.

Экран на плошчы Перамогі.

Дарэчы, на сайце гарвыканкаму згадана, што сярод пацярпелых ад выбуху ёсьць адна прадстаўніца Віцебшчыны — 19-гадовая Юлія Шокель зь Мёраў. Насамрэч пацярпелых землякоў прынамсі чацьвёра: Юлія Шокель і Андрэй Люцкі зь Мёршчыны, Іван Якімовіч з Шаркоўшчыны ды глыбачанка Юлія Самуйла. Зьвесткі пра пацярпелых маладых людзей сабраў і апублікаваў на незалежным сайце незалежны журналіст Кастусь Шыталь.

Паводле афіцыйных крыніцаў, Мёрскі райвыканкам прапанаваў дапамогу сем’ям пацярпелых землякоў, але тыя пакуль адмовіліся. Прадстаўнікі мясцовых уладаў у іншых рэгіёнах пра падобныя прапановы ня кажуць.

Акцыя падтрымкі пацярпелых прайшла ў Глыбокім

Пацярпелых падтрымлівае грамадзкасьць: у Глыбокім 13 красавіка прайшла акцыя на карысьць пацярпелых падчас тэракту. Распавядае адна з удзельніц:

«Акцыя была абвешчана ў інтэрнэце. Усе ахвотныя маглі сёньня прыйсьці і ўзяць удзел — дапамагчы распаўсюджваць улёткі, дзе надрукаваны разьліковы рахунак, на які можна пералічваць грошы ахвярам менскага тэракту. Акцыя працягвалася каля гадзіны, мы раздалі больш за 300 улётак».

На жалобныя акцыі мяркуюць сабрацца аршанцы, палачане і жыхары абласнога цэнтру. У Віцебску кветкі і сьвечкі пакідаюць каля падземнага пераходу на плошчы Перамогі, і першымі зрабілі гэта віцебскія студэнты — яшчэ ўчора ўвечары, распавяла студэнтка мэдычнага ўнівэрсытэту Сьвятлана:

«У нас на лекцыі па радах пусьцілі паперку, каб акцыю салідарнасьці правесьці. І ўжо ўчора ўвечары прыходзілі людзі, і ў самім падземным пераходзе чаплялі цыдулкі, там было напісана „Мы супраць тэрору“, „Смуткуем і молімся“, пакідалі сьвечкі ды кветкі».

Вулічныя прыбіральшчыкі імправізаванага мэмарыялу не чапаюць.



БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Людзі смуткуюць, міліцыя дапытвае апазыцыянэраў

На Берасьцейшчыне праходзяць акцыі жалобы і смутку ў сувязі з трагедыяй у мэтро, а ў Берасьці супрацоўнікі КДБ і міліцыі пачалі выклікаць на допыт прадстаўнікоў апазыцыі.

Старшыню берасьцейскай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Людмілу Дзенісенку выклікалі на допыт у мясцовы аддзел КДБ. Сьледчыя цікавіліся месцазнаходжаньнем актывісткі 11 красавіка. Карыстаючыся нагодай, сьледчыя параілі ня браць удзелу ў акцыі «Бэнзін-2», кажа спадарыня Людміла:

«Першае пытаньне, якое мне задалі, — дзе я была 11 красавіка? Я вельмі падрабязна расьпісала свой працоўны дзень і дала кантактныя нумары тых людзей, зь якімі мела сустрэчу. Акрамя гэтага, у мяне чамусьці пыталіся, што я думаю наконт выбуху, пра тое, ці ведаю тых, хто распаўсюджвае інфармацыю пра іншыя выбухі. Я ж адказала, што наша партыя ставіцца вельмі нэгатыўна да тэрактаў».

Два чалавекі ў цывільным шукаюць майго брата.
Супрацоўнікі міліцыі наведваліся на кватэру сябра руху «За свабоду» Канстанціна Турчыняка. Яго не было дома, міліцыянты размаўлялі з бацькам актывіста. Яны паведамілі, што падставай для візыту стаў выбух у менскім мэтро, кажа брат актывіста Дзяніс Турчыняк:

«Два чалавекі ў цывільным шукалі майго брата. Яго не было дома, а бацька, які адчыніў ім дзьверы, пацікавіўся, чаму яны шукаюць Канстанціна. Міліцыянты адказалі, што хочуць даведацца, дзе актывіст быў 11 красавіка. Але ён якраз быў у гэты дзень у Берасьці. Не разумею, ці то гэта пачалося паляваньне на вядзьмарак, ці перасьлед з-за таго, што ён мае свае перакананьні, або гэта таму, што 19 сьнежня мінулага году ён быў на плошчы ў Берасьці?».

Разам з тым Дзяніс Турчыняк не выключае, што падставай для пошукаў брата можа стаць тое, што міліцыянты не змаглі раней прыцягнуць Канстанціна да дактыляскапіі.

Імправізаваны мітынг у Берасьці, жалоба — у Баранавічах

У Баранавічах абвешчаная жалоба, якая працягнецца да канца тыдня. Сярод тых, хто загінуў у часе выбуху - ураджэнка Баранавічаў Вольга Салаўёва.

У рэгіёне сёньня будуць працягвацца акцыі жалобы. Напярэдадні прайшоў імправізаваны мітынг у Берасьці. Сёньня акцыя пройдзе ў Баранавічах, кажа прадстаўнік дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасьці, што ў гэтым горадзе:

«Акцыя арганізаваная нашымі навучэнцамі. Але яна атрымала даволі шырокі розгалас. Да яе далучацца студэнты ўсіх навучальных установаў Баранавічаў. Акрамя гэтага, возьмуць удзел у пікеце каля Вечнага агню і прадстаўнікі адміністрацыі гораду. Акцыя распачнецца а 17 гадзіне».

Леў Марголін
Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін каардынуе рэгіянальную палітыку АГП. Ён перакананы:

«Менавіта ў рэгіёнах людзям навязваецца думка, што апазыцыянэр і злачынец — паняцьці амаль аднатыпныя. Таму сябраў апазыцыі будуць выклікаць на допыты, дамагацца адказаў на пытаньні: дзе знаходзіліся ў той час, чым можаце апраўдацца.

Мяркую, што гэта ёсьць у плянах пэўных спэцслужбаў. Іх цяпер вельмі шмат, і некаторыя маюць пэўную ступень вольнасьці ў сваіх дзеяньнях. Вось яны і актывізуюцца».
XS
SM
MD
LG