Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс заклікаў міністраў ЭЗ спрашчаць візавы рэжым зь Беларусьсю


Аўдронюс Ажубаліс

Аўдронюс Ажубаліс

Міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс заклікаў сваіх калег з краін Эўразьвязу як мага хутчэй пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю.

Выступаючы 12 красавіка ў Люксэмбургу на пасяджэньні Рады Эўразьвязу па замежных справах Ажубаліс адзначыў, што адкрыцьцё Эўразьвязу і спрашчэньне візавага рэжыму стала б найвелізарнейшай падтрымкай беларускай грамадзянскай супольнасьці.

У сувязі з пагаршэньнем становішча ў сфэры правоў чалавека ў Беларусі на пасяджэньні Рады абмяркоўвалася магчымасьць ужыць у дачыненьні да краіны дадатковыя адрасныя захады.

На думку кіраўніка літоўскага МЗС, Эўразьвяз да гэтага часу ня выкарыстаў важнай магчымасьці пазытыўнага ўплыву ў дачыненьні да Беларусі - перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму - і заклікаў міністраў пачаць перамоўны працэс.

Ён адзначыў, што Літва выказваецца за добра абдуманыя захады ўзьдзеяньня ў дачыненьні да рэпрэсіўнага беларускага рэжыму.

"Магчымыя захады не павінны пагоршыць становішча простых грамадзянаў Беларусі", - сказаў А. Ажубаліс.
XS
SM
MD
LG