Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што тэракт раскрыты: «Шукаем саўдзельнікаў і замоўцаў»


Аляксандар Лукашэнка правёў экстраную нараду па выбуху ў мэтро.

«Сёньня а 5-й раніцы злачынства было раскрыта. Чэкістам і міліцыі спатрэбіліся суткі, каб учора ў 9 вечара правесці бліскучую апэрацыю і бяз шуму і траскатні затрымаць выканаўцаў. Сёньня а 5-й раніцы яны далі свае паказанні», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што затрыманыя выканаўцы тэракту у менскім мэтро прызналіся ў зьдзяйсьненьні выбухаў на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня 2008 года і раней у Віцебску: «Затрыманыя прызналіся ня толькі ў зьдзяйсьненьні тэракту ў мэтро. На іх сумленьні тэракты, учыненыя ў Дзень незалежнасьці і раней у Віцебску».

«Вінаватыя павінны панесьці самае суровае пакараньне».

Аляксандр Лукашэнка даручыў дапытаць асобных апазыцыйных палітыкаў у сувязі зь іх заявамі, якія тычацца зьдзяйсьненьня тэракту ў менскім мэтро: «Неабходна расьсьледаваць ўсе заявы дзеячаў ад палітыкі, якія абвінавачвалі каго не лянота». «Мы сёньня шукаем саўдзельнікаў і замоўцаў, можа быць, гэтыя так званыя палітыкі ад пятай калёны нам раскрыюць карты і раскажуць, хто ж замовіў? Можа, хтосьці і з уладаў? Усіх дапытаць! У рамках крымінальнай справы ўсіх прыцягнуць і дапытаць, ня гледзячы ні на якую дэмакратыю і вой і стогны замежных пакутнікаў!»

Лукашэнка запатрабаваў: «Усіх прыцягнуць і дапытаць, нягледзячы ні на якую дэмакратыя, стогны выцьцё замежных рупліўцаў. Матэрыялы ёсьць ».

«Дайшло да блюзьнерства: у нас трагедыя, а нашы так званыя „эўрапейскія партнэры“ у Страсбургу распавядаюць аб нейкіх правах чалавека. А нашы дамарослыя — пятая калёна — заклікаюць санкцыі ўвесьці. Скокі на касьцях. Хоць бы пачакалі, пакуль жалоба скончыцца».

Паводле Лукашэнкі, «гэта не датычыцца ўсёй апазыцыі ».

«Апазыцыя можа і павінна існаваць у дзяржаве, але пятай калёны ў краіне не будзе».

«Уся гэтая балбатня, дэмакратызацыя, якая нам навязваецца, нічога ня мае агульнага з той сапраўднай дэмакратыяй, якая павінна быць і ёсьць у краіне. Самы жорсткі парадак і арганізаванасьць — гэта аснова нашага выжываньня, і наш народ да гэтага гатовы. Людзі ў Беларусі гатовыя сябе паводзіць так, як трэба».

Кіраўнікам сілавых структураў: «Тыя, у каго вы знойдзеце незарэгістраваную зброю, выбухоўку, чорных ці белых капальнікаў, — усіх за краты!»

«Толькі так мы можам пазьбегнуць у будучым новых тэрактаў».

Міністру абароны Лукашэнка загадаў цягам двух тыдняў скончыць рэвізію складоў зброі і боепрыпасаў: «Як мне дакладваюць чэкісты, апэратыўнікі, пацікавіліся некаторымі інтэрнатамі вайскоўцаў: чаго толькі там няма. Ну ясна пацукі, але там і патроны, і выбухоўка і боепрыпасы. Я патрабую навядзеньня парадку».

Міністру аховы здароўя Лукашэнка сказаў: «Вы павінны выратаваць усіх параненых».

Менгарвыканкаму Лукашэнка загадаў у самы кароткі тэрмін аднавіць працу транспарту і найперш мэтро. «Трэба, каб сёньня мэтро запрацавала».

«Выпрацаваць сыстэму захадаў бясьпекі па ўсёй краіне, якая дазволіць дапусьціць такога ў будучым».





Лукашэнка запатрабаваў спыняць любыя чуткі і панічныя настроі


«Любая паніка, у тым ліку з нагоды харчаваньня, валюты, павінна спыняцца. За распаўсюд паклёпніцкіх выдумак вінаватыя панясуць крымінальную адказнасьць».

Лукашэнка адзначыў спробы стварэння ў грамадзтве панічных настрояў, распаўсюду чутак пра нібыта новыя тэракты.

«Дагаварыліся да таго, што нібыта за гэтым злачынствам стаяць не толькі ўлады, але і вайскоўцы, міліцыя і нават царква. Я распарадзіўся знайсьці гэтых нягоднікаў, затрымаць іх і дапытаць, як сапраўдных злачынцаў».

Лукашэнка паведаміў, што такія асобы ўжо затрыманыя.

«Ніякага прабачэньня ім ня будзе, яны ствараюць асяродзьдзе і бударажаць нашых людзей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG