Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя Савецкага раёну Гомеля Галіна Сыцько аштрафавала старшыню Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова на 875 тысяч рублёў. Актывіст адмовіўся здаць у райаддзеле міліцыі адбіткі пальцаў, і ў дачыненьні да яго быў складзены адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню альбо патрабаваньню службовай асобы.

Судзьдзя адхіліла хадайніцтва спадара Палякова, каб ягоныя інтарэсы падчас судовага паседжаньня прадстаўляў сябра АГП, юрыст Леанід Судаленка.

Сам Васіль Палякоў патлумачыў у судзе, што здача адбіткаў пальцаў прыніжае ягоную чалавечую годнасьць, а фарба, якой карыстаюцца ў міліцыі дзеля правядзеньня дактыляскапіі, можа пашкодзіць здароўю.

Апрача таго, адбіткі пальцаў невядома як захоўваюцца ў міліцыі. Вядомыя выпадкі, напрыклад, у Мазыры, калі актывісты здавалі адбіткі, але зараз іх ня могуць знайсьці і ад людзей зноў патрабуюць прайсьці дактыляскапічную працэдуру.

Юрыст Леанід Судаленка зьвяртае ўвагу на тое, што закон пра дактыляскапічную рэгістрацыю не прадугледжвае адказнасьці за адмову здаць адбіткі пальцаў. Судзьдзя Сыцько стварыла судовы прэцэдэнт, пакараўшы за гэта актывіста штрафам у памеры 25 базавых велічыняў.

Штраф Васіль Палякоў зьбіраецца аспрэчыць у абласным судзе, а калі спатрэбіцца, то і ў Вярхоўным судзе, і ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG