Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Затрыманыя першыя падазраваныя па тэракту


У ноч з 12 на 13 красавіка затрыманыя першыя падазраваныя па тэракту ў менскім мэтро.

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі затрымалі двух падазраваных па крымінальнай справе па выбуху ў менскім мэтро.

Пра гэта паведаміў журналістам 13 красавіка намесьнік генэральнага пракурора Андрэй Швед.

"Гэта дзьве асобы, зь імі праводзяцца сьледчыя дзеяньні, праведзены першыя допыты з удзелам адвакатаў і атрыманы першыя паказаньні", - адзначыў намесьнік генпракурора, перадае "Інтэрфакс".

Цяпер правяраецца датычнасьць затрыманых да выбухаў, якія былі ўчыненыя некалькі гадоў таму ў Віцебску і ў Дзень рэспублікі 3 ліпеня 2008 года.

"Дадзеныя аб магчымай іх датычнасьці да гэтых выбухаў атрыманы ад саміх падазраваных. Наколькі яны маюць дачыненьне да ранейшых выбухаў - мы працуем і высьвятляем ", - адзначыў Швед.

Ён таксама паведаміў, што згодна з відэазапісам у менскім мэтро, "зь вялікай доляй верагоднасьці можна меркаваць, што адзін з затрыманых зьяўляецца выканаўцам".

Паводле Шведа, абодва затрыманых зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, выхадцамі аднаго з абласных цэнтраў і яны ўжо даўно знаёмыя.

Адказваючы на пытаньне, якая з вэрсій агучаных учора кіраўніком КДБ Беларусі Вадзімам Зайцавым цяпер распрацоўваецца, намесьнік генпракурора паведаміў, што цяпер адпрацоўваецца новая вэрсія. Паводле Шведа, "адзін з фотаробатаў супадае. Мы ўжо ўчора былі гатовыя апублікаваць фотаробаты і відэамалюнкі выканаўцаў, але ўстрымаліся. Гэта быў тактычны выкрут".

"Сам відэаролік, які падрыхтаваны супрацоўнікамі антытэрору КДБ, у ім выразна недвухсэнсоўна прасочваецца пасьлядоўнасьць трагічных падзей", адзначыў Швед.

"На відэазапісе выразна відаць, як падазраваны прыбывае на станцыю Купалаўскую, спускаецца на Кастрычніцкую і знаходзіцца на пэроне, пакідае сумку на лаўцы і сыходзіць адтуль, маніпулюючы у кішэні курткі, пасьля чаго адбыўся выбух".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG