Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
13 красавіка ў Менску абвешчаная жалоба па 12 ахвярах крывавага тэракту ў мэтрапалітэне. 13 красавіка пройдуць першыя пахаваньні загіблых у выніку выбуху. Сьледзтва па справе аб менскім тэракце інтэнсыўна працягваецца.

Учора ўвечары прыйшло паведамленьне, што апазнаныя асобы ўсіх 12 ахвяр выбуху ў менскім мэтро. Гэта 5 жанчын і 7 мужчын, самаму малодшаму зь іх Сяргею Герасімчыку 17 гадоў, самаму сталаму Аляксандру Парфунцаву – 47. Большасьць зь іх менчукі, але ў мэтро загінулі таксама жыхары Баранавіч, Любаньскага і Пухавіцкага раёнаў. Двое зь іх сёньня будуць пахаваныя на могілках у Калодзішчах, што ля Менску, магілы іх выкапаюць побач, бо гэтыя людзі былі ў грамадзянскім шлюбе. Пахаваньне адбудзецца за кошт менскага бюджтэту, сем’і ахвяр атрымаюць таксама грашовую кампэнсацыю ў памеры, эквівалентным 10 тысячам даляраў.

Што да параненых у часе тэракту, то па стане на 19 гадзін 12 красавіка за мэдычнай дапамогай зьвярнулася 193 чалавекі, зь із было шпіталізавана 165 чалавек. Як кажуць лекары, 11 зь іх у крытычным стане, за іх жыцьцё змагаюцца. Тым часам учора зь менскіх клінік былі выпісаныя 9 чалавек, пацярпелых ад тэракту.

Учора ўвечары ў Менск прыбылі спэцыялісты сьледчага камітэту Расеі з мэтай дапамогі беларускім сьледчым, сёньня раніцай чакацца прыезд ізраільскіх спэцыялістаў. Намесьнік генэральнага пракурора Андрэй Швед ўчора ўвечары ў эфіры тэлеканалу АНТ паведаміў, што на гэты момант афіцыйна затрыманых і падазраваных па гэтай справе няма. Учора сапраўды некалькі чалавек былі зьмешчаныя пад варту ў сувязі з гэтай справай, але ніякага працэсуальнага статусу яны ня маюць, сьледчыя абяцаюць паведаміць аб падазраваных цягам бліжэйшых сутак.

Што да распаўсюджанага ўчора фотаробата магчымага выканаўцы тэракта, то першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі заявіў, што гэта нельга адназначна лічыць партрэтам гіпатэтычнага тэрарыста, проста ў міліцыю зьвярнуліся грамадзяне і склалі фотаробат нейкай падазронай асобы. Ці менавіта гэтая асоба ўчыніла злачынства – міліцыі адназначна не вядома.

Паводле спадара Пякарскага, міліцыя шукае найперш магчымых адказных за тэракт сярод людзей, што мелі дачыненьне да выбуховых рэчываў, чорных капальнікаў.

Пасьля ўчарашняй панічнай хвалі ў Менску, калі кожны праезд хуткай ці пажарнай машыны з уключанай сірэнай выклікаў чуткі аб новым тэракце, МУС папрасіла выратавальныя службы меней ужываць гэтыя сірэны, а людзей быць больш цярплівымі, калі іх будуць правяраць у сувязі з павышанымі захадамі бясьпекі.

І яшчэ адна важная навіна – першая лінія Менскага мэтро не будзе працаваць і сёньня, бо пакуль не завершаныя рамонтныя працы на станцыі мэтро “Кастрычніцкая” – таму траспартныя праблемы па-ранейшаму чакаюць менчукоў, якія зараз зьбіраюцца на працу.

І апошняе – пачаліся допыты апазыцыйных актывістаў у КДБ з чаканым пытаньнем “Дзе вы былі 11 красавіка?” Чарговай дапыталі актывістку партыі “Справядлівы сьвет” Людмілу Дзенісенку ў Берасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG