Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажыятажны попыт на шэраг прадуктаў харчаваньня ды некаторыя іншыя тавары працягваецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Людзі асьцерагаюцца росту цэнаў і назапашваюць цукар, крупы, муку.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Калі няма даляраў, то разьлічвайся „зайчыкамі“, але па курсе не ніжэйшым, як 4500 за адзін даляр».

Жыхары Віцебску сьпяшаюцца купіць бытавую і кампутарную тэхніку, пакуль яна не падаражэла.

Спадарыня Вольга набыла ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» новую друкарку для кампутара:

«Прыйшлі ў „Беларусь“, глядзім, кошт прымальны — 420 тысяч. Мы яе і набылі. Лязэрная друкарка дакладна таньней каштаваць ужо ня будзе. Увогуле людзі ўсе кажуць, што грошы трэба ўкладаць у нейкую нерухомасьць, бо ідзе дэвальвацыя. І цэны на ўсё пачынаюць расьці. Нам вось і кампутар трэба, цяперашні паламаўся, яму ўжо шосты год… Але яго мы ня можам набыць, не хапае грошай!».

Спадарыня Вікторыя спрабуе ўзяць крэдыт на набыцьцё хатняй тэхнікі — таксама чакае, што яна з дня на дзень можа істотна падаражэць:

Тое, што адкладалася на паўгода ці год, купляецца зараз, каб пасьпець набыць яшчэ за таньнейшы кошт.
«Справа ў тым, што ў нашых людзей няма столькі наяўных грошай, каб прыйсьці і выкласьці іх адразу за нейкую патрэбную рэч. Але людзі сьпяшаюцца аформіць крэдыты на набыцьцё тэхнікі рознай, пакуль яна па старых коштах. Бо хай цана потым узьляціць удвая, у цябе ўсе аформлена, 10% сплочана, і далей ты будзеш плаціць столькі, колькі на пачатку… Мне нават знаёмыя патэлефанавалі, маўляў, калі ёсьць магчымасьць і патрэба, то хуценька бяжы! Вось тут людзі сапраўды сьпяшаюцца. Тое, што адкладалася на паўгода ці на год, тое купляецца зараз — каб пасьпець набыць яшчэ за меншы кошт».

Але пасьпелі далёка ня ўсе. Шмат хто з прадпрымальнікаў ужо ўзьняў цэны на імпартныя тавары, прычым зыходзячы зь неафіцыйнага курсу даляра. Распавядае спадар Валеры, які працуе на віцебскім аўтарынку:

«Прадпрымальнікі ўздымаюць цэны па „чорным“ курсе. Тут, на аўтарынку, ужо прапануюць разьлічвацца далярамі. Калі ў цябе даляраў няма — калі ласка, разьлічвайся „зайчыкамі“, але па курсе не ніжэйшым, як 4500».

Пакупнікі такім падыходам незадаволеныя, але прадпрымальнікі апынуліся ў безвыходным становішчы, кажа спадар Валеры:

«Ажыятаж сярод прадпрымальнікаў, бо нельга набыць аніякай валюты! Вунь з ранку стаяць у чарзе, і ня факт, што пашанцуе. А пакупнікі незадаволеныя тым, што цэны папаўзьлі ўгару і растуць ці ня штодня. І кажуць нават, што той тэракт, які здарыўся ў Менску, — гэта не звычайны тэракт, а зьвязаны з палітыкай: каб адцягнуць увагу людзей ад праблемаў, якія зараз узьніклі».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Беларусы вывозяць цукар на продаж у Польшчу

На рынках у Берасьці гандаль практычна спыніўся. Гандляры тлумачаць, што пакупнікі шукаюць тавары па старых цэнах у крамах.

Прадстаўніца крамы «Эўраопт» кажа, што ажыятаж адбіўся на грашовых прыбытках у гіпэрмаркеце — яны вырасьлі:

«Таваразварот у нас даволі істотна павялічыўся. І гэта даволі някепска для нас».

Іншая сытуацыя на рынках. Берасьцейская прадпрымальніца Алена кажа, што калі раней на рынку на працягу тыдня яна прадавала каля пяці адзінак прамысловага тавару, то цяпер няма такога выніку. Кажа, што тыдзень можна прастаяць і зусім нічога не прадаць:

«Цяпер, наколькі я бачу сытуацыю, людзі намагаюцца зрабіць нейкія запасы прадуктаў харчаваньня. Адчувальны попыт на бытавую тэхніку, якая засталася па старых цэнах. Зыходзячы з досьведу, мне падаецца, што варта чакаць павышэньня цэнаў да 40%. Але такое падвышэньне — гэта вельмі шмат. У людзей проста няма на гэта грошай».

Берасьцейскі прадпрымальнік Стас Фядзько адзначае, што валютны ажыятаж моцна адбіўся на эканоміцы рэгіёну.

Многія берасьцейцы імкнуцца зараз зрабіць візу ў Польшчу. Цэны ў суседняй краіне істотна меншыя, і нават з улікам транспартных выдаткаў шмат які тавар выгадней прывезьці, чым набываць яго ў Берасьці. Паводле жыхара Берасьця Алеся, багата жыхароў Берасьцейшчыны, карыстаючыся момантам, вязуць зараз на продаж у Польшчу цукар:

«У Польшчы зараз ахвотна бяруць беларускі цукар, які таньнейшы за польскі. А ўвогуле многія імкнуцца набываць тавары ў Польшчы. Нават у прыватнікаў, якія нелегальна прывозяць і прадаюць тут тавары, цэны будуць меншыя, чым у крамах».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Усьлед за цукрам разьбіраюць імпартныя будматэрыялы

У крамах на Гарадзеншчыне найбольшы дэфіцыт адчуваецца на імпартныя тавары, якія прадпрымальнікі завозяць з аптовых складоў зь Менску альбо з-за мяжы.

Асабліва заўважна, як з крамаў на Гарадзеншчыне разам з цукрам зьнікаюць і даражэюць будаўнічыя матэрыялы, якія цэнтралізавана імпартуюцца ў краіну з-за мяжы. Вось што распавядае адзін з наваградзкіх прадпрымальнікаў, які сам займаецца будаўніцтвам:

«Усё раскупляюць: цукар, алей, валюты няма, але мала гэтага — імпартныя будматэрыялы ў нас ужо ў дэфіцыце. Ня купіш нават пенапляст, зьнік МДФ на падлогу, ды шмат чаго няма — крамы пустыя. Усе неабходныя матэрыялы, якія купляліся ў вялікай колькасьці, — зараз іх няма».
Адзін даляр лічаць па 4000 рублёў.

Спадар распавядае, што ні гандляры, ні людзі на аптовых базах у Менску ня ведаюць, па якім курсе даляра альбо эўра прадаваць імпартны тавар. Са слоў спадара, даляр лічаць сама меней па 4 тысячы, а эўра яшчэ значна вышэй.

Яшчэ адно вельмі ўразіла спадара апошнімі днямі ў хатах людзей, дзе ён устаўляе вокны і дзьверы.

Спадар: «Ну вось я ежджу, вокны, дзьверы ўстаўляю, то бачу: у хатах ува ўсіх стаіць цукар, алей, прычым гэта як у горадзе, так і ў вёсках — паўсюдна».

У Слоніме падобны ж ажыятаж. Але, як распавядае мне мясцовы прадпрымальнік, знаходзяцца і «ідэйныя» асобы, якія даводзяць іншым, што склады ў Беларусі поўныя і нічога даражэць ня будзе. Праўда, зь яго слоў, большасьць людзей на гэта ня вельмі рэагуюць.

Спадар: «Усё цягнуць: цукар, макарону, алей — усё, хто што можа, цягнуць. А будматэрыялы наагул прыпынілі прадаваць, бо ня ведаюць, па якіх коштах. Учора хацеў 20 даляраў купіць, то абышоў увесь горад, і нідзе не было. Вось толькі мянялы прадаюць, але ў іх ужо адзін даляр каштуе па 3800 беларускіх рублёў».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Увесь наступны тавар будзе нашмат даражэйшы»

У Магілёве ажыятажу на тавары непрадуктовай групы пакуль няма. Цэны на іх вырасьлі ад 10 да 30 працэнтаў. У людзей цяпер няма грошай на такую раскошу?

Гандлёвыя цэнтры абязьлюдзелі. Адзін зь іх месьціцца ў магілёўскім Задняпроўі. Заходжу ў павільён з аргтэхнікай. Пакупнікоў няма. У прадаўца запытваю, ці давялося перапісваць цэньнікі на тавар? Адказ — сьцьвярджальны. А наколькі падаражэла тэхніка?

«У сярэднім — ад 15 да 30 працэнтаў. Увесь наступны тавар будзе нашмат даражэйшы. Рэшткі ўжо пераацэньваюць не настолькі даражэй, але ўсё ж. Наступны тавар будзе даражэйшы».

Карэспандэнт: «Гэта ў зьвязку з тым, што няма стабільнасьці з даляравым курсам, ці так?».

Гандляр: «Так».

Карэспандэнт: «А попыт на гэты тавар да павышэньня на яго цаны ці быў?».

Гандляр: «Нашмат большы. Напэўна, людзі зараз баяцца разьвітвацца са сваімі наяўнымі грашовымі сродкамі».

У тым жа гандлёвым цэнтры ў павільёне з рыбацкім рыштункам — тая ж сытуацыя. Двое хлопцаў толькі пачалі гандляваць, і тут на табе. «Лёс такі», кажуць.
На трыццаць працэнтаў павялічылі кошт на тавар, бо няма дзе даляры купіць.

Карэспандэнт: «Ці перапісвалі цэньнікі на тавар?».

«Так, на трыццаць працэнтаў павялічылі кошт на тавар, бо няма дзе даляры купіць».

Гандлярка мужчынскім й жаночым адзеньнем нават і ня думае перапісваць цэньнікі. Калі толькі ў бок патаньненьня тавару, кажа.

«Людзей дужа мала ходзіць. Калі мы яшчэ й цэны падымем — гэта дрэнна скончыцца для нас. Няма валюты. Мы нікуды ня можам выехаць. Колькі мы можам пратрымацца на гэтым тавары? Ну, два месяцы. Праз два месяцы ў лепшым выпадку мы зачыняемся і ідзем на канікулы. На невядома якія».

Ля харчоў народ грудзіцца, ля прамысловых тавараў — не

Ня лепшая сытуацыя й на рынках. Ля харчоў народ грудзіцца яшчэ, а вось ля прамысловым тавараў пакупнікоў вобмаль. Гандляры раздражнёныя, негаваркія. На грабянёўскім рынку паліцы ў павільёне бытавой і асабістай гігіены наладоўваюць падгузкамі. Цікаўлюся, ці падаражэлі яны?

Гандлярка: «Працэнтаў на пятнаццаць, напэўна».

Карэспандэнт: «Ажыятаж ці ёсьць на іх?»

Гандлярка: «Наагул няма ні на што ажыятажу. Ня тыя грошы ў людзей. Во, дзяўчаты па фарбу прыходзяць толькі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG