Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух у менскім мэтро стаў выпрабаваньнем для шэрагу гарадзкіх службаў: ратавальнікаў, мэдыкаў, транспартнікаў. Ці былі яны падрыхтаваныя да працы ў надзвычайнай сытуацыі?

Выбух на станцыі «Кастрычніцкай» здарыўся ў вечаровую гадзіну пік, калі мэтро запаўняецца максымальнай колькасьцю людзей. Карэспандэнтка Радыё Свабода Валянціна Аксак, якая апынулася ў цэнтры падзеяў, кажа, што здарэньне сталася нечаканасьцю ня толькі для пасажыраў, але і для супрацоўнікаў мэтрапалітэну:

«Ніякіх абвестак ад супрацоўнікаў мэтрапалітэну не было: ні што здарылася, ні што рабіць людзям — ніякіх камандаў не паступала. Людзі самі арыентаваліся, куды ісьці і што рабіць, і ўжо толькі на выхадзе я пачула заклік той, што людзі рабілі і дагэтуль — выходзіць у супрацьлеглы бок. На самой плятформе я бачыла, як хлопцы ратавалі дзяўчыну, якая гарэла, нейкага чалавека несьлі на руках. З тых, хто ляжаў — у аднаго чалавека не было рукі. Дзесьці паўгадзіны я выбіралася на паверхню, а калі выйшла каля Дома афіцэраў, то ня бачыла там ніводнай хуткай. І гэтыя хлопцы бегалі, крычалі, выклікалі хуткую. Затым я пайшла да станцыі мэтро „Купалаўская“, але там таксама ня бачыла ніякіх хуткіх».

На адмысловай вечаровай нарадзе Аляксандар Лукашэнка загадаў, каб ужо раніцай мэтрапалітэн працаваў у звычайным рэжыме. Аднак цягам наступнага дня для пасажыраў была адчыненая толькі адна лінія мэтро. Вось як гэта пракамэнтаваў галоўны інжынэр службы руху мэтрапалітэну Георгій Ткач:

«Там праводзяцца рамонтныя працы па станцыі «Кастрычніцкая».

Карэспандэнтка: «Ёсьць сур’ёзныя пашкоджаньні?»

«Так, ёсьць. Ноччу гаспадарчыя цягнікі ходзяць — яны завозяць будаўнічыя матэрыялы, вывозяць сьмецьце. Гэта такія дрызіны, якія не на электрычнасьці працуюць, а на бэнзіне. Пусьціць туды электрацягнікі няма магчымасьці. І становішча такое, што працы там яшчэ дастаткова шмат».

Карэспандэнтка: «А чаму тады зачыненая не адна станцыя, а ўсе?».

«Ведаеце, гэтае пытаньне, пэўна, не да мяне. Я гэтае рашэньне не прымаю».

Цягам дня ў цэнтры гораду людзі езьдзілі выключна наземным транспартам. Асабліва складана было дабірацца на працу ранкам, паведамлялі менчукі.

Карэспандэнтка: «Ці дабіраліся вы сёньня на працу і ці лёгка гэта было?».

Спадарыня: «Ня вельмі лёгка. Соты аўтобус запоўнены цалкам, на маршруткі ня сесьці, а ў мэтро я нават і не пайшла — чула праз радыё, што зачыненае».

Карэспандэнтка: «Вы звычайна карыстаецеся мэтро ці наземным транспартам?».

Спадар: «Зараз наземным, бо мэтро пакуль зачыненае, гэта — першае. А па-другое — думаю, страх у людзей застанецца, і надоўга».

Спадарыня: «Вельмі цяжка было дабірацца — нельга было сесьці, я прапусьціла тры аўтобусы. Многія нават не даехалі своечасова, бо ў асноўным усе карыстаюцца мэтро».

У прадпрыемстве «Мінсктранс» паведамілі, што дадаткова на вуліцы сталіцы 12 красавіка было выведзена больш за сто адзінак аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў. Таксама была пераразьмеркаваная колькасьць тэхнікі на розных маршрутах, што магло выклікаць перагрузку транспарту, мяркуе намесьнік кіраўніка службы арганізацыі руху Аляксандар Каштальян:

Карэспандэнтка: «Многія людзі скардзяцца, што цяжка было дабірацца на працу».

«Ну, многія людзі прывыклі да традыцыйных маршрутаў, а тут не зусім традыцыйныя, і нейкія нязручнасьці былі. Хтосьці прывык сядаць у соты маршрут з тэлефонам, бо ён пусты. А сёньня ён ехаў да Ўручча, і, натуральна, уручанскія там месцы ўжо пазаймалі — вось ужо і нязручнасьці ад Філімонава. Але, паверце мне — стараліся перакрыць гэтую лінію, мы ж таксама ня штодня ў такой сытуацыі працуем. І апэратыўна мянялі маршруты, і пераключалі — па магчымасьці стараліся забясьпечыць перавозку».

Як паведаміў кіраўнік прэсавай службы Міністэрства надзвычайных сытуацый Віталь Навіцкі, праз тры хвіліны пасьля паведамленьня пра выбух на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» працавалі 22 адзінкі тэхнікі і каля сотні выратавальнікаў, якія сваю працу завяршылі цягам 15 хвілін. Мэдыкі таксама заяўляюць, што робяць усё неабходнае для дапамогі пацярпелым. Гаворыць загадчык рэанімацыйнага аддзяленьня шпіталя хуткай дапамогі Сяргей Комлікаў:

«На раніцу ў нас было 16 чалавек, розныя віды траўмаў, стан — сярэдняй цяжкасьці, цяжкіх пацыентаў няма».

Карэспандэнтка: «Ці дастаткова неабходных сродкаў, да прыкладу, крыві, лекаў?»

«Так. Усе лекавыя прэпараты, якія неабходныя, ёсьць у наяўнасьці ў поўным аб’ёме».

Тым часам у пункце пераліваньня крыві шпіталя хуткай дапамогі павялічылася колькасьць добраахвотнікаў, каб здаць кроў, паведаміла «Свабодзе» мэдычная сястра аднаго з аддзяленьняў шпіталя:

«Учора тут вэрхал быў такі: прывозяць чалавека — у яго кроў з вушэй — адразу ў аддзяленьне траўмы. А ў яго акустычная траўма — як кантузія — зь перапонкамі праблемы. Вельмі многія былі дэзарыентаваныя, у стане шоку, не разумелі, што адбываецца — прасіліся дадому, і многія не маглі зразумець, што ім патрэбная дапамога. Па-мойму, шмат у апёкавым аддзяленьні ляжаць, а тыя, якія ў нас у рэанімацыі — яны ў цяжкім стане. Мы тут ня чуем, каб казалі, што чагосьці не хапае, хоць зранку вельмі вялікая чарга стаяла ў аддзяленьні пераліваньня крыві, каб здаць кроў. Людзі рэагуюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG