Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся аказаць матэрыяльную дапамогу сем'ям загінулых і пацярпелых падчас выбуху ў менскім мэтро. Таксама ён загадаў гарадзкім уладам, каб тыя ўзялі на сябе арганізацыю пахаваньняў. Аднак практыка мінулых надзвычайных здарэньняў паказвае, што кампэнсацыя пацярпелым з боку дзяржавы звычайна вельмі сьціплая – значна меншая, чым пры падобных трагедыях аказваюць урады іншых краін. Чаму ў дзяржаўнай скарбонцы няма сродкаў на годную падтрымку сваіх грамадзянаў?

Старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька паабяцаў, што сем'і загінулых у выніку тэракту ў Менску атрымаюць блізу 10 тысяч даляраў кампэнсацыі. Па яго словах, пацярпелым акажуць і іншую дапамогу:

Мікалай Ладуцька
"Гарвыканкамам на даручэньне прэзыдэнта сфармаваны комплекс мерапрыемстваў. Мы акажам усялякую неабходную дапамогу сем'ям загінулых, людзям, якія былі параненыя. Мы будзем у кожнай сям'і, возьмем на сябе ўсе неабходныя затраты па праводзінах людзей, якія загінулі падчас гэтай трагедыі. Таму ніводзін жыхар Менску — а калі ёсьць пацярпелыя жыхары іншых краінаў (сьпісы зараз правяраюцца), і яны таксама — ня будзе пакінуты без увагі".

Тры гады таму пры выбуху самаробнага прыстасаваньня на сьвяткаваньні Дня незалежнасьці ў Менску раненьні рознай ступені атрымалі больш за паўсотні чалавек. Шмат хто зь іх застаўся калекам, страціў працу. Прыкладам, Лілія Мельнік атрымала складаную траўму калена, цяпер вымушаная рэгулярна абсьледавацца. Атрыманай кампэнсацыі — 7 мільёнаў рублёў — хапіла хіба што на паўгода.

У аналягічнай сытуацыі апынулася і спадарыня Ірына, якая цяпер вымушаная жыць на сьціплую пэнсію па інваліднасьці. Атрыманыя 3 мільёны рублёў даўно патрачаныя, цяпер у літаральным сэнсе даводзіцца перабівацца з хлеба на ваду:

"Я лічу так: дзяржава нейкім чынам павінна выпраўляць гэтае становішча, свае памылкі. Цяпер у нас, вы самі разумееце, зарплата і пэнсія — ніякая. А ў маёй сытуацыі — тым больш. Я сама адчуваю, як штогод мне ўсё горш і складаней жыць. Прэзыдэнт Лукашэнка пра нас зусім ня думае. Маўляў, нешта заплацілі — і ўсё, вольныя. Я ўжо ня стрымліваюся, абураюся, калі яго прапаганда выстаўляе толькі ў ружовым колеры. А тым часам я ўжо не магу нават дазволіць сабе раз на месяц кіляграм рыбы купіць. Пра мяса ўвогуле ўжо забылася. І як можна ў такой сытуацыі жыць, скажыце?".

Крыху зьмянілася сытуацыя пасьля трагедыі на прадпрыемстве "Пінскдрэў", у выніку якой загінулі 14 чалавек, шмат хто быў паранены. Выплаты па страце кармільца складалі 30—45 мільёнаў рублёў, альбо ад 10 да 15 тысяч даляраў.

І ўсё адно гэта істотна меней, чым, прыкладам, выдаткоўвае пацярпелым суседняя Расея.
І ўсё адно гэта істотна меней, чым, прыкладам, выдаткоўвае пацярпелым суседняя Расея. Роўна год таму, у сакавіку 2010-га, адбыўся двайны тэракт у маскоўскім мэтрапалітэне. 40 чалавек загінулі, дзясяткі былі параненыя. Расейскі ўрад выплаціў сем'ям загінулых аднаразовую дапамогу ў памеры 1 мільёна расейскіх рублёў, у эквіваленце — больш за 30 тысяч даляраў. Пры гэтым сур'ёзна пацярпелыя атрымалі па 400 тысяч расейскіх рублёў, а тыя, хто атрымаў лёгкія траўмы, — па 200 тысяч. Наколькі адэкватна ацэнены кошт чалавечых пакутаў, можна меркаваць хіба што ў параўнаньні.

У Беларусі няма заканадаўчых дакумэнтаў, якія прадугледжваюць памер выплат на выпадак такога кшталту трагічных здарэньняў. У іншых краінах сытуацыя ў гэтым сэнсе больш зразумелая.

  • Так, пасьля 11 верасьня 2001 году ў ЗША быў прыняты закон аб бясьпецы сыстэмы паветранага транспарту. Дакумэнтам прадугледжвалася стварэньне спэцыяльнага фонду з акумуляваньнем сродкаў на кампэнсацыю ахвярам тэрактаў. Мінімальная сума выплаты склала 250 тысяч даляраў, максымальная перавысіла 1 мільён даляраў.

  • У Вялікай Брытаніі памер кампэнсацый ахвярам тэрактаў і іх сваякам вызначаецца службай выплат Міністэрства юстыцыі. Памер выплат у выніку тэрактаў у мэтро і ў наземным транспарце летам 2005 году склаў ад 20 да 500 тысяч даляраў — залежна ад таго, наколькі пацярпеў чалавек.

  • У Гішпаніі існуе закон, які гарантуе дадатковую пэнсію тым, хто пацярпеў ад дзеяньняў узброеных груповак. Пры канцы 1990-х ён быў узмоцнены Актам аб салідарнасьці, які прадугледжвае аднаразовую выплату пацярпелым. Дзякуючы гэтаму сем'і 192 загінулых у тэрактах 2004 году атрымалі кампэнсацыю ў памеры 1 мільён даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG