Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сініка Хурскайнэн: "Ня можа быць прагрэсу ў адносінах Беларусі з ПАРЭ"


Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася, таму ня можа быць прагрэсу ў адносінах Беларусі з Парлямэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы.

Пра гэта паведаміла дакладчык па Беларусі Сініка Хурскайнэн, выступаючы з дакладам у палітычным камітэце ПАРЭ, дзе адбыліся слуханьні па Беларусі.

Слуханьні былі закрытыя для прэсы. Афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі для ўдзелу ў паседжаньні не запрашалі.

Па выніках паседжаньня прэсавая служба апублікавала даклад спадарыні Хурскайнэн.

Дакладчык ПАРЭ чарговым разам выказала занепакоенасьць у сувязі з палітычна матываванымі крымінальнымі справамі, з інфармацыяй пра катаваньні зьняволеных, працэдурныя парушэньні пры расьсьледаваньні і судовых працэсах, а таксама ў сувязі з вынясеньнем новых сьмяротных прысудаў у Беларусі. Паводле словаў Хурскайнэн, з гэтых прычын кантакты ПАРЭ зь беларускімі ўладамі на высокім узроўні павінны застацца замарожанымі.

У той жа час ПАРЭ павінна працягваць дыялёг з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, грамадзянскай супольнасьцю, прадстаўнікамі апазыцыі, незалежных СМІ і праваабарончых арганізацый, падкрэсьліла спадарыня Хурскайнэн.
XS
SM
MD
LG