Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Люксэмбургу адбываецца пасяджэньне Рады міністраў замежных справаў Эўразьвязу, на якім будзе разглядацца і справа ўвядзеньня эканамічных санкцый супраць Менску.

Адкрываючы пасяджэньне, вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан сказала:

“Я перадала свае спачуваньні сем’ям, якія страцілі сваіх любімых або маюць параненых у выніку таго, што адбылося ў Беларусі. Мы таксама працягваем сачыць за гэтай сытуацыяй”.

Мая Кацыянчыч, прэсавы прадстаўнік Кэтрын Эштан, сказала карэспандэнту нашага радыё Рыкарду Юзьвяку, што ніякае канкрэтнае рашэньне па санкцыях сёньня ня будзе прынятае.

Паводле Кацыянчыч, беларускае пытаньне на сёньняшняй сустрэчы ў Люксэмбургу абмяжуецца азнаямленьнем прысутных з апошнімі палітычнымі падзеямі ў Беларусі.

Дыплямат аднае з краінаў Эўразьвязу, які пажадаў застацца ананімным, сказаў нашаму радыё, што Кэтрын Эштан, нягледзячы на адсутнасьць нейкага паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі, не выказвае ахвоты прыняць больш жорсткія захады ў адносінах да беларускага рэжыму.

Група сяброў ЭЗ, у якой галоўныя ролі адыгрываюць Чэхія, Польшча, Славаччына і Швэцыя, пасьлядоўна выступае за прыняцьце кропкавых эканамічных санкцый супраць Менску, аргумэнтуючы такі крок тым, што ў Беларусі сядзяць у турмах палітзьняволеныя.

Але сярод усіх сяброў ЭЗ няма кансэнсусу наконт санкцый. Супраць увядзеньня санкцый выказваюцца Італія, Грэцыя і Латвія. Афіцыйнае апраўданьне – санкцыя супраць дзяржаўных беларускіх кампаній удараць па звычайных беларусах.

Міністар замежных справаў Славаччыны Мікулаш Дзурында адкідае такое апраўданьне, спасылаючыся на свой дысыдэнцкі досьвед з часоў камуністычнай Чэхаславакіі. Паводле Дзурынды, цьвёрды курс Роналда Рэйгана ў адносінах да камуністычных краінаў у 1980-х не аслабіў, а ўзмоцніў антыкамуністычны супраціў у гэтых краінах.

“Цьвёрдая, моцная, прынцыповая пазыцыя зьяўляецца асновай для патэнцыяльных зьменаў у Беларусі. Я мяркую, што чым мацней мы выступім супраць рэжыму Лукашэнкі, тым болей надзеі мы дамо звычайным людзям”, – сказаў Дзурында нашаму радыё.

Нягледзячы на тое, што ніякае рашэньне аб санкцыях супраць Менску сёньня ня будзе прынятае, выглядае, што дыскусія па Беларусі будзе вельмі гарачай.

Згаданы ананімны дыплямат сказаў нашаму радыё, што паміж лягерам прыхільнікаў і лягерам апанэнтаў кропкавых эканамічных санкцый супраць Менску чакаецца ў Люксэмбургу “жорсткі” абмен рэплікамі па гэтым пытаньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG