Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вызваленьне з прычыны цяжкай хваробы — зьява рэдкая"


Артыкул 167 Крымінальна-папраўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае вызваленьне ад адбыцьця пакараньня з прычыны цяжкай псыхічнай, саматычнай або інфэкцыйнай хваробы. На мове пэнітэнцыярнай сыстэмы гэта называецца актыроўкай. На тэрыторыі былога СССР актыроўцы падлягаюць арыштанты з дыягназамі шызафрэнія, неапэрабэльны рак, сухоты, з шэрагам інфэкцыяў, выкліканых залацістым стафілякокам, ды зь іншымі небясьпечнымі для жыцьця захворваньнямі. Канчаткова пытаньне аб вызваленьні арыштанта ў сувязі са станам здароўя вырашаюць адміністрацыя ды мэдычная частка калёніі.

На практыцы найчасьцей з турмы, так бы мовіць, "зьяжджаюць з-за траўмы". Вязень можа атрымаць актыроўку па інваліднасьці ў выніку рызыкоўнай формы суіцыду, калі яму, напрыклад, удаецца загнаць востры прадмет за мілімэтар ад жыцьцёва важных органаў. Што да цяжкіх псыхічна-саматычных захворваньняў, то зь імі арыштантам, паводле саміх вязьняў, "ня сьвеціць" ня толькі УДВ, але і належная мэдычная дапамога.

Адбыўшы 3-гадовае пакараньне ў калёніі, 30-гадовы мянчук Барыс, у мінулым спартовец, вярнуўся дадому глыбока хворым чалавекам. Скура ў яго была ў шматлікіх фурункулах і карбункулах, пазбавіцца ад якіх не дапамагалі аніякія мазі. Абсьледаваньні паказалі, што справа ня толькі ў скуры. Малады чалавек меў абсцэсы лёгкіх, сур’ёзныя праблемы са страўнікава-кішачным трактам. Родным Барыса ўдалося знайсьці дасьведчаную лекарку, якая параіла зрабіць хвораму імунаграму. Пасеў паказаў, што ў ягоным арганізьме поўна залацістага стафілякоку.

Гэты мікроб найлягчэй распаўсюджваецца ў месцах зграмаджэньня людзей з аслабленым імунітэтам, у тым ліку ў турмах. Трапіўшы ў арганізм, гэтая анаэробная інфэкцыя хутка множыцца, ствараючы цэлыя калёніі залаціста-жоўтага колеру. Залацісты стафілякок можа выклікаць цэлы шэраг хвароб, ад фурункулаў, карбункулаў, абсцэсаў скуры да пнэўманіі, мэнінгіту, астэаміэліту, эндакардыту, таксычнага шоку, сэпсісу.

Кацярына, лекар-кансультант Барыса, кажа, што яе пацыент мусіць прайсьці працяглы курс інтэнсіўнай тэрапіі. Яна мяркуе, што ягоная праблема, хутчэй за ўсё, пачалася або з распаўсюджанага ў турэмным асяродзьдзі грыбковага захворваньня, або зь нялечаных ангін. У арганізьме людзей з аслабленым імунітэтам залацісты стафілякок досыць хутка далучаецца да розных вірусаў ды інфэкцыяў.

Кацярына: "Ён любіць далучацца да тых жа грыбоў, стрэптакокаў, выклікае алергію, увогуле робіць шмат кепскіх спраў. Гэта скура, гэта сьлізістая, лёгкія, кішэчнік. Усё што заўгодна. Тут усё залежыць ад колькасьці стафілякоку. Гэта бачна, калі зрабіць пасеў. Тут больш як 10 у 6-й, гэта вялікая асемянёнасьць. Гэта моцны ўдар па імунітэце".

Барыс сьведчыць, што на ангіны ён хварэў пераважна ў ШЫЗА, дзе было шмат брудных бамжоў, а спаць даводзілася на падлозе. Калі адміністрацыя за нейкія парушэньні рэжыму кідае чалавека ў штрафны ізалятар, яна не глядзіць, што ў яго тэмпэратура больш за 38.

Барыс: "Я тады сапраўды моцна захварэў. Тэмпэратура была пад 39 градусаў. Мяне ўжо павялі ў ШЫЗА, і я сказаў ім: "Вы мусіце адвесьці мяне на агляд". На што яны: "Ай, не дуры галавы!". І, зразумела, не павялі. Лекара, вядома, таксама ня выклікалі. Там толькі сукамэрнікі могуць доктара выклікаць. Камэра пачынае грукаць, крычаць, што чалавеку кепска. А мэдык ідзе 10—20—30 хвілін, хоць ён усяго за нейкіх 25 мэтраў, за паўхвіліны.

Яны рэагуюць, толькі калі некаторыя рэжуць вены і кроў пачынае цячы па калідоры…"

Сам Барыс мяркуе, што калі б ягонае зьняволеньне працягнулася яшчэ некалькі месяцаў, яго б, магчыма, перавялі ў бальнічку, дзе праз пару дзён ён, як іншыя цяжкія хворыя, ціха сканаў бы. Што да актыроўкі, то наўрад ці да яе дайшло б увогуле.

Іншы зьняволены, Сяргей, у сваім лісьце на "Свабоду" піша:

"На практыцы актыроўка ўжываецца вельмі рэдка, пры наяўнасьці вельмі цяжкай хваробы ў запушчанай форме, калі чалавеку застаецца жыць практычна некалькі дзён. Часьцей жа сустракаюцца выпадкі, калі яе купляюць за грошы. Што да тых катэгорыяў хворых — псыхаў, анкалягічных ды сухотных — якія тэарэтычна маюць шанец на вызваленьне па стане здароўя, то псыхаў зьмяшчаюць у спэцпсыхушку, безь ніякіх шанцаў выйсьці адтуль. Сухотнікаў вязуць у Воршу. Людзей з апошнімі стадыямі раку раней вазілі ў саматычную бальнічку, пакуль яна працавала. Асноўнымі абязбольвальнымі там былі анальгін ды асьпірын. Некаторыя паміралі там, некаторых, вельмі рэдка, адпускалі паміраць на волю".

Грамадзкая актывістка Тацяна Грачанікава, якая цяпер праходзіць хіміятэрапію ў адным зь менскіх шпіталяў, узгадвае, якую мэдычную дапамогу атрымлівала яна, анкалягічна хворая, адбываючы пасьля затрыманьня 20 сьнежня 15 сутак у СІЗА на Акрэсьціна.

Грачанікава: "У мэдычным пляне ніхто не дапамагае. Адзіная дапамога, якую аказвалі, — прапаноўвалі шклянку кіпеню тым, хто скардзіўся і на ціск, і на іншыя хваробы. Там былі жахлівыя ўмовы. Было ўвесь час халодна, спалі на драўляных нарах. Напачатку па некалькі чалавек пад адной коўдрай, потым нам далі па 2 коўдры.

Я пісала з-за кратаў заяву начальніку турмы, каб мне далі магчымасьць патэлефанаваць. У гэтым мне таксама адмовілі, як і ў скарзе".
XS
SM
MD
LG