Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Барталамееўка Веткаўскага раёну — адно з 363 беларускіх паселішчаў, якія пасьля чарнобыльскай катастрофы мусілі спыніць існаваньне з прычыны высокай радыяцыі. Але дзясятку тутэйшых жыхароў недаспадобы было перасяленьне, прапанаванае ўладамі. І яны засталіся ў вёсцы.

За апошнія два гады самасёлаў у Барталамееўцы паменела амаль напалову. Зь дзевяці засталося пяцёра — два мужчыны й тры жанчыны.

Люба, Сьвятлана, Алена

Гаворыць самасёлка Любоў Галушка:

"Памерлі ў нас Саша й Іван Музычэнкі. Яны памерлі. І памерлі ў нас у другой хаце Рыгор і Валер. Грыша зімою памёр і Валер, які зь ім жыў, сьледам памёр. Ён прыехаў адкульсьці з-пад Смаленску".

Сьцёпка адзіны навасёл

Сярод памерлых толькі Іван Музычэнка быў сталага веку, ды яшчэ Рыгору Скорыкаву пераваліла за семдзесят. Валер не дацягнуў да 55-ці гадоў, а Сашу наагул было крыху за сорак.

Пра радыяцыю й яе наступствы спадарыня Люба імкнецца асабліва ня думаць. Кажа нават, што яе тут ня так ужо й багата. Іншая рэч — у Японіі, за яе маркоціцца:

"Кажуць ужо, што з радыяцыяй у нас ужо больш-менш нармальна, радыяцыя ўжо не такая страшная. Вунь у Японіі трэснула дык трэснула. Там землятрус быў, рэактар пашкодзіла. І шмат людзей загінула ў той Японіі, і не знайшлі там яшчэ багата людзей. Перажываем, вельмі цяжка. Паспрабуй такую катавасію перажыць".

Спадарыня Люба апавяла, што асабліва цяжка самасёлам зімаваць. Электрасьвятло ў вёсцы абрэзалі. Сувязі таксама няма, хоць апэратар сотавай сувязі МТС усталяваў побач з барталамееўскімі хацінамі дзьве свае вежы.

Вышкі МТС побач

Начальства апякуецца самасёламі хіба толькі падчас выбарчых кампаніяў:

"Калі, напрыклад, галасаваньне, то прыяжджаюць і райвыканкам, і аўталаўка — усе прыяжджаюць. І тэлебачаньне — і зь Менску, і з Гомелю. Як галасаваць, то прыяжджаюць. А так чаго яны будуць езьдзіць да нас, няшчасных? Сьвятла ў нас няма, а пры лямпе цяжка. Пад’едзем да якога трактарыста, салярку ў лямпу — і палім. А зараз во да Пасхі рыхтуемся, вокны трэба мыць, грубу пабяліць. Спраў поўны двор!".

Існаваць у апусцелай Барталамееўцы, зарослай хмызьняком ды палыном, жменьцы вяскоўцаў працяглы час дапамагалі замежнікі. Гуманітарную дапамогу сюды прывозілі немцы, італьянцы, галяндцы, японцы, бэльгійцы, ірляндцы. Везьлі вопратку, абутак, хатнія прылады, харчы.

Барталамееўцы нават былі ў ліку герояў дакумэнтальнай стужкі "Чарнобыльскае сэрца" амэрыканскай рэжысэркі Мэрыэн Дэліа, якая атрымала за стужку "Оскара".

Цяпер замежнікам дапамагчы Барталамееўцы складана: на гэта патрэбны адмысловы дазвол дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі.

Тыя, хто застаўся, жывуць пераважна з пэнсіі, з гароду, зьбіраюць улетку грыбы й ягады, ловяць рыбу альбо, як Мікалай Гардуноў, плятуць з лазы кошыкі на продаж:

Мікалай Гардуноў

"Гэта як хобі, дадатковы заробак да бюджэту. У асноўным я працую ў прыватнікаў у Ветцы".

Мікалай родам з Барталамееўкі, яму толькі 57. Пэнсіі ён пакуль ня мае. Пераехаў сюды ў 93-м годзе з другой жонкай Сьвятланай. Да гэтага жыў у Ветцы, а працаваў у вёсцы Радуга калгасным энэргетыкам. Мікалай скончыў тэхнікум і вучыўся ў сельгасакадэміі. Кажа, што кінуў калгас з-за мізэрных заробкаў і адсутнасьці жытла.

Бацькоўскую хату Мікалая закапалі. Таму ён засяліўся ў адну зь пяці ацалелых хацін, дзе й жыве апошнія 18 гадоў са Сьвятланай — дарэчы, электрыкам па спэцыяльнасьці.

Мікалай пачувае сябе зараз не найлепшым чынам. Тэмпэратурыць. Але да лекара ў Ветку не паехаў:

"Да доктара я амаль не зьвяртаюся. Заехаў у аптэку, таблетак набраў — і ўсё. Я больш народнымі сродкамі лекуюся — ліпа, маліна, усё дзікае. І мёд тут можна знайсьці".

На радыяцыю вясковец таксама не зважае:

"А, бог ты мой. У Ветцы што, прадаюць усё чыстае? У нас тут, у адселенай зоне, нарыхтоўваюць кармы. Закладаюць сілас. Зараз забралі ўжо й скармілі жывёле. Малако ў Ветку на малаказавод пайшло. Значыць, я яго ўзяў. Якое ж яно чыстае?"

Алена Музычэнка

Да апошняга часу вяскоўцы ў сваім побыце абапіраліся на сям’ю Алены Музычэнкі, старэйшай жанчыны ў вёсцы. Яна трымала добрую гаспадарку, мела каня, карову. Але калі ў Алены паўміралі муж Іван і сын Саша, яна пазбылася жывёлы — няма ўжо сілы даглядаць:

"Сумна! Павыганялі людзей, зрабілі невядома што. У нас паставілі такога над зонай Кавалёва (бабуля брыдка вылаялася). Да мяне прыедуць сваякі з Гомелю, ён іх штрафуе на 350 тысяч рублёў. Чаму так? Гэта ж сваякі! Яны ж не прыехалі красьці альбо забіваць, а дапамагчы мне.

Паехала я ў райвыканкам, каб далі пропуск, і мяне са сваякамі ня тузалі. Нікому нельга прыяжджаць! Ніхто не падыходзіць — не далі пропуск".
XS
SM
MD
LG