Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяркуючы па сьведчаньнях відавочцаў і першых афіцыйных паведамленьнях, выбух на станцыі мэтро “Кастрычніцкая” – найбольш крывавы з усіх тэрактаў за часы ППРБ.

У ліпені 2008-га, падчас канцэрту ў сталіцы з нагоды дня незалежнасьці, выбух самаробнага прыстасаваньня параніў каля паўсотні чалавек – большасьць зь іх, на шчасьце, даволі лёгка.

У верасьні 2005 году ў Віцебску, з прамежкам у тыдзень часу, здарыліся два выбухі самаробнага прыстасаваньня. Параніла каля паўсотні чалавек, некаторых – даволі цяжка.

Нягледзячы на тое, што абодвум гэтым ранейшым справам, менскай і віцебскай, быў нададзены высокі сьледчы ранг (яны былі на так званым “прэзыдэнцкім кантролі”), яны і да сёньняшняга дня засталіся нераскрытымі.

Што будзе з раскрыцьцём віноўнікаў выбуху на “Кастрычніцкай”?

Ці будзе гэта толькі нагода, каб правесьці масавыя і па сутнасьці паказушныя “сьледчыя захады”, цягам якіх у тысячаў ці можа нават дзясяткаў тысячаў чалавек будуць зноў пытацца, дзе яны былі і што яны рабілі ў момант выбуху? Ці зноў будуць засякаць нумары мабільнікаў тых, хто ў час выбуху апынуўся на станцыі або блізка яе, так як засякалі тэлефанаваньні з Плошчы 19 сьнежня? Ці будуць зноў здымаць адбіткі пальцаў? Засталіся ж яшчэ незарэгістраванымі пальцы на нагах.

Людзі гэтым разам такім “сьледчым захадам” наўрад ці павераць.

І гэтым разам, як здаецца, на коне стаіць ня толькі прэстыж сьледчых КДБ і Генэральнай пракуратуры.

Як ніяк, станцыя “Кастрычніцкая” знаходзіцца ўсяго за паўтары сотні мэтраў ад працоўнага кабінэту таго, ад каго, калі яму верыць на слова, залежыць надвор’е ў краіне, і то ня толькі палітычнае.

У краіне, у якой даўно ўжо згубілі лік, колькі міліцыянтаў, кадэбістаў і стукачоў прыпадае на душу насельніцтва, непазьбежна паўстане пытаньне – а куды глядзела гэтае нядрэмнае дзяржаўнае вока гэтым разам?

І непазьбежна зьявіцца яшчэ адно мулкае пытаньне – каму насамрэч выгадны такі выбух?

І абавязкова нехта пакажа рукою ў бок згаданага працоўнага кабінэта. Мяркуючы па камэнтарах у Інтэрнэце, ужо паказваюць.

А не ў Інтэрнэце – трэба знайсьці і паказаць людзям сапраўднага віноўніка.

Гэта зрабіць значна цяжэй, чым раскрыць дзяржаўны пераварот, кіраваны засакрэчанымі цёмнымі сіламі з-за бугра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG