Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крывавы выклік


Пакуль невядомыя дэталі трагедыі, таму можна акрэсьліць толькі поле, набор варыянтаў, хто стаіць за гэтым злачынствам. Хто б гэта ні быў, яго мэтай было не забіць ці параніць тых выпадковых людзей, якія менавіта ў гэты момант аказаліся на Кастрычніцкай, мэтай было кінуць выклік грамадзтву, пасеяць у ім жах. Мэты – палітычныя.

Малаімавернымі ўяўляюцца варыянты тэхнічнай аварыі і вар'яцкага хуліганства. Занадта высокая цана гэтага зладзейства.

Калі казаць пра палітычныя мэты, іх можа быць дзьве, прычым супрацьлеглыя.

Першая – дэстабілізацыя, дыскрэдытацыя ўлады. Дзёрзкі выбух сярод белага дня, у цэнтры сталіцы – гэта выклік уладзе. Прычым выбух адбыўся на фоне жорсткага эканамічнага крызісу, чэргаў каля абменьнікаў, калі насельніцтва зьмятае тавары з паліцаў крамаў. Пасланьне тэракту – улада страціла кантроль за сытуацыяй, і ня толькі ў эканоміцы, але і ў сфэры бясьпекі. Людзям адразу прыйдзе на памяць выбух на сьвяткаваньні дня незалежнасьці ў 2008 годзе, выканаўцаў якога, нягледзячы на ўпартыя, але нягеглыя высілкі, так і не знайшлі.

Тэарэтычна арганізатарамі такога нападу маглі быць нейкія радыкальныя апазыцыйныя групоўкі, пэўныя колы ва ўладзе і замежныя сілы, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі Лукашэнкі. Радыкалы маглі быць абураныя тым, што ўлада пачала вайну на зьнішчэньне апазыцыі, яны маглі мець жаданьне адпомсьціць за тое, што адбываецца ў краіне пасьля 19 сьнежня. Хаця, калі такія людзі ў Беларусі і ёсьць, іх напад хутчэй быў бы скіраваны на афіцыйных асобаў, чым на звычайных, ні ў чым не вінаватых людзей, гэта быў бы тэрор кшталту італьянскіх «Чырвоных брыгад», а ня масавы, сьляпы тэрор ісламістаў. Менскі выбух больш падобны на аналягічныя выбухі у Маскоўскім мэтро, якія рабілі ісламісты.

Імавернасьць, што гэта зрабілі нейкія людзі зь сілавых структураў, каб потым «раскрыць» тэракт і даказаць сваю незамяняльнасьць, уяўляецца ўсё ж нізкай. Цана выкрыцьця ў гэтым выпадку – гарантаваная куля.

Другая магчымая мэта тэрарыстычнага нападу – дыскрэдытацыя апазыцыі. Зваліць віну на яе, маўляў, сарваўся пераварот, дык вось яна перайшла да адкрытага тэрору. Гэта легітымізуе рэпрэсіі, дае ўладзе вобраз абаронцы народа ад вар'ятаў, якія дзеля ўлады гатовыя на ўсё. Выбух ня толькі адцягвае ўвагу народа як ад рэпрэсіяў, гэтак і ад эканамічных цяжкасьцяў, але і накіроўвае народны гнеў на тых, хто зрабіў гэтую бойню.

Такі сцэнар, наагул кажучы, магчымы, падобная вэрсія выказвалася і пасьля выбуху 4 ліпеня 2008 году. Хаця пераканаўчасьць яе даволі сумнеўная: лідэры апазыцыі знаходзяцца альбо ў турме, альбо пад хатнім арыштам, альбо пад пільнай сочкай КДБ. Ну ўжо не яны пэўна тое арганізавалі і тым больш не яны зрабілі.

Цяжка рацыянальна разважаць, калі бачыш фотаздымкі пацярпелых, кроў, забітых, чытаеш расповеды людзей, у тым ліку і сваіх калег, калі разумееш, што гэты жах прыйшоў і на беларускую зямлю. Але гэта не стыхія, гэта зрабіў нейкі вылюдак з халодным цынічным разьлікам. І сапраўдным адказам беларускага грамадзтва яму будзе -- калі ён пралічыцца, калі ня толькі паўстане перад судом выканаўца ці выканаўцы, але калі будзе зламаны сцэнар замоўшчыкаў.

Бо гэтай крыві ня вартая ніякая палітычная мэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG