Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў і Камароўскі абвясьцілі конкурс на помнік смаленскім ахвярам


Браніслаў Камароўскі і Дзьмітрый Мядзьведзеў

Браніслаў Камароўскі і Дзьмітрый Мядзьведзеў

Першае ў гісторыі сумеснае наведваньне прэзыдэнтамі Польшчы і Расеі мэмарыялу «Катынь» адбылося сёньня, праз год пасьля авіякатастрофы ў Смаленску. Прэзыдэнты дзьвюх краін таксама наведалі месца падзеньня самалёта Леха Качынскага і абвясьцілі супольны конкурс на помнік ахвярам.

Звон катынскага мэмарыялу гучыць у памяць 4412 польскіх афіцэраў і іншых прадстаўнікоў даваеннай эліты краіны, закатаваных НКВД у 1940 годзе ў лесе каля Смаленску. З 10 красавіка мінулага году катынскі звон нагадвае таксама аб трагічнай гібелі 96 прадстаўнікоў польскай эліты новага часу на чале з прэзыдэнтам Качынскім. Яны накіроўваліся ў Катынь, але не дабраліся да месца — разьбіліся пры аварыі самалёта «ТУ-154» у Смаленску. Дарогу ад аэрадрому «Паўночны» да Катыні за іх пераадолелі 9 красавіка гэтага году 100 іхных сваякоў, а 11-га — новы прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Ён ушанаваў памяць ахвяр 1940 і 2010 гадоў разам з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым. У Катыні лідэры дзьвюх краін разам пабывалі ўпершыню.

Ад імя сучаснай расейскай дзяржавы з ацэнкай гэтай трагедыі выступіў Дзьмітры Мядзьведзеў:

«Адказнасьць за гэтае злачынства нясуць кіраўнікі савецкай дзяржавы таго пэрыяду. Спробы прадставіць нейкія іншыя вэрсіі не грунтуюцца ні на гістарычных дакумэнтах, ні на маральных меркаваньнях».

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі заявіў, што для таго, каб гэтае гістарычнае пытаньне было закрытае, трэба рассакрэціць усе дакумэнты па Катыні:

Польшча таксама хацела б закрыць гэты балючы катынскі разьдзел у вялікай кнізе польска-расейскіх адносін. Але каб яго закрыць, яго трэба дачытаць да канца.
«Польшча таксама хацела б закрыць гэты балючы катынскі разьдзел у вялікай кнізе польска-расейскіх адносін. Але каб яго закрыць, яго трэба дачытаць да канца».

Сёньня ж прэзыдэнты абвясьцілі конкурс на помнік ахвярам авіякатастрофы 10 красавіка мінулага году. Каб не было непаразуменьняў, конкурс будзе праводзіцца сумесна.

«Надпіс на помніку будзе на расейскай і польскай мовах, але зьмест будзе ўзгоднены дзьвюма краінамі», — паведаміў Камароўскі.

У Рамана Скомпскага ў Катыні ляжаць 4 сваякі, забітыя НКВД, а пры аварыі прэзыдэнцкага самалёта загінуў ягоны брат:

«Гэта добра, што палітыкі Польшчы і Расеі ўшаноўваюць памяць закатаваных тут, у Катыні. Шкада, што гэтая праўда павольна і так цяжка выходзіць на сьвет, але будзем аптымістычна лічыць, што крок за крокам, бяз крыку, без агрэсіі, бяз злых эмоцый мы дойдзем да праўды. Так проста павінна быць».

Трагедыя Катыні заўсёды падзяляла палякаў і расейцаў, трагедыя Смаленску, са спагадай успрынятая ў Расіі, дала шанец на паразуменьне ў катынскім пытаньні.

Павел Дэраш, які ў катастрофе самалёта страціў жонку, кажа, што за год ягоны смутак не прытупіўся. Прыкра таксама і тое, што расьсьледаваньне аварыі цягнецца так доўга і што першыя справаздачы расейцаў аднабаковыя:

«Думаю, што камісія, якая будзе даваць заключэньні ў нас у Польшчы, усё высьветліць. Патрэбна іншая справаздача, таму што тая справаздача, якую мы атрымалі з Расеі, кажа толькі пра віну польскага боку і нічога ня кажа пра віну расейскага».

Расея мае намер завяршыць сьледзтва па справе авіякатастрофы самалёта Качынскага ў траўні гэтага году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG