Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Люстэркі, зацягнутыя чорным


Да чорнага сьпісу музыкаў і пісьменьнікаў зь сёньняшняга дня ў Беларусі дадаўся чорны сьпіс Інтэрнэт-рэсурсаў. Пракуратура загадала інтэрнэт-правайдэрам заблякаваць доступ да інтэрнэт-выданьняў «Хартыя-97» і «Беларускі партызан» у дзяржаўных установах, а таксама ўстановах адукацыі і культуры. Паведамляецца, што гэта, так бы мовіць, першыя ластаўкі, існуе сьпіс непажаданых інфармацыйных сайтаў, доступ да якіх таксама будзе абмежаваны.

Цяжка сказаць, ці абмяжуецца абмежаваньне толькі дзяржаўнымі ўстановамі. У Беларусі прынята рэагаваць ня толькі на тэкст дзяржаўных загадаў, але і на кантэкст – улады ўпарта абвяргаюць наяўнасьць чорнага сьпісу музыкаў, які тым ня менш дзейнічае са спраўнасьцю гільятыны. Ня выключана, што і з «Партызанам» разам з «Хартыяй» адбудзецца нешта падобнае, правайдэры заблякуюць іх цалкам, каб не ўскладняць сабе жыцьцё.

Варта нагадаць, што магчымасьць блякаваньня крамольных інтэрнэт-рэсурсаў прадугледжаная ў сумнавядомым указе прэзыдэнта пра рэгуляваньне нацыянальнага сэгмэнту Сеціва.

Запэўніваньні чыноўнікаў, што Інтэрнэт быў і будзе свабодным, як бачым, аказаліся нямногага вартымі. Беларусь творча засвойвае кітайскі досьвед будаваньня вялікага інфармацыйнага муру.
Зразумела, існуюць тэхнічныя магчымасьці, як абысьці блякаваньне, але ня ўсе карыстальнікі настолькі тэхнічна абазнаныя, так што прастора публічнага вольнага слова і думкі ў краіне пасьля сёньняшняга рашэньня надалей сьціскаецца.

Палітычныя «замаразкі», якія пачаліся 19 сьнежня летась, ахопліваюць усё новыя сфэры грамадзкага жыцьця, Інтэрнэт аказаўся чарговай ахвярай.

Улада імкнецца зацягнуць чорным люстэркі ў доме, каб ніхто ня бачыў яе маланатхняльнае адлюстраваньне. Але ці стане яна прыгажэйшай у доме з закрытымі люстэркамі?

Люстэркі, зацягнутыя чорным
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:01 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG