Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінкіна: «Абысьці забароны і выйсьці на сайт „Хартыі“ і „Беларускага партызану“ вельмі проста»


Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

Паводле распараджэньня Генэральнай пракуратуры, у Беларусі абмежаваны доступ да незалежных палітычных сайтаў «Хартыя-97» і «Беларускі партызан». Чыноўнікі адпаведных дзяржструктур адмаўляюцца ад камэнтароў. Адмыслоўцы заяўляюць, што захады па абмежаваньні інтэрнэт-рэсурсаў малаэфэктыўныя.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, рашэньне абмежаваць доступ да «Хартыі-97» і «Беларускага партызану» прыняла Генэральная пракуратура на той падставе, што гэтыя інтэрнэт-сайты нібыта парушылі закон «Аб масавых мерапрыемствах». У пракуратуры гэтую інфармацыю пракамэнтаваць адмовіліся. У Дзяржаўнай інспэкцыі Беларусі па электрасувязі, якая забясьпечвае такія рашэньні тэхнічна, пацьвердзілі, што сьпіс абмежаваных сайтаў папоўніўся, але колькі інтэрнэт-пляцовак у яго дадалося — інфармацыя закрытая, кажа супрацоўнік інспэкцыі Юры Сьцешын:

«Ёсьць такі панятак — агульнадаступны сьпіс абмежаванага доступу, і ёсьць панятак сьпісу абмежаванага доступу для пастаўнікоў інтэрнэт-паслуг. Да агульнадаступнага ўсе могуць мець доступ, а да абмежаванага доступу — толькі пастаўнікі інтэрнэт-паслуг. Таму інфармацыя пра гэты сьпіс — толькі для правайдэраў. Я ня маю права распаўсюджваць гэтую інфармацыю: ні пра колькасьць, ні хто ў гэтым сьпісе — для таго ён і сьпіс абмежаванага доступу».

На афіцыйным інтэрнэт-сайце Дзяржаўнай інспэкцыі Беларусі па электрасувязі ў «Агульным сьпісе абмежаванага доступу» няма ніводнага запісу. Каб убачыць «Сьпіс абмежаванага доступу для пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг», патрабуецца адмысловы пароль, які выдаецца на заяву і пры наяўнасьці ліцэнзіі пастаўшчыка інтэрнэт-паслугі. Адзін з супрацоўнікаў інтэрнэт-сайту «Акавіта» Фёдар Караленка мяркуе, што насамрэч такога сьпісу дагэтуль і не існавала, а «Хартыя-97» і «Беларускі партызан» сталі ў ім першымі:

«Да цяперашняга моманту, па факце — гэтыя сьпісы былі пустыя і ніякія сайты не блякаваліся. Калі нейкая пастанова выйшла, то напэўна яны будуць блякаваць. Але ў адпаведнасьці з указам № 60 ёсьць толькі два варыянты блякаваньня сайту: для дзяржаўных устаноў — ва ўнівэрсытэтах, школах, дзяржаўных арганізацыях — і калі чалавек сам папросіць. Гэта ня будзе тычыцца астатніх грамадзян, і калі ў гэтыя сьпісы якіясьці сайты і патрапяць, то са сваіх дамоў людзі змогуць адчыняць любыя сайты без праблем».
Гэта ня мае вялікага сэнсу, акрамя таго, што чарговы раз пацьвярджае, што беларускія ўлады ў злосьці, у паніцы і ў разгубленасьці.

Правайдэры іншых інтэрнэт-сайтаў пацьвярджаюць, што не абмяжоўваюць доступ да сайтаў усім карыстальнікам інтэрнэт-паслуг. Адначасна яны адмаўляюцца камэнтаваць, колькі сайтаў і якія канкрэтна блякуюць для карыстаньня ў дзяржаўных установах. Аднак любыя забаронныя мэтады — малаэфэктыўныя, мяркуе адна з сталых аўтарак «Беларускага партызану» Сьвятлана Калінкіна:

«Я думаю, што насамрэч гэта бессэнсоўнае рашэньне. Яно хутчэй сьведчыць пра тое, што ўлады ня ведаюць, што рабіць: як стрымаць людзей, як стрымаць незалежную інфармацыю, і таму робяць такія захады. Хоць гэтыя захады абсалютна бессэнсоўныя — гэта пацьвердзіць любы спэцыяліст. Тэхнічныя магчымасьці выхаду на сайты „Хартыі“ і „Беларускага партызану“ празь іншыя сэрвэры будуць асвоеныя карыстальнікамі празь дзень-два, бо гэта вельмі проста рабіць. Я нават зьдзіўленая, што такія крокі былі зробленыя. Гэта ня мае вялікага сэнсу, акрамя таго, што чарговы раз пацьвярджае, што беларускія ўлады ў злосьці, у паніцы і ў разгубленасьці».

У адпаведнасьці з пастановай апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце абмежаваньне доступу можа выкарыстоўвацца паводле рашэньня вышэйшых дзяржаўных органаў — такіх, як Генэральная пракуратура, Камітэт дзяржкантролю і іншых арганізацый — да тых інтэрнэт-сайтаў, якія культывуюць экстрэмізм, гвалт, спрыяюць гандлю зброяй і людзьмі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG