Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што заблякавалі «Партызан» і «Хартыю»?


Як паведамляе агенцтва Інтэрфакс, сёньня на брыфінгу начальнік упраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Генэральнай пракуратуры Павел Радзівонаў паведаміў, што "на названых сайтах разьмяшчалася інфармацыя, якая не адпавядае заканадаўству. У прыватнасьці – заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах".

Акрамя таго, П. Радзівонаў заўважыў, што наведнікі згаданых сайтаў у сваіх камэнтарах часта дапускалі выказваньні, якія "зьневажаюць гонар і годнасьць іншых грамадзян, у тым ліку дзяржаўных чыноўнікаў".

Прадстаўнік пракуратуры ўдакладніў, што абмежаваньне доступу датычыць дзяржаўных устаноў, устаноў адукацыі і культуры, "дзяржава не павінна фінансаваць тыя сайты, якія супярэчаць заканадаўству", – патлумачыў ён.

Акрамя таго, ён удакладніў, што абмежаваньні ня будуць распаўсюджвацца на інтэрнэт-кавярні і на прыватных карыстальнікаў.

П. Радзівонаў таксама падкрэсьліў, што падобнае рашэньне ў дачыненьні да іншых інтэрнэт-СМІ прымаць не плянуецца. "У цяперашні час у Генпракуратуры няма матэрыялаў, якія сьведчаць аб парушэньні заканадаўства іншымі СМІ", - сказаў ён.

Паводле апытаньня, праведзенага сёньня карэспандэнтам агенцтва Інтэрфакс, доступ да «Хартыі-97» і «Беларускага партызана» быў заблякаваны ў большасьці беларускіх ВНУ, Акадэміі навук, шэрагу міністэрстваў, ведамстваў, і нават у КДБ. У той жа самы час, у некаторых установах культуры, у прыватнасьці, у Міністэрстве культуры, доступ да гэтых рэсурсаў быў. У Генэральнай пракуратуры запэўнілі, што ў іх доступ да "Хартыі- 97 "і" Беларускага партызана" ёсьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG