Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя будзе байкатаваць любыя выбары пры наяўнасьці ў краіне палітвязьняў


Пра гэта гаворыцца ў заяве "Аб умовах удзелу дэмакратычных сілаў Беларусі ў выбарчых кампаніях". Яна прынятая 11 красавіка Нацыянальнай каардынацыйнай радай дэмакратычнай апазыцыі Беларусі.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі канстатуюць, што прэзыдэнцкія выбары 2010 году прайшлі са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, а ўлада, "сфарміраваная ў выніку так званых выбараў", ня мае легітымнасьці.

"Татальныя рэпрэсіі, пачатыя 19 сьнежня, нясуць пагрозу грамадзтву і самому існаваньню Беларусі як незалежнай дзяржавы. Існуючы рэжым загнаў сябе ў эканамічны і геапалітычны тупік, зрабіў закладнікамі сваёй безадказнай палітыкі ўсё грамадзтва і краіну", — адзначаецца ў дакумэнце.

Каардынацыйная рада дэмсілаў патрабуе, каб народу Беларусі было вернута права фармаваць уладу ў сваёй краіне праз свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары.

"Гэта стане магчымым толькі ў выпадку вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, спыненьня перасьледу і рэпрэсій, забесьпячэньня канстытуцыйных правоў грамадзян на свабоду слова, сходаў і асацыяцый, унясеньня істотных зьменаў у заканадаўства і практыку правядзеньня выбараў", — гаворыцца ў заяве.

Пакуль гэтыя ўмовы ня будуць выкананыя, дэмакратычная апазыцыя Беларусі пакідае за сабой права праводзіць кампанію байкоту любых выбарчых кампаній.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG