Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самаабвешчаная дэвальвацыя


Фармальна Нацыянальны банк захоўвае ранейшую прывязку беларускага рубля да асноўных валют. Але ў рэальнасьці дзейнічае множнасьць курсаў, а банкі пераходзяць на дамоўную працу з кліентамі. Набыць даляры ці эўра ў абменных пунктах немагчыма, даляравы курс безнаяўных апэрацый перавысіў 4 тысячы рублёў.

Усё больш экспэртаў сыходзяцца на думцы: прычыны ўпартага жаданьня ўладаў стрымаць курс рубля трэба шукаць у палітычнай плоскасьці. Нават 10-працэнтная дэвальвацыя зноў робіць нерэальным абяцаны заробак у 500 даляраў. У дадзеным жа выпадку гаворка сама меней пра 30—40-працэнтнае абясцэньваньне нацыянальнай валюты. І, як лічыць доктар эканамічных навук, прафэсар Генадзь Лыч, такую непазьбежнасьць можна толькі адтэрмінаваць:

"Для разумнага чалавека тут усё зразумела. Таму, думаю, дэвальвацыю будуць праводзіць, нікуды ўлады ад гэтага ня дзенуцца…".

"А чаго тады ўлады чакаюць? Паводле лёгікі, трэба было як мінімум месяц таму абвяшчаць дэвальвацыю…".
калі Расея дасьць грошы, крыху яшчэ працягнем, але пасьля гэтага зноў жа наступіць гэты неакрэсьлены пэрыяд "ікс" ...

"А чакаюць зразумела чаго — калі самы галоўны начальнік дасьць каманду "фас". І нават пры абяцаным, але відавочна невыканальным заданьні давесьці заробак да 500 даляраў яму нічога іншага не застанецца. Цяперашняя сытуацыя аб'ектыўна такая, што іншага варыянту папросту няма. Магчыма, калі Расея дасьць грошы, крыху яшчэ працягнем, але пасьля гэтага зноў жа наступіць гэты неакрэсьлены пэрыяд "ікс".

Нягледзячы на фінансавы стан, блізкі да каляпсу, Нацыянальны банк надалей заяўляе, што ўсё застаецца пад кантролем. Афіцыйны курс рубля да даляра па-ранейшаму на адзнацы 3 046 рублёў, у банках — 3111. Але валюты па такім курсе ў абменьніках няма ўжо больш за месяц. На міжбанку лічыцца ўдачай, калі даляр набываецца за 4400 рублёў. Ёсьць зьвесткі, што ў шэрагу выпадкаў гандляры пералічваюць тавар ужо па падвойным курсе — больш за 6 тысяч рублёў.

Экспэрты кажуць, што пры такім раскладзе заявы пра "кантроль над сытуацыяй" выглядаюць значным перабольшаньнем. Пазбаўленыя магчымасьці для манэўраў, банкі па сутнасьці ўступілі ў своеасаблівую картэльную змову. Цэнтрабанк прымушае падначаленыя яму ўстановы прадаваць валюту насельніцтву, але ніхто пра гэта нават ня думае. Мала таго, банкі ўжо фактычна абвясьцілі дэвальвацыю, увёўшы дамоўныя курсы. Прыкладам, пагашэньне валютных крэдытаў можна ажыцьцявіць у рублях, але не па афіцыйным курсе, а ў пераліку — да 3800 рублёў.

Экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Кацярына Барнукова кажа, што падобныя крокі сьведчаць пра адно: працэс дэвальвацыі пачаўся і бяз згоды з боку ўладаў:

"У пэўным сэнсе працэс бескантрольны, але, зь іншага боку, гэта фактычна
банкі ўводзяць так званы дамоўны курс, гэта насамрэч рынкавы і справядлівы курс беларускага рубля ...
першыя крокі ў бок дэвальвацыі. Тое, што банкі ўводзяць так званы дамоўны курс, гэта насамрэч рынкавы і справядлівы курс беларускага рубля. Канечне, такая сытуацыя вельмі дрэнная перадусім тым, што няпэўнасьць на рынку і множнасьць курсаў шкодзіць рэальнай эканоміцы нашмат больш, чым дэвальвацыя. Таму дэвальвацыя неабходная, і ня вельмі зразумела, чаго чакаюць улады. Бо расейскія крэдыты гэтаксама ня вырашаць праблему ў корані. Нават калі іх хопіць на паўгода, то незразумела, што рабіць пасьля гэтых шасьці месяцаў, калі мы апынемся ў такой жа сытуацыі зноў. То бок праблему трэба вырашаць больш радыкальным чынам, а не спрабаваць яе ўвесь час адтэрмінаваць".

Як лічыць фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова, сытуацыю могуць уратаваць толькі кардынальныя пераўтварэньні. У іншым выпадку нават дэвальвацыя ня стане паратункам, бо складаныя часы наступаюць і для дзяржаўнага сэктару, які завязаны на імпарт, але ня мае валюты, каб набываць кампанэнты для вытворчасьці:

Кацярына Сьмірнова
"Што тычыцца дэвальвацыі, то яна, магчыма, расставіла б усё па сваіх месцах у нейкай кароткатэрміновай пэрспэктыве. То бок тыя людзі, якія, скажам, захацелі б абмяняць палову свайго заробку на даляры і такім чынам забясьпечылі б нейкія рэзэрвы, напэўна, ня сталі б гэтага рабіць. А што тычыцца нават ня доўгатэрміновай пэрспэктывы, а ў рамках нават аднаго году, то гэта ня вырашыла б абсалютна нічога. Наяўны рынак складае толькі 3% ад валютнага рынку краіны, таму нават у выпадку задавальненьня попыту з наяўнасьцю ніяк не вырашаецца праблема ў астатніх 97%".

Няпэўнасьць у фінансавай сфэры выклікала параліч іншых галін дзейнасьці. Так, фактычна замарожаныя зьдзелкі на рынку нерухомасьці. Без свабоднай канвэртацыі продаж дамоў і кватэраў стаў немагчымым — усе апэрацыі ў гэтай сфэры традыцыйна ажыцьцяўляюцца ў далярах. Вызначаць кошты ў рублях таксама ніхто не бярэцца — найперш з-за таго, што невядома, да якога курсу прывязваць разьлікі.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG