Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салідарныя з Пачобутам


Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут
Журналісты распачалі акцыю салідарнасьці з арыштаваным калегам Андрэем Пачобутам. Гарадзенскаму карэспандэнту польскай "Газэты выборчай" Андрэю Пачобуту працягнулі меру стрыманьня, ён будзе знаходзіцца пад вартай прынамсі яшчэ два месяцы. Супраць яго распачата крымінальная справа па двух артыкулах: 368 (частка першая) —"абраза прэзыдэнта" і 367 (першая частка) — "паклёп на прэзыдэнта". Сьледзтва вядзе Гарадзенская абласная пракуратура, у аснове справы — публікацыі Андрэя Пачобута, большая частка якіх узятая з "Газэты выборчай".

Фотажурналістка Юлія Дарашкевіч выказвае пратэст супраць таго, што Андрэя Пачобута схавалі за краты, рыхтуюць над ім судовы працэс:

Юлія Дарашкевіч
"Андрэй Пачобут — мой зямляк, мы працавалі разам, і гэта чалавек, для якога "толькі праўда цікавая", гэта лёзунг, зь якім ён жыве і працуе. Вельмі абурыла мяне, што за краты трапіў менавіта журналіст, мой калега, за сваю прафэсійную дзейнасьць. Тое, што яму закідаюць, гэта яго допісы ў блогу, у інтэрнэце, у "Газэце выборчай". Самае малое, што мы можам зрабіць, — гэта праявіць салідарнасьць з нашым калегам, сябрам і падпісацца пад ягонымі артыкуламі, падзяліўшы гэтую адказнасьць. Гэта сымбалічная, вядома, акцыя, праява салідарнасьці. У сваёй фрэнд-стужцы бачу, што дзясяткі людзей ужо зрабілі гэты перапост".

Юлія Дарашкевіч прапануе дамагацца, каб Андрэю Пачобуту зьмянілі меру стрыманьня. Яна нагадвае, што ў яго малыя дзеці:

"Я хачу сказаць, што гэта толькі пачатак акцый салідарнасьці, якія мы, сябры Андрэя Пачобута, будзем рабіць. Ужо зроблены блянк паручальніцтва за яго, які будзе перададзены ў пракуратуру з просьбай зьмяніць яму меру стрыманьня. Подпісы можна будзе паставіць як у Горадні, так і ў Менску, яны ёсьць ва ўправе БНФ. Літаральна сёньня можна будзе іх спампаваць з інтэрнэту. У Андрэя Пачобута ў хаце двое малых дзетак. Ён журналіст, не цяжкі злачынца, якога варта трымаць за кратамі. Вядома, мы разумеем, што на гэта будзе палітычная воля кіраўніцтва краіны — пакідаць яго за кратамі ці выпускаць, але гэта тое, што мы можам сёньня зрабіць для яго, тая дапамога, якую мы можам аказаць яму".

Андрэй Пачобут — сталы аўтар часопіса "Архэ", ён атрымаў прэмію рэдакцыі "За сумленнае слова". Галоўны рэдактар Валер Булгакаў:

Валер Булгакаў
"Лукашэнкаўскі рэжым выбраў некалькі мішэняў, па якіх адкрыў агонь. Прычына — не асоба Андрэя Пачобута, нягледзячы на ўвесь бляск і шырыню яго таленту. Прычына ў тым, што рэжым адчуў, што прайграе інфармацыйную вайну ў інтэрнэце. Падзеі на Плошчы паказалі, што інтэрнэт, сацыяльныя сеткі становяцца магутным інструмэнтам фармаваньня масавай сьвядомасьці. Аўдыторыя інтэрнэт-СМІ і прыватных блогаў дасягае соцень тысяч чытачоў. Рэжым вырашыў выбраць людзей аўтарытэтных, чыя творчасьць выклікае вялікі грамадзкі рэзананс. І арыштаваўшы, зьняважыўшы іх, запалохаць, стэрарызаваць беларускае грамадзтва, у тым ліку сьцішыць інтэрнэт-актыўнасьць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG