Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянская супольнасьць прадстаўляе "Стратэгію-2012"


11-12 красавіка ў Менску адбудзецца канфэрэнцыя "Роля і месца грамадзянскай супольнасьці ў стратэгіі будучыні". Канфэрэнцыю гэту меркавалася правесьці яшчэ месяц таму, але тады адміністрацыя Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру у апошні момант адмовіла ў памяшканьні. Прычына адмовы — быццам бы адзін з заснавальнікаў Цэнтру, Менгарвыканкам, забараніў даваць пляцоўку дэмакратычным сілам. Цяпер арганізатары знайшлі новую пляцоўку.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, то бок трэцяга сэктару, яшчэ ў сакавіку прадставілі сваю "Стратэгію-2012: ад дыялёгу ўнутры дэмакратычных сілаў да дыялёгу з рэжымам". Прычым, як патлумачыў адзін з распрацоўшчыкаў стратэгіі, палітоляг Уладзімер Мацкевіч, грамадзянская супольнасьць не бярэцца выконваць палітычныя функцыі. Яна проста выказвае сваё незадавальненьне станам палітычнай апазыцыі, якой наканавана прадстаўляць на палітычным узроўні інтарэсы ўсяго грамадзтва і грамадзянскай супольнасьці:

"Грамадзянская супольнасьць досыць галосна і прынцыпова патрабуе ад
Грамадзянская супольнасьць патрабуе ад палітыкаў скончыць свае спрэчкі і узаемныя абвінавачваньні, і аб'яднацца.
палітыкаў скончыць свае спрэчкі, узаемныя абвінавачваньні, аб'яднацца дзеля дасягненьня нашых агульных мэтаў, скончыць высьвятленьне адносінаў паміж сабою і заняцца справай, той, якой і павінны займацца палітыкі. Таму на гэтай канфэрэнцыі грамадзянскай супольнасьць і зьвяртаецца да палітыкаў: канчайце займацца тым, чым вы займаецеся. Хопіць. Пачынайце працаваць".

Што ўзгодненая адзіная стратэгія дзеяньняў патрэбна, пагаджаюцца і палітыкі. Аляксандар Мілінкевіч, лідэр руху "За свабоду", кажа:

"Неабходна такая стратэгія. Прычым тут прынцыпова вось што: ня проста стратэгія для групы палітычных партыяў. Я падкрэсьліваю гэта. Вялікі палітычны шанец і патрэба вялікая, каб гэта быў скансалідаваны цэнтар і палітычных сілаў, і грамадзкіх сілаў, і экспэртнай супольнасьці. І вось да гэтага трэба імкнуцца".

Прадстаўнік кампаніі "Гавары праўду" Андрэй Дзьмітрыеў лічыць, што патрэбна кансалідацыя і менавіта адзіная стратэгія:

"Трэба разумець: дзьве стратэгіі дэмакратычнага грамадзтва азначаюць
Дзьве стратэгіі дэмакратычнага грамадзтва азначаюць адсутнасьць стратэгіі.
адсутнасьць стратэгіі. Калі мы зноўку рухаемся рознымі калёнамі, гэта азначае, што мы рушым у нікуды. Таму задача — сфармаваць адзіную стратэгію".

Як сьцярджае Уладзімер Мацкевіч, грамадзянская супольнасьць ня проста енчыць, маўляў, палітыкі, аб'яднайцеся і кіруйце намі. У грамадзянскай супольнасьці ёсьць інтэлектуальныя сілы, экспэрты, уплыў на мэтавыя групы, і гэта дазваляе ёй прапанаваць свой варыянт дзеяньняў. Але гэта не азначае, што менавіта яна будзе прынятая:

"У першы дзень будуць заслуханыя ўсе прапановы: і прапановы Шушкевіча з Казуліным, Івашкевічам і астатнімі; і калі ёсьць прапановы ў іншых партыяў, лідэраў, якія пакуль не агучаны; і крыху альтэрнатыўныя прапановы, якія ёсьць у лідэраў грамадзянскай супольнасьці. Мы ў гэтым сэнсе прапануем усім, хто мае што сказаць – выкласьці іх на канфэрэнцыі ў першы дзень. А ў другі дзень мы ўжо будзем думаць, як іх узгадніць паміж сабой. Абсалютных супярэчнасьцяў быццам бы няма. Таму задача – як іх спалучыць паміж сабой і выпрацаваць найбольш прыдатную стратэгію".

Мяркуецца, што у канфэрэнцыі будзе удзельнічаць каля 130 чалавек. Запрошаныя экспэрты з Эўропы, прадстаўнікі дыпляматычных місій краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваных у Беларусі. Пра дакладнае месца правядзеньня канфэрэнцыі пакуль не паведамляецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG