Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў і Камароўскі сустрэнуцца на фоне дыпляматычнага скандалу


Сёньня ў расейскім Смаленску завершацца жалобныя мерапрыемствы з нагоды першай гадавіны аварыі самалёта прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, ахвярамі якой сталі 96 прадстаўнікоў польскай эліты.

Прэзыдэнты Расеі і Польшчы наведаюць аэрадром “Паўночны” і мэмарыяльным комплекс “Катынь”. Між тым візыт польскага прэзыдэнта ў Расею быў азмрочаны скандалам, зьвязаным з няўзгодненай заменай расейскім бокам мэмарыяльнай шыльды на месцы падзеньня самалёта, зь якой зьнік напамін аб тым, што польская дэлегацыя кіравалася на месца савецкага генацыду супраць палякаў.

Палякі, а асабліва прадстаўнікі сем’яў загіблых, якія пабывалі зь пілігрымкай у Смаленску 9 красавіка, былі сапраўды расчараваныя і абураныя прыкрым фактам, што на новай мэмарыяльнай дошкі зьнікла згадка пра мэты трагічнай паездкі Леха Качыньскага, для іх гэта прынцыпова, як праўда пра саму трагедыю Катыні. Не спадабалася многім і тое, што гэта было зроблена таемна ад польскага боку, без узгадненьня. Было вельмі шмат эмацыйных заяў і ацэнак. На нейкі момант нават падалося, што гэты інцыдэнт можа сарваць візыт Браніслава Камароўскага ў Расею, але польскі прэзыдэнт выявіў разважлівасьць – як чакаецца, ён проста ня будзе ўскладаць кветкі да новай шыльды, а пакладзе іх у іншым месцы, напрыклад, ля адзінокай бярозы, якую зачапіў самалёт Качыньскага пры падзеньні год таму.

Новая мэмарыяльная дошка на месцы падзеньня самалёта Леха Качыньскага ў Смаленску, якая выклікала скандал паміж Варшавай і Масквою.

Смаленскі губэрнатар Сяргей Антуф’еў з гэтай нагоды паведаміў, што рашэньне аб замене шыльды было прынятае на просьбу расейскіх грамадзян, бо ранейшая была толькі на польскай мове, што новую шыльду стараліся рабіць нешматслоўнай і зусім не чакалі настолькі вострай рэакцыі польскага боку. На ягоную думку, што на аэрадроме “Паўночны” на месцы падзеньня самалёта трэба згадваць толькі ягоных ахвяр, там не патрэбныя згадкі пра ахвяраў Катыні, для гэтага ёсьць свой мэмарыял… Гэты інцыдэнт увогуле сьведчыць, што працэс паразуменьня польска-расейскага ня йдзе бясхмарна.

Смаленскі губэрнатар Антуф’еў (у цэнтры з кошыкам кветак) ушанаваў памяць ахвяр.

Як чакаецца, сёньня прэзыдэнтамі Польшчы і Расеі будуць зробленыя новыя крокі ў высьвятленьні абставін польскіх трагедый і 1940 года і 2010.

Незадоўга да візыту расейскі бок перадаў Варшаве 119 тамоў справаў ахвяр Катыні. Сьледзтва ж у справе леташняй трагедыі працягваецца, расейскі бок зьбіраецца завяршыць яго ў траўні гэтага году.

Віленскія палякі і польскія дальнабойшчыкі правялі жалобную імшу на месцы падзеньня самалёта Качыньскага.

10 красавіка, роўна праз год пасьля смаленскай трагедыі, ніякіх афіцыйных польскіх дэлегацыяў на месцы падзеньня самалёту не было. Да месца падзеньня самалёту ўсклалі свае кветкі і вянкі польскія дыпляматы і смаленскія ўлады. Затое было вельмі шчырае народнае памінаньне ахвяраў трагедыі простымі людзьмі, прыехала вялікая група віленскіх палякаў разам з ксяндзом, прыйшлі польскія вадзіцелі- дальнабойшчыкі, якія ў гэты час транзытам знаходзіліся ў Смаленску, было шмат мясцовых жыхароў, у тым ліку смаленскія палякі. Мітынгаў не было, былі толькі малітвы і сьлёзы. У дзень гадавіны катастрофы ў Смаленску былі холад, сьнег і туман.

Дрэвы і кусты на ўскрайку лесу, над якім разьбіўся самалёт Качынськага павысякалі. Пакінулі толькі тыя дрэўцы, вяршаліны якіх адсёк самалёт за сэкунды да падзеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG