Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арабскія краіны: прэзыдэнт Емэну павінен сысьці


Емэн: пятнічныя пратэсты ў горадзе Таіз
Емэн: пятнічныя пратэсты ў горадзе Таіз
Прэзыдэнт Емэну Алі Абдула Салех павінен перадаць уладу віцэ-прэзыдэнту і дазволіць апазыцыі сфармаваць пераходны ўрад. З такой заявай выступілі сёньня міністры замежных спраў краінаў Пэрсыдзкай затокі.

Нарада краінаў, якія ўваходзяць у рэгіянальную раду супрацоўніцтва, адбылася ў нядзелю ў сталіцы Савудаўскай Арабіі – Эр-Рыядзе. Пазьней пройдуць перамовы членаў Рады з прадстаўнікамі емэнскіх уладаў.

У Раду супрацоўніцтва краінаў Пэрсыдзкай затокі ўваходзяць Бахрэйн, Катар, Кувэйт, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Аман і Савудаўская Арабія.

Забурэньні ў Емэне працягваюцца ўжо некалькі месяцаў. Апазыцыя дамагаецца адстаўкі прэзыдэнта Салеха, які кіруе краінай больш за 30 гадоў.

Сёньня дзясяткі тысяч чалавек працягвалі пратэсты ў сталіцы краіны Сане а таксама ў гарадах Таіз, Іб ды Худайдах. Відавочцы сьцьвярджаюць, што сілы бясьпекі сёньня ізноў абстрэльвалі дэманстрантаў, забіўшы дзясяткі чалавек.
XS
SM
MD
LG