Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэрыкаве мараць пра адраджэньне беларускай мовы


Удзельнікі першага паседжаньня клюбу аматараў беларускай мовы “Мара”

Удзельнікі першага паседжаньня клюбу аматараў беларускай мовы “Мара”

10 красавіка ў райцэнтры Чэрыкаў, што на Магілёўшчыне, мясцовыя прыхільнікі беларушчыны ўтварылі клюб аматараў беларускай мовы “Мара”. Стан беларускага школьніцтва, мовы й культуры сталі галоўнымі тэмамі першага клюбнага паседжаньня.

На ім прысутнічаў і наш карэспандэнт Андрэй Белагубаў. Яму слова.

Паседжаньне прайшло ў хаце чэрыкаўскага журналіста, грамадзкага дзеяча Мікалая Царкова. На першую сустрэчу прыйшлі паўтары дзясяткі чалавек.

Ініцыятыва стварэньня клюбу належыць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры зь вёскі Рэчыца Людміле Старавойтавай. Як яна адзначыла, ёй часьцяком даводзіцца сутыкаецца з фармальным падыходам да таго, што беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай. “Вось і задумалася, як бы зьмяць такую сытуацыю”, -- кажа настаўніца.

“Мне зусім нядаўна падарылі слоўнік 1924 году – Ластоўскага. Я прачытала прадмову, і праблемы, якія існавалі тады, яны засталіся й на сёньня. Ня ведаю, ці гэта лёс у нас такі, ці наша празьмерная памяркоўнасьць прывялі да таго, што гаварыць па беларуску ў Беларусі – гэта нейкае дзівацтва. Мы нікому ня хочам навязваць свае думкі, мы проста сваім прыкладам хочам паказаць, што мова існуе. Пакуль жыве мова, жывем мы, жыве народ, сказаў Багушэвіч”.

Паводле Людмілы Старавойтавай, шмат хто зь яе калегаў пра плян папулярызацыі беларускай мовы на Магілёўшчыне, які падпісаў старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік, нават і ня чулі, хоць яго зацьвердзілі амаль паўтары гады таму.

У чэрыкаўскага пэдагога, краязнаўцы Васіля Максіменкі цікаўлюся, як ставяцца яго калегі і вучні да беларускай мовы:

“Настаўнікі добра ведаюць беларускую мову. Калі б дзяржаўная палітыка была скіраваная на падтрымку беларускай мовы, яны б выканалі сваю місію. А вучні, зрабі ім умовы, і яны зь вялікай ахвотай будуць вывучаць беларускую мову”.

Ініцыятарка стварэньня клюбу Людміла Старавойтава (у цэнтры)

У самім Чэрыкаве няма беларускамоўных школ. Усе яны ў вёсках. У райцэнтры пануе трасянка, кажа Васіль Максіменка. А ў вёсцы?

“Загавары са старажылам па-беларуску. Ён будзе з табой гаварыць па-беларуску. А вось з маладымі, хоць яны й вучыліся ў беларускамоўных школах, яны ня будуць весьці гутарку па-беларуску. Вось у чым праблема”.

Чэрыкаўскі руплівец беларушчыны Мікалай Шчэрбіч зьбіраў подпісы за адкрыцьцё ў Беларусі беларускамоўнага ўнівэрсытэту. Як ставіліся яго землякі да такой ініцыятывы?

“Подпісаў было шмат. Амаль ніхто не адмаўляў. Усе ж народы размаўляюць на сваёй мове, ну й нам таксама хацелася б. Але вось практычнага выкарыстаньня пакуль няма. Калі будзе дзяржаўная палітыка ў патрэбным кірунку, то й мова будзе жыць. Без падтрымкі дзяржавы гэтую праблему ня вырашыць”.

Паседжаньні клюбу “Мара”, абяцаюць яго арганізатары, будуць рэгулярнымі. Тут ахвотным будуць дапамагаць вывучаць беларускую мову. Абяцаюць, што ў клюб будуць запрашаць беларускіх музыкаў. Госьцем першага паседжаньня стаў магілёўскі бард Ігар Мухін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG