Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы райцэнтар, які вызваліўся ад NATO


Мястэчка Грэск, што знаходзіцца ўбаку ад трасы Менск — Слуцак, наўрад ці здольнае чымсьці ўразіць падарожніка. Усё, што было тут гістарычна адметнага, спалена ў мінулую вайну і зруйнавана за саветамі. Хіба што царква, пераробленая з былога кінатэатру, прыцягне ўвагу. Ініцыятар аднаўленьня ў Грэску храма — былы настаўнік гісторыі Алесь Новік.



Акрамя царквы, спадар Алесь у сваім двары зрабіў своеасаблівы музэй этнаграфіі пад адкрытым небам. Зьвёз старыя ступы, пранікі ды іншыя драўляныя прылады сялянскага побыту. Расфарбаваў іх. Пабудаваў маленькі млын-вяртак.


— Бачу хат шмат закінутых. Люблю пакалупацца. Па звычцы, бывала, зойдзеш — штосьці валяецца, гіне. Вось і сабраў. Спачатку думаў, людзі раскрадуць. Не. Самі, бывала, нешта падносяць. Дзеці прыходзяць. Гэта ўспамін аб нашым мінулым. Якое яно было, добрае ці дрэннае, гэтае мінулае. Але хай застаецца памяць. Хай яны будуць успамінаць. Успаміны дзяцінства — самыя яркія. Людзі ўкладалі працу сваю, жылі гэтым. І раптам — каб яно прападала? Тут жа кавалачак душы чалавечай у кожнай рэчы ёсьць. Хай яна і застаецца. Перадаецца гэтая душа ў памяць продкаў.

Алесеў двор стаў улюбёным месцам для гульняў навакольнай дзятвы. Прызнацца, я заслухаўся іхнай чысьцюткай прыроднай беларускай мовай.



— У Мінску такога няма.


І бабка Ёжка тут сядзіць. Вунь там, у доміку.


— А гэта што такое?


Ступа.


Чугун.


— А вы бывалі дзе, акрамя Грэску?


У Слуцку, у Мінску.


Я паеду на мора. Купацца, загараць.


— Куды на мора?


На Белае мора.


— На Белым ты не пазагараеш. А што такое Беларусь?


Беларусь? Гэта планета.


— Планета?


Так. Там людзі жывуць. Там усё ёсьць.


Згадзіцеся, вельмі паэтычны адказ прагучаў з вуснаў пяцігадовай дзяўчынкі. Беларусь — гэта плянэта! За мову маленькіх насельнікаў гэтай плянэты ў Грэску можна быць спакойным. У школе яны патрапяць да настаўніцы пачатковых клясаў Ганны Міклашэвіч. Якая нядаўна выпусьціла свой першы паэтычны зборнік.


Ганна Міклашэвіч:


Вершы нараджаюцца, як дзеці.

Ў кожнага адкрытая душа.

Іх пачатак не на гэтым сьвеце,

А на небе, дзе зьвініць імша...



— Я лічу, што беларусы павінны і жыць па-беларуску, і думаць па-беларуску, і гаварыць, і пісаць. Каб пачулі нашчадкі. Тым больш настаўнікі. Я працую ў беларускамоўнай школе і ганаруся гэтым, што беларускую мову даношу да дзяцей. Трэба, каб і мы, і нашы дзеці часьцей чулі нашу мову. Ня часта яе чуеш па Першым тэлеканале. Каб менш было трасянкі, каб нашы кіраўнікі больш гаварылі на роднай мове. Нават на ўзроўні раёну.


Аляксандар Маскалевіч — старажыл мястэчка. Хоць стары на пэнсіі, але надалей працуе на трактары ў мясцовым СПК. Бо моладзі не хапае. Народжаны пасьля вайны, Аляксандар ведае пра стары Грэск толькі з расповедаў бацькоў і дзядоў.




— Вялікае было мястэчка. Тут кірмашы адбываліся. На Багатніка і на Ільлю.


— Ад той традыцыі нічога ўжо не засталося?


— Не. Як раён у нас стаў, дык забаранілі і фэст спраўляць. Па вёсках яшчэ ва ўсю спраўлялі. Музыкаў наймалі, сваякоў клікалі. А ў нас раён не дазволіў. Тут на цэнтры каменная дарога. А якая каменная? Царква была абнесеная двухмэтровым парканам каменным. Дык раскідалі гэты паркан і дарогі павыраблялі. А тратуары былі драўляныя. А як раён раскідаўся, нічога добрага ўжо ня было. У райкаме Дом інвалідаў зрабілі.


Расповед Маскалевіча пра вайну яшчэ раз сьведчыць, што ў Беларусі яна мела характар вайны грамадзянскай. Калі былыя раскулачаныя помсьцілі былым камуністам.


— Як вайна пачалася, ізноў зрабілі царкву. А як адступалі, паліцаі самі пазапальвалі свае хаты. І цэнтар запалілі. Усё выгарала дашчэнту.


— Навошта яны гэта рабілі?


— Каб нічога не засталося. Многа ўцякло. Хто жорстка зь людзьмі абыходзіўся, тыя паўцякалі і не паварочаліся. А хто так быў у батальёне... Пагалоўна ўсе мужчыны былі. Таму што калі ты ня хочаш ісьці ў паліцыю, значыць, ты спачуваеш савецкай уладзе. Пачалася вайна. Прызвалі ўсіх. А адзін быў актывістам. Дык ён хаваўся. А адзін, каго раскулачвалі, яго пазнаў і выдаў. Сюды прывезьлі і расстралялі.


— Гэта адбывалася публічна?


— Публічна!


Грэск быў райцэнтрам да 1954-га году. Тая пара зьнішчыла традыцыйныя грэскія фэсты і пакінула некалькі сталінскіх будынін з порцікамі. Сёньня, закінутыя і нежывыя, яны выглядаюць нейкімі дамамі-прывідамі. Слова Алесю Новіку.



— Там быў камбінат надомнай працы. Стаялі швачныя машынкі. Чалавек семдзесят там працавала. Каля сотні на дом замовы бралі. Тут і НАТО замовы давала. Агрэсіўны блёк. Шылі заплечнікі для армейцаў.


— І даўно Грэск вызваліўся з-пад НАТО?


— Ужо гадоў дзесяць, мабыць. Закрылі. Пустуе будыніна такая.


— І ня толькі яна адна...


— І пякарня закінутая стаіць. І гумовую стужку рабілі, жанчын сорак працавала. І там закінулі, усё парасьцягвалі. Уся праблема эканамічная, што бязмозглае кіраўніцтва ня можа арганізаваць працу людзей. Людзі — абы вайны не было. Радуюцца, жывуць.


— Калі гэта не вайна, дык што гэта?


— Пра нашчадкаў ня думаюць. Як жа дзеці жыць будуць?


— Выбары ці былі ў Грэску тэмай для размоваў?


— Не. Я такі прыклад прывяду цікавы. Ехаў у аўтобусе. Сядзяць дзьве жанчыны. Пасьля выбараў якраз было. І спрачаюцца. Адна за Лукашэнку, а другая супраць. Увесь аўтобус уважліва слухае. Яны сварацца. Сьліна з роту ляціць. А я пры добрым гуморы быў. Кажу: «Жанчынкі, перастаньце, давайце людзей паслухаем». Кажу: «Людзі. Падымеце руку, хто галасаваў за Лукашэнку». У аўтобусе чалавек сорак ехала. Усе заціхлі. І паднялі за Лукашэнку чалавек пяць. Я кажу: «Дык чаго вы, бабкі, спрачаецеся? Паглядзіце на людзей. Усё гэтым сказана». І ўсё на гэтым.


У 1920-м годзе, калі палыхнула Слуцкае паўстаньне, з жыхароў Грэскае воласьці быў створаны аддзел лікам 150 жаўнераў. Камандаваў атрадам афіцэр былой імпэрыі Мікола Вітка. Ці не ягоны далёкі сваяк сёньня вучыць грэскіх дзяцей любові да радзімы празь беларускую аўтарскую песьню? Знаёмцеся. Міхась Вітка.



— Я працоўнае навучаньне выкладаю. У мяне два гурткі ёсьць. Вучу на гітары граць дзяцей. І эстраднай песьні. І заадно для дзяцей песьні пішу. Яны зь імі выступаюць. «Суквецьце талентаў». Такі конкурс ёсьць у Беларусі. Сам я апошнія два-тры гады турыстычнай песьняй захапіўся.


— Ад вашых заняткаў у дзяцей прыбаўляецца паважлівага стаўленьня да роднага слова?


— Так. У нас засільле расейскай папсы. Расейская мова — галоўная мова эстрады. Я на сваім узроўні стараюся вучыць дзяцей сьпяваць на беларускай...

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG