Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прагноз Камароўкі: расейскі крэдыт


Ці дасьць Расея Беларусі крэдыт на прымальных для Беларусі ўмовах?

Адказваюць экспэрты


Сяргей Чалы
Сяргей Чалы, фінансавы аналітык: Я мяркую, так. Што тычыцца прымальнасьці ўмоваў, то магчыма яны будуць не настолькі прымальныя для Беларусі, калі не па тэрмінах, дык па нейкіх закулісных дамоўленасьцях. Але думаю, што Расея пойдзе нам насустрач. Яна выдатна разумее, што, як выказаўся іх мінфін, гэта «так званы» крэдыт, намякаючы на разуменьне, што вернуты ён усё роўна ня будзе. Такім чынам Расея будзе павялічваць абавязацельствы Беларусі перад ёй, якія ў будучыні можна будзе канвэртаваць ва ўласнасьць.

Што тычыцца нас, то мы ўжо зрабілі расейскаму боку столькі саступак па ходзе перамоваў аб выдзяленьні гэтага крэдыта, што цяжка ўжо вярнуцца на Захад. Па меры таго, як умовы робяцца ўсё больш жорсткімі, складана сказаць — не, тады мы ўжо да МВФ зьвернемся. Яны прапаноўвалі аналягічныя сумы, але тады здавалася, што іх умовы больш жорсткія, чым расейскія, хаця насамрэч можа здарыцца з дакладнасьцю да наадварот.

Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў, намесьнік дэкана факультэту сусьветнай эканомікі і сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі (Масква): Грошы, не крэдыт,а менавіта грошы даваць, відаць, давядзецца, бо беларуская эканоміка развальваецца на вачах. Калі атрымаюць? Няхутка, не раней за травень. На якіх ўмовах? Умовы для Беларусі будуць непрымальныя. Беларусь на гэтыя ўмовы пойдзе, каб іх не выконваць. Гэтага вельмі перасьцерагаюцца ў Маскве. Масква вельмі асьцярожна ставіцца да дамоваздольнасьці беларускага боку і здольнасьці выканаць умовы. У тым, што Беларусь ніякіх рэформ праводзіць ня будзе, ў Маскве не сумняваюцца.

Павал Шарамет
Павал Шарамет, палітычны аглядальнік выдавецкага дома «Коммерсант»: Расейскі крэдыт дадуць «на сьцяжку», у самы апошні момант. Будуць цягнуць да дасягненьня крытычнай кропкі для беларускай эканомікі, выгандлёўваючы для Расеі выгадныя ўмовы. Тым ня менш грошы Беларусі дадуць, бо ўсе разумеюць, што без вонкавай фінансавай дапамогі палітычнай стабільнасьці ў Беларусі можа ня быць. А расейскае кіраўніцтва зацікаўленае ў тым, каб там сытуацыя была больш менш спакойнай і падкантрольнай, паколькі любыя сацыяльныя канфлікты могуць перарасьці ў палітычныя, і на месца Лукашэнкі можа прыйсьці хто заўгодна і стопрацэнтны ўплыў Расеі можа зьнікнуць.


Адказвае Камароўка


Юнак: «Не, не атрымае яна выгадных крэдытаў. Бо, наколькі я разумею, адносіны з Расеяй зараз напружаныя, а таму думаю, што не».

Юначка: «Не, канечне. Калі б я вам давала крэдыт — я таксама хацела б нешта з вас садраць».

Спадар: «Дасьць, канечне, яна ж добрая».

Спадарыня: «Будзе выгадна для Расеі. А Беларусь будзе вымушаная пайсьці на гэтыя ўмовы, бо іншай альтэрнатывы ў нас няма. Да прыкладу, дзьве сям’і — вашая і суседа — вы для каго будзе больш старацца? Канечне, для сваёй сям’і. Таксама і Расея і любая іншая краіна — яна будзе больш старацца для свайго народу. Таму — канечне, умовы будуць выгадныя для Расеі».

Юнак: «Атрымае. Гэта вялікая палітыка — дамовяцца».

Юначка: «Я думаю, што так. Бо саюз паміж Беларусьсю і Расеяй — гэта ўсё ж саюз — трэба ж падтрымліваць адзін другога».

Спадар: «Не. А чаму? Бо кожны крэдыт павінны мець аснову выгады. Дасьць на тых пэўных умовах, якія для Беларусі ня будуць выгадныя».

Спадарыня: «Яна можа і даць, бо Расея — шчодрая душа — як у рэкляме. Але, калі б гаворка пра мяне і я жыла на камунальнай кухні — я б ужо нічога не дала. Пасьля таго, як мы Расею — прабачце — абкакалі, а зараз, калі нас прыціснула… Патрэбна быць прыстойнымі ва ўсім, у палітыцы у тым ліку, а тут прыстойнасьцю нават і ня пахне».

Спадар: «Проста так ніхто нічога не дае. Даюць за нешта, бо гэта капіталізм. Проста так давала Беларусь калісьці саюзным рэспублікам, якія самі чагосьці не маглі. А зараз што творыцца: ты мне — я табе. Я думаю, што дасьць і скажа: а вы, як Кудрын кажа, дайце тое, тое і тое. Ну… — капіталізм».

Юначка: «Не. Бо ў нашай сытуацыі і ў нашым становішчы нам не даводзіцца выбіраць, у нас альтэрнатывы няма. З Эўропы дапамогі мы наўрад ці можам чакаць. Таму Расея — яна можа круціць умовы як толькі яна захоча. Для нас гэта, канечне, ня выгадна».

Прагноз экспэртаў:

Так — 2
Не — 1

Прагноз Камароўкі

Так — 5
Не — 5

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG