Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвакуацыя… на звалку


Напярэдані 25-х угодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС мы пачынаем сэрыю фотарэпартажаў «Людзі ў „зоне“», прысьвечаных трагічнай чарнобыльскай падзеі.

Веткаўскі раён чарнобыльская катастрофа «разарвала» на дзьве часткі. Жывой застаецца яго паўднёва-заходняя частка разам з райцэнтрам Ветка і паўночна-ўсходняя, дзе месьцяцца Сьвяцілавічы й знакамітая сваім ткацтвам Няглюбка. Цэнтар раёну — ад вёскі Рэчкі да Старога Закружжа — выселеныя, бо надзвычай моцна заражаныя радыяцыяй. Акурат у гэтых мясьцінах і маюць свой няхітры промысел многія жыхары Веткаўшчыны.

У выселенай зоне, блізу былога паселішча Барба, знаходзіцца палігон прамысловых і бытавых адходаў. Сюды звозяць з Гомеля, зь Веткі ды іншых месцаў нетаксічныя адходы.

Па дарозе на Барбу.

І менавіта сюды ж імкнуцца патрапіць з усёй ваколіцы заняпалыя людзі — і мужчыны, і жанчыны. Тут у іх свой промысел, сваё даходнае месца.


Кабета ў зашмальцаванай вопратцы, з закурадымленым ад вогнішча тварам і рукамі:

«Во мяшок бутэлек назьбірала, кіляграмаў дзесяць жалеза па тэчках расьпіхала. Прывязу ў Ветку й здам у раённую нарыхтоўчую кантору. Дзесятка будзе — і то добра. Дзесяць тысячаў! На булку хлеба, на пакет малака ўнучцы хопіць. Сёньня адно куплю, заўтра другое, потым трэцяе. Я зарабляю сабе на малако».

На свой промысел у «зону» жынчына, як і дзясятак іншых «старацеляў», дабіраюцца пераважна камбінаваным спосабам:

«Пяшком. А да Барталамееўкі — аўтобусам. Шэсьць кілямэтраў празь лес — і мы тут. Летам наагул добра — грыбоў, ягад назьбіраеш у прыдачу. Ніякай радыяцыі. Вы што, ня ў курсе? Палі засяваюць тут, кароў пасьвяць на гэтых палетках».

Як толькі самазвал ці трактар прыяжджае з гораду й выгружае чарговую порцыю ўсякага друзу, мужчыны й жанчыны хутка разграбаюць яго — шукаюць бутэлькі, метал, плястмасу. І пакуюць у мяхі, скрыні, тэчкі.


Тут важна, як кажуць, не зяваць, бо бульдазерыст палігону неўзабаве зруйнуе горку сьмецьця й засыпле зямлёй.

Спадарыня Алена: «Знойдзем — у сумачкі зьбіраем: бутэлькі, запчасткі. Вязем пасьля ў Ветку, у нарыхтоўчы пункт. На хлеб-соль хапае».

У свой час Алена працавала нават даяркай. Хоць і мае яна невялікую пэнсію, але езьдзіць на звалку. У Ветцы ў яе падрастаюць унукі — імкнецца й ім дапамагчы, бо бацькі добрага заробку ня маюць, а жыць неяк трэба.

Да нядаўняга часу на звалцы сёй-той меў, што называецца, «сталую прапіску». Ладзілі сабе буданы, зямлянкі — і жылі, пакуль новая адміністрацыя палігону ня спляжыла гэтае жытло экскаватарам.

57-гадовы Дзьмітры — старажыл звалкі. Тут ён ужо абіваецца адзінаццаць гадоў. Да Чарнобылю працаваў трактарыстам на торфабрыкетным заводзе блізу Барталамееўкі. Жыў у вёсцы, дзе большасьць дамоў ужо закапалі з-за радыяцыі.

Пасьля адсяленьня тутэйшых вёсак жыцьцё ў Дзьмітра не заладзілася, і ён апынуўся на звалцы:

«Я ўжо з самага адкрыцьця звалкі. Сёньня сьвята — вогнішча разьвялі. Мне абяцалі ўлады жылплошчу даць — у мяне ж ёсьць эвакуацыйнае пасьведчаньне».

Дзьмітры і Аляксандар.

Спадар Дзьмітры з такім жа бедалагам Аляксандрам цьвердзяць, што заражаная радыяцыяй «зона» ня ёсьць цяпер нейкай бязьлюднай тэрыторыяй. З аднаго боку ў яе заглыбляюцца сельгаспрадпрыемствы — сеюць збажыну, нарыхтоўваюць кармы для жывёлы. Зь іншага — бадзяжнікі й проста аматары паляваньня й рыбнай лоўлі. Паблізу выселенай вёскі Амяльное нават дамбу разбурылі, каб сабраць з азярца багаты ўлоў:

«На Амяльном дамбу ўзарвалі, рыба ўся сышла ў Сож. Там і „мянты“ карміліся, і „зялёныя“ — усё карміліся. Хочаш — паедзем з табою. Прама табе кажу: бутэльку стаў і паедзем, пакажу, дзе дамбу ўзарвалі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG