Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія ўрокі ва Ўсходнеээўрапейскай школе


8-10 красавіка ў Варшаве праходзіць чарговая сэсія Ўсходнеэўрапейскай школы палітычных даследаванняў. Гэта частка праекту Рады Эўропы, зарэгістраваная ва Ўкраіне. Тэмай сэсіі стала палітычная сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, месца Беларусі паміж Эўразьвязам і Расеяй, стан беларускай эканомікі.

Прапануем вашай увазе тэзісы некаторых польскіх выступоўцаў.

Прафэсар Марэк Дамброўскі, старшыня праўленьня CASE — Цэнтра сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў.

У 2002 годзе ў Менску я выступаў з дакладам: «Ці можа Беларусь заставацца нярынкавым анклявам у цэнтры Эўропы». Мой адказ быў хутчэй адмоўны. Я прагназаваў эвалюцыю ў бок большай рынкавасьці пры Лукашэнку ці пры ягоным сыходзе. Для мяне было сюрпрызам, што гэтая эканоміка выжыла.

Якая Беларусь адбылася? Эканоміка Беларусі стала больш рынкавай, чым была 9 гадоў таму, але яна яшчэ нярынкавая. Беларуская мадэль — не ўнікальная ў сьвеце, можна знайсьці гістарычныя аналягі — эканоміка цітаўскай Югаславіі, эканоміка Вугоршчыны 70-х гадоў, Польшчы ў 1982-1989 гадах. Слабасьці такой эканомікі: нізкая канкурэнтаздольнасьць, складанасьці з дасягненьнем макраэканамічнай раўнавагі.

Якія фактары забясьпечылі ўстойлівасьць беларускай эканомікі:

  • Расейскія датацыі (важны, але не адзіны фактар).
  • Спрыяльная глябальная каньюнктура — на пачатку нулявых гадоў расьлі эканомікі ўсіх краін сьвету, і тых, якія рабілі рэформы, і тых, якія не рабілі іх, у тым ліку і беларуская.
  • Усё ж адбылася пэўная эвалюцыя беларускай эканамічнай сыстэмы ў бок большай рынкавасьці.

Я лічу, што рэсурс гэтай мадэлі вычарпаны з прычыны наступных чыньнікаў:

  • Не найлепшыя пэрспэктывы расейскай эканомікі, тое, што ва ўсім сьвеце каньюнктура будзе горшай, чым была да крызісу.
  • Хутчэй за ўсё, сёлета ці ў наступным годзе Расея ўступіць у СГА, што істотна мяняе пэрспэктывы мытнага саюзу.
  • З палітычных прычынаў ад ЭЗ зараз наўрад ці можна чакаць ініцыятывы па лібэралізацыі ўзаемнага гандлю.

Войцэх Бародзіч-Смаліньскі
Войцэх Бародзіч-Смаліньскі, сябра праўленьня фундацыі «Цэнтар міжнародных адносінаў».

Гаворыцца, што ЭЗ павінен паляпшаць адносіны зь Беларусьсю. А чаму, навошта? Можа, і Беларусь у гэтым зацікаўленая? Галоўнае пытаньне — тое, якое Аляксандар Казулін задаў Лукашэнку падчас свайго знакамітага тэлевыступу: «Дзе грошы, Саша». Справа сапраўды ў грашах.

Эўрапейскія грошы — не такія вялікія, як тыя, якія можа даць і дае Расея. І расейскія грошы больш лёгкія. За эўрапейскія грошы трэба рабіць рэформы, Расея можа даць грошы толькі за тое, каб Беларусь ня «зьбегла» на Захад. Але беларускай уладзе патрэбны балянс, каб захаваць сваю дзяржаву.

Усходняе партнэрства — гэта канкурэнтная расейскай прастора інтэграцыі. Хаця гэта і не гаворыцца наўпрост, але ўсе краіны партнэрства ў пэрспэктыве могуць стаць сябрамі ЭЗ.

Але калі Беларусі гэта ня трэба, то можа паўстаць пытаньне пра выключэньне Беларусі з Усходняга партнэрства. Беларускія ўлады павінны зразумець, што яны ня самыя важныя ў гэтым сьвеце.

Ганна Дынэр
Ганна Дынэр, эксперт Польскага інстытуту міжнародных дачыненьняў.

Неабходная сыстэма перадачы беларусам эўрапейскага вопыту. Што б адбылося, калі б беларускі рэжым абрынуўся зараз? Рэалістычнай праграмы рэформаў ня бачна. Краіну чакалі бы сур’ёзныя эканамічныя праблемы, ня выключаны ўсплёск беспрацоўя, як у Польшчы, дзе гэты ўзровень у горшыя гады дасягаў 20%.

У ЭЗ павінна быць створанае агенцтва, якое магло б працаваць зь незарэгістраванымі беларускімі грамадзкімі арганізацыямі. Павінна быць створаная эўрапейская сыстэма дапамогі, якая б дазволіла працягваць працу ў замежжы навукоўцам, прадстаўнікам беларускіх дасьледных цэнтраў, якія з палітычных прычынаў вымушаныя былі эміграваць з краіны, як, напрыклад, кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі «Новак» прафэсар Андрэй Вардамацкі.

Беларуская Ўсходнеэўрапейская школа палітычных дасьледаваньняў — шаснаццатая сярод падобных інстытуцыяў у іншых краінах, падобныя школы дзейнічаюць у Расеі, Украіне, Азербайджане, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Румыніі і іншых краінах.

Кожная школа штогод ажыцьцяўляе набор як мінімум 35 слухачоў зь ліку маладых (як правіла, да 35 гадоў) палітычных лідэраў, навукоўцаў у галіне грамадзкіх навук, журналістаў, прадпрымальнікаў, супрацоўнікаў органаў мясцовага самакіраваньня і дзяржаўнага кіраваньня. Ідэя школ палягае ў адкрыцьці новых гарызонтаў і стварэньні новых магчымасьцяў для маладых лідэраў, садзейнічаньні іх супрацоўніцтву паміж сабой, з экспэртамі і калегамі з замежных школ.

Дырэктар беларускай Усходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў — Аляксандар Дабравольскі — былы народны дэпутат СССР, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХІІІ скліканьня, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (1995 — 2006).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG