Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў: Улады пачынаюць палітычны гандаль


Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Адзін з каардынатараў кампаніі "Гавары праўду"Андрэй Дзьмітрыеў наведаў сёньня вызваленага пад падпіску аб нявыезьдзе Аляксандра Фядуту.

Аляксандар папрасіў журналістаў не турбаваць яго да панядзелка. Андрэй Дзьмітрыеў распавёў, што Аляксандар выглядае вельмі бадзёра.

«Ён з гумарам распавядае пра тыя насамрэч жудасныя месяцы, праведзеныя ў СІЗА КДБ. Адпусьціў вусы. Карацей, як быў дзекабрыстам, так ім і застаўся».

Чаму Аляксандра Фядуту вызвалілі менавіта цяпер?Андрэй Дзьмітрыеў мяркуе, што ўлады пачынаюць палітычны гандаль з Эўропай і ЗША:

Калі спачатку была размова аб тым, што трэба ўсіх вызваліць і зьняць абвінавачаньні, то сёньня мы ўжо рады, што людзі пад падпіску выходзяць на свабоду.
«Незразумела, чаму наогул гэтых людзей там трымалі. І чаму іх адпусьцілі. Мы можам толькі здагадвацца. Гэта спроба панізіць градус сытуацыі. Улада ўжо стамілася ад гэтай сытуацыі і хоча зь яе неяк выйсьці. Яго вызвалілі, бо пачаўся палітычны гандаль і ў межах яго перакваліфікавалі справу, адпусьцілі Анатоля Лябедзьку, цяпер Фядуту. Гэта такая дэманстрацыя, што, мабыць, ня ўсё так жорстка, могуць быць паляпшэньні. Улада дамаглася таго, што зьмяніўся фокус размовы. Калі спачатку была размова аб тым, што трэба ўсіх вызваліць і зьняць абвінавачаньні, то сёньня мы ўжо рады, што людзі пад падпіску выходзяць на свабоду і тое, што артыкулы перакваліфікоўваюцца. І гэта ўжо ўяўляецца прагрэсам, хаця насамрэч сытуацыя прынцыпова не мяняецца».

Аляксандар Фядута
Аляксандр Фядута — палітоляг, давераная асоба экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках, пазьней яму было перапрад’яўлена абвінавачаньне па крымінальным артыкуле — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
XS
SM
MD
LG