Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

КАРОТКІЯ АПАДКІ – МОКРЫ СЬНЕГ І ДОЖДЖ...


Уначы -5 – 2 °С, удзень 2 – 9°С, на паўднёвым захадзе да 12°С.


НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Канфэрэнцыя Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства “Роля і месца грамадзянскай супольнасьці ў стратэгіі будучыні” (тэл. для даведак (029) 158-99-81).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Смаленску адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Польшчы Дзьмітрыя Мядзьведзева і Браніслава Камароўскага. Прэзыдэнты наведаюць мэмарыяльны комплекс “Катынь”.

Веснавая сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы пачнецца ў францускім Страсбуры.

Прэм’ер Японіі Наота Кан правядзе сустрэчу ўраду, апазыцыі і экспэртаў для распрацоўваньня пляну аднаўленьня краіны пасьля разбуральнага землятрусу і аварыі на атамнай электрастанцыі “Фукусіма-Даіці”.

У Міляне пройдзе паседжаньне суду ў справе аб махінацыях у мэдыйнай групе “Мэдыясэт”. Абвінавачаным у справе праходзіць прэм’ер Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі.

У Францыі набывае моц забарона на нашэньне традыцыйнага мусульманскага адзеньня, што цалкам захінае твар.

У Лёндане стартуе традыцыйны кніжны кірмаш (будзе доўжыцца да 13 красавіка).

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлягераў.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1863 годзе адбылася бітва паўстанцаў Людвіга Нарбута з рэгулярнай расейскай арміяй у Лідзкім павеце. Паўстанцы, якія стаялі лягерам на рацэ Котры пад Берштамі, разабралі мост. Тым часам падышлі расейцы – дзьве роты Паўлаўскага палка і 36 казакаў Данскога палка. Царскія салдаты мелі колькасную перавагу і наступалі па пояс у вадзе. У выніку няроўнасьці сілаў паўстанцы зазналі паразу.

У 1937 годзе пайшоў з жыцьця палітык Зьміцер Жылуновіч, вядомы таксама як пісьменьнік Цішка Гартны. Некалі ён быў першым кіраўніком савецкага ўраду ў Беларусі. А калі надышоў час сталінскага генацыду, Жылуновіча арыштавалі, ён сядзеў у менскай турме, а пасьля быў пераведзены ў магілёўскую вар'ятню, дзе пакінуў гэты сьвет (паводле афіцыйнай вэрсіі памёр ад гангрэны лёгкіх, па іншых зьвестках – скончыў жыцьцё самагубствам).

У 1995 годзе дэпутаты апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі выступілі з пратэстам супраць ініцыяванага прэзыдэнтам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі і статусу беларускай мовы. Проста ў Авальнай залі дэпутаты абвясьцілі галадоўку. Яны разьмясьціліся каля трыбуны і мелі намер працягваць свой пратэст. Але ў ноч на 12 красавіка ў залю ўвайшлі спэцназаўцы ў масках і гвалтам выкінулі дэпутатаў з будынку.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “У Менску адслужылі імшу па загіблых у катастрофе”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Не хістайся, дуб зялёны,
Ад напору страшнай буры,
Не хіні свае кароны
К зямлі нуднай, к зямлі хмурай.

Не глядзі пудлівым вокам
На уздымы дзікай сілы, —
А ваюй на кожным кроку
За жыцьцё ты да магілы.


Цішка Гартны. 1911

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG