Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: “Астравецкая АЭС — правакацыя”


Сёньня ўдзельнікі круглага стала аб Астравецкай АЭС ў літоўскім Сойме прынялі зварот да кіраўніка Расеі і МАГАТЭ з заклікам зьвярнуць увагу на небясьпеку беларускай АЭС.

У звароце гаворыцца, што “фінансуючы пабудову АЭС у Беларусі цяпер, Расея падтрымлівае нелегітымны аўтарытарны рэжым у Беларусі”. Тым часам, міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс назваў рашэньне Беларусі будаваць АЭС за 53 кілямэтры ад Вільні правакацыяй.

Ажубаліс сказаў аб гэтым сёньня, адказваючы на пытаньне, ці атрымала Літва адказ на ноты літоўскага дыпляматычнага ведамства на адрас Беларусі і Расеі адносна ацэнкі узьдзеяньня на асяродзьдзе Астравецкай і Калінінградзкай АЭС.

“Атам не прызнае межаў”


У Сойме сёньня на абмеркаваньне сытуацыі адносна Астравецкай АЭС сабраліся парлямэнтары, супрацоўнікі літоўскіх ведамстваў, палітыкі і грамадзкія актывісты зь Літвы і Беларусі.

“Для пабудовы такіх аб'ектаў патрэбны асаблівы кантроль, і няма гарантыі, што Беларусь можа такі кантроль забясьпечыць”, – адзначыў літоўскі парлямэнтар Пятрас Луоманас, сябра парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”, якая выступіла адным з арганізатараў круглага стала па беларускай АЭС у Сойме.

У выніку быў прыняты зварот з дэтальным пералікам магчымых небясьпечных наступстваў падпісанага 15 сакавіка расейска–беларускага пагадненьня аб пабудове беларускай АЭС.

Пятрас Луоманас сярод іншага зазначыў:

“Такія рэзалюцыі, звароты ў пэўныя эўрапейскія інстытуты насамрэч патрэбныя, тым больш, што мы бачым, якія трагічныя наступствы мае выкарыстаньне АЭС. Гэта адчула і Беларусь пасьля Чарнобыльскай аварыі, у выніку якой было забруджана 23% беларускай тэрыторыі. Так што мы бачым, гэта вельмі сур'ёзна.

Вядома, тэхналёгіі ўдасканальваюцца, але ніхто ня можа быць абаронены цалкам ад магчымасьці аварыяў на АЭС. У Літве заклапочаныя таксама і тым, што паколькі плянаваная Астравецкая АЭС будзе выкарыстоўваць ваду з басэйну Вяльлі–Нёману, да нас можа ісьці радыяактыўная вада, і ўся экасыстыма Балтыйскага мора апынаецца пад пагрозай. Ня кажучы ўжо пра людзей, як у Літве, так і ў Беларусі.

Трэба зьвяртацца ў эўрапейскія структуры, якія выдаюць дазволы на пабудовы такіх аб'ектаў, як АЭС у памежнай зоне, а калі гэта будзе ігнаравацца, то ўжываць і санкцыі, бо атам не прызнае межаў”, — сказаў Пятрас Луоманас.

“Уран у рукax дыктатара”


Прадстаўнікі Беларускага бюро грамадскага і палітычнага прадстаўніцтва ў Літве выступалі ў часе круглага стала з падрыхтаванымі матэрыяламі па Астравецкай АЭС. “Неабходна памятаць, што АЭС – гэта фабрыка па вытворчасьці радыяактыўных адкідаў”, – сказаў у часе свайго выступу Віктар Гарбачоў. “Я як донар крыві добра ведаю, чаго каштаваў нам у Беларусі Чарнобыль, — адзначыў Ігар Каваленка, старшыня дабрачыннага грамадзкага аб'яднаньня “Кропля жыцьця”, які цяпер з-за палітычнага перасьледу на радзіме вымушаны знаходзіцца ў Літве:

“Дыктатару, усімі прызнанаму нелегітымным кіраўніком і апошнім дыктатарам Эўропы, нельга даваць у рукі ўран, каб ён пасьля мог шантажаваць Эўропу. Пабудову АЭС можна спыніць на любым этапе, і яшчэ ня позна гэта зрабіць. Апрача таго, расейскае фінансаваньне гэтай АЭС прывядзе Беларусь у поўную залежнасьць ад Расеі”.

Палітычны складнік АЭС


Зварот, прыняты сёньня, накіраваны ў МАГАТЭ, а таксама прэзыдэнту Расеі. “Палітычны складнік пытаньня адносна Астравецкай АЭС – напэўна, асноўны”, – кажа адзін з арганізатараў круглага стала ў Сойме, старшыня літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў Стасіс Каўшыніс:

“І тут галоўны гулец у гэтай палітычнай гульні — Расея, якая фактычна будуе дзьве АЭС каля Літвы – адну ў Калінінградзкай вобласьці, а другую на тэрыторыі Беларусі, але па–сутнасьці, у перадмесьці Вільні”.

Літва чакае адказу

Літва дасюль не атрымала ад Беларусі адказу на ноту літоўскага МЗС адносна ацэнкі ўплыву на асяродзьдзе Астравецкай АЭС, хаця міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў напрыканцы сакавіка абяцаў адказаць. Два дні таму МЗС Літвы накіравала падобную ноту і Расеі адносна Калінінградзкай АЭС. Сёньня міністру замежных спраў Літвы Аўдронюсу Ажубалісу давялося адказаць журналістам на пытаньні, што будзе далей рабіць Літва, калі адказаў так і ня будзе.

“Існуе комплекс захадаў, якія Літва можа ўжыць, каб сытуацыя была празрыстай, каб пляцоўку пад АЭС адсунулі ад мяжы зь Літвой, іначай, як правакацыяй цяперашняе рашэньне Беларусі мы ня можам назваць. Я дакладна не магу прагназаваць (што будзе, калі адказаў так і ня прыйдзе), мы выконваем нашую працу, пераконваем, спрабуем атрымаць інфармацыю, спрабуем размаўляць зь міжнароднымі партнэрамі. Адна з асноўных задачаў – каб Эўропа, сьвет, пабачылі дакладна і аб'ектыўна, што адбываецца ў гэтым рэгіёне”, — сказаў міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс сёньня ў інтэрвію балтыйскаму інфармацыйнаму агенцтву BNS.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG