Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў таму, 8 красавіка, выступаючы перад працоўнымі Волскага аўтазаводу ў Тальяці (Расея), Міхаіл Гарбачоў упершыню выкарыстаў слова «перабудова», якое ўвайшло ў гісторыю і стала пачаткам пераменаў. Як успрынялі абвешчаную тады перабудову ў Беларусі?

Вядомы беларускі журналіст Аляксандар Уліцёнак сказаў, што 25 гадоў таму былі адчыненыя шлюзы для таго, каб нешта ў краіне пачало мяняцца, у тым ліку ў творчых і прафэсійных лёсах людзей. Паводле спадара Ўліцёнка, пасьля таго, як Гарбачоў 8 красавіка ўпершыню сказаў пра перабудову, пачаў перабудоўвацца і ягоны асабісты лёс. Ён трапіў у рэдакцыю газэты «Правда», што раней было нерэальна.

Аляксандар Уліцёнак
«Для мяне гэта азначала, што адчынены новыя шлюзы, што зьяўляюцца новыя магчымасьці, што нарэшце глухія, сьляпыя, невідушчыя партыйныя і савецкія бонзы, якія не рэагавалі на жыцьцёвыя рэаліі, нарэшце пачнуць рэагаваць на гэтае жыцьцё, пачнуць прымаць нейкія адэкватныя меры. І ў выніку ўсе разам, у тым ліку і я, атрымліваем нейкія новыя магчымасьці для разьвіцьця, для жыцьця, для таго, каб зрушылася тое, што не магло заставацца нерухомым. Зрушылася тое, што нас усіх прыгнятала, што перашкаджала нам жыць, радавацца жыцьцю. Я бачыў, што перабудова найперш для мяне — клясная, цяжкая праца, у якую я зь вялікім імпэтам уключыўся. Для майго пакаленьня гэта быў апошні шанец быць нармальным чалавекам, нармальным беларусам, патрыётам, грамадзянінам».

Вячаслаў Кебіч
Вячаслаў Кебіч кажа, што пры Міхаілу Гарбачову быў старшынёй Савету міністраў і народным дэпутатам СССР і разам зь ім браў удзел у перамовах, у падрыхтоўцы новай саюзнай дамовы. Перабудову 25 гадоў таму ён успрыняў «на ўра». А сёньня ён лічыць, што Міхаіл Гарбачоў быў здраднікам і што ягоных чаканьняў перабудова ня спраўдзіла.

«Я ўпершыню ўбачыў чалавека, які гаворыць без папераў. Па-другое, ён пачаў гаварыць звычайнай, чалавечай мовай. І, улічваючы тое, што дагэтуль гэта ўсё так надакучыла, я думаў: ну вось, прыйдзе свабодны вецер, і нам стане жыць цікавей і весялей. А аказалася, што гэта прыйшоў чалавек, які меў на мэце разваліць Савецкі Саюз».

Генадзь Бураўкін у час, калі ўпершыню прагучала слова «перабудова», займаў пасаду старшыні Дзяржкамітэту па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні і ўваходзіў у склад ЦК кампартыі Беларусі.

Генадзь Бураўкін
«Гарбачоў, я ня ведаю, ён так задумваў ці ня так, але ён здагадаўся, чаго хоча грамадзтва. Ад чаго грамадзтва стамілася і дзе нельга ўжо яго трымаць у такіх вельмі жорсткіх рамках. Гэта было насамрэч гістарычнае рашэньне. Для нас гэта быў нейкі парыў сьвежага ветру ў той даволі душнай атмасфэры, у якой уся краіна жыла многія гады. Застой адчуваўся, і ён бясспрэчна скоўваў сілы і парываньні людзей. І тое, што была абвешчаная перабудова, гэта была вялікая надзея і вялікая аддушына. Канечне, кансэрватыўныя сілы ўсяляк хацелі скіраваць гэтую перабудову не туды, прыглушыць яе. Але паколькі гэта была лінія партыі, яны баяліся выступаць супраць. А для дэмакратычна настроеных людзей, у тым ліку і ў партыі, — вельмі дакладна памятаю, як мы радаваліся, што, напрыклад, зьявілася магчымасьць дыскусій, ацэнкі пэўных пэрыядаў нашай гісторыі ў адпаведнасьці з фактамі, а ня зь нейкімі задачамі. Я маю на ўвазе найперш ацэнкі пары сталінізму. Сталі вяртацца імёны многіх таленавітых людзей, той жа Мрый, Арсеньнева. Таксама намнога вальней сталі дыхаць і нашы гаспадарнікі. Гэтая перабудова вельмі многае ўскалыхнула ў грамадзтве і вельмі многім дэмакратычным сілам дала надзею і магчымасьць разгарнуцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG