Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кот д’Івуар: ААН ставіць жыцьці перад сувэрэнітэтам


Belarus --- RFERL correspondent Jan Maksymiuk

Belarus --- RFERL correspondent Jan Maksymiuk

На гэтым тыдні верталёты міратворцаў з Францыі і з кантынгенту ААН у Кот д’Івуары нанесьлі ўдары па сілах, верных дзейнаму кіраўніку краіны Лярану Гбагбо. Паведамляецца таксама, што сілы ААН акружылі рэзыдэнцыю Гбагбо з бункерам каля сталіцы краіны, Абіджану, дзе, як мяркуецца, знаходзіцца сам Гбагбо і дзьве сотні ягоных прыхільнікаў.

ААН лічыць, што прэзыдэнцкія выбары ў Кот д’Івуары ў лістападзе летась выйграў апанэнт Гбагбо, Алясан Уатара, войскі якога пачалі апошнім часам наступ на сталіцу, якую да гэтай пары ўтрымлівалі прыхільнікі Гбагбо. Але да апошняга тыдня сілы ААН захоўвалі нэўтралітэт у гэтым унутраным канфлікце. Згаданая атака верталётаў сьведчыць пра тое, што кіраўніцтва ААН вырашыла пакінуць гэты нэўтралітэт і адназначна стаць на адзін бок.

Расея асудзіла гэтае ўмяшаньне, даючы зразумець, што міратворцы ААН у Кот д’Івуары парушылі свой мандат.

Генэральны сакратар ААН Бан Кі Мун апраўдваў “абмежаваныя вайсковыя захады” міратворцаў ААН патрэбай аховы жыцьцяў цывільнага насельніцтва краіны і самаабаронай, кажучы, што сілы Гбагбо раней атакавалі патрулі міратворцаў ААН і іх галоўную кватэру.

Назіральнікі за гэтым канфліктам лічаць, што цяпер, пасьля вайсковага ўмяшаньня міратворцаў ААН, сыход Гбагбо стаўся адно пытаньнем часу. Але яны адначасова зьвяртаюць увагу, што Гбагбо ўсё ж мае значную падтрымку ў народзе (паводле ААН, ён набраў 46% галасоў у выбарах летась) і што ўсталяваньне новага кіраўніка, Алясана Ўатары, ня пойдзе гладка. Перш за ўсё таму, што гэтае ўсталяваньне адбываецца пры дапамозе “чужых штыхоў” і што за гэтымі штыхамі стаіць таксама Францыя, у мінулым – калянізатар Кот д’Івуару.

Хоць канфлікт у Кот д’Івуары ў нашай частцы сьвету ўспрымаецца як нешта значна больш экзатычнае, чым інтэрвэнцыя НАТО ў Лібіі, то ўсё ж яго вырашэньне выглядае хутчэй нейкім правілам, чым выключэньнем, калі мець на ўвазе палітычную гісторыю сьвету апошніх дзьвюх дзесяцігодзьдзяў.

У міжнародным праве і палітычнай практыцы ўсё мацней укараняецца перакананьне, што сувэрэнітэт дзяржавы не зьяўляецца надзейнай заслонай для ўнутранага гвалту і прымусу над яе грамадзянамі. Міжнародная інтэрвэнцыя ў Кот д’Івуары ці Лібіі сьведчыць у першую чаргу якраз пра гэта. Яна нагадвае, што ўсё ж існуе пэўная мяжа для свавольства сувэрэнных уладароў, нават калі і не на ўсіх іх будуць кідаюць бомбы, каб правесьці дэмаркацыю гэтай мяжы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG