Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А ўсё так добра пачыналася. Перад выбарамі прэзыдэнта сярэдні заробак падвысілі да $500. Пад канец пяцігодкі яго абяцалі давесьці да $1000, а ўзровень жыцьця — аж да сярэднеэўрапейскага. І вось на самым пачатку гэтага пераможнага руху да зіхоткіх вышынь здарылася засада. Толькі пачалі добра жыць, як скончыліся грошы. Дакладней, валюта.

Пра прычыны валютнага крызісу, як і пра шляхі выйсьця зь яго, шмат напісана і сказана незалежнымі экспэртамі. Цікава назіраць рэакцыю дзяржаўных органаў. Таму што банкі, інвэстары, частка грамадзян — у паніцы. Бізнэсоўцы ліхаманкава мяркуюць, што ім рабіць далей. Людзі разгублена думаюць, ці варта здымаць грошы з банкаўскіх дэпазытаў, купляць дарагія рэчы.

Якраз у такія крытычныя моманты выяўляецца сапраўдны давер грамадзтва да ўлады, здольнасьць дзяржаўных інстытутаў і іх кіраўнікоў да сур’ёзнай размовы з грамадзтвам. І што мы бачым?

Ліхаманкавыя рухі Нацбанку ў розныя бакі крытыкуюць усе, уключна зь віцэ-прэм’ерам Сяргеем Румасам. Сам урад займае пазыцыю староньняга назіральніка.

Усе чакалі выступу прэзыдэнта. Вось хто павінен быў унесьці яснасьць,
Толькі пачалі добра жыць, як скончылася валюта.
растлумачыць, супакоіць, паабяцаць. Але ён доўгі час упарта маўчаў на гэтую тэму. Абмяркоўваў праблему адукацыі, правяраў працу бульбасховішчаў, віншаваў з днём яднаньня народаў Беларусі і Расеі і інш. А пра галоўную праблему, якая хвалюе большасьць грамадзян, — ані слова.

І вось нарэшце ў аўторак Лукашэнка перапыніў сваё маўчаньне і загаварыў. Ён папулярна растлумачыў свайму электарату, хто зьеў наша сала (то бок валюту). Аказваецца, яго зьелі аматары аўтамабіляў. Прэзыдэнт растлумачыў, што гэта ажыятажны попыт на іншамаркі прывёў да таго, што ня стала валюты. Прычым з вуснаў Лукашэнкі пазыцыя кіраўніцтва краіны выглядала высакародна. "Былі нават прапановы ўвесьці цяпер гэтую пошліну. Але гэта ўдар па людзях, навошта ж ужо сваіх людзей душыць? Вытрымаем мы гэта, няхай людзі купяць сабе машыну, якую хочуць, заменяць, калі трэба… Ня можам жа мы чалавека задушыць з-за гэтай валюты… Ну, хочуць людзі купіць, што ж зробіш? Таму я і Нацбанку сказаў, і ўраду, што ні ў якім выпадку наступаць на людзей нельга. Няхай людзі рэалізуюць сваё жаданьне", — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Такім чынам, улады ані ў чым не вінаватыя. Вінаватыя несьвядомыя грамадзяне,
Вінаватыя несьвядомыя грамадзяне.
якія чамусьці хочуць купіць сваё ўласнае аўто. Улады маглі б "душыць", "наступаць" на людзей, але велікадушна вырашылі дараваць суайчыньнікам гэтыя неразумныя паводзіны. Бо ў нас жа, як вядома, дзяржава для народу.

Гэта звыклая тактыка Лукашэнкі: замест таго каб прызнаць уласныя правалы, спасылацца на аб’ектыўныя ўмовы (усясьветны крызіс, рост цэнаў на нафту і газ) альбо знайсьці ворагаў. Памятаю, як у 1998 годзе, калі на валютнай біржы Расеі абваліўся беларускі рубель, ён абвінаваціў у гэтым Захад, расейскіх лібэралаў і апазыцыю.

Але саромеюся спытаць: а хто ж справакаваў гэты аўтамабільны ажыятаж? І высьвятляецца, што людзей падштурхнула тэрмінова купляць машыны рашэньне ўладаў узьняць мыта на ўвоз аўтамабіляў для фізычных асоб у Беларусі з 1 ліпеня 2011 году да ўзроўню мыта ў краінах Мытнага саюзу. Яшчэ раз узгадаем рэпліку Лукашэнкі: "Былі нават прапановы ўвесьці цяпер гэтую пошліну. Але гэта ўдар па людзях, навошта ж ужо сваіх людзей душыць?". То бок цяпер наносіць "удар па людзях" і "душыць" іх нельга, а з 1 ліпеня — можна. Вось такі гуманізм па-беларуску.

Магчыма, Лукашэнка так спакойна разважае на гэтую тэму таму, што ягоны электарат не адчуў валютнага крызісу. У людзей, якія галасуюць за Лукашэнку, няма патрэбы ў валюце, ім хапае беларускіх рублёў. Яны не займаюцца бізнэсам, ня езьдзяць за мяжу.

Электарат Лукашэнкі адчуе валютны крызіс толькі праз рост цэнаў, зьніжэньне заробкаў. Тады давядзецца шукаць новае тлумачэньне – ці, хутчэй, паўтараць тое самае, што заўжды: ворагі вінаватыя.

07.04.2011 г.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG