Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў судзе Савецкага раёну Гомеля распачаты разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова за адмову здаць адбіткі пальцаў. Гэта першая падобная справа ў краіне.

У Савецкім райаддзеле міліцыі адмову Палякова здаць адбіткі пальцаў кваліфікавалі паводле артыкула 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню альбо патрабаваньню службовай асобы. Пра гэта склалі і перадалі ў суд адміністрацыйны пратакол.

Палякоў: «У райаддзеле міліцыі Савецкага раёну мне прапанавалі прайсьці дактыляскапію, але я адмовіўся, таму што гэта парушае мае правы, гэта зьневажае мяне. Ёсьць абавязковая дактыляскапія для ваеннаслужачых, але няма прымусовай. Я ня ведаю, якім чынам гэтыя мае адбіткі будуць у далейшым выкарыстоўвацца».

На судовым паседжаньні актывіст АГП папрасіў, каб яму далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Судзьдзя Галіна Сыцько, якая вяла паседжаньне, пачала ўшчуваць Палякова за тое, што ён не азнаёміўся са справай да судовага паседжаньня. Аднак палітык настойваў, каб яму далі хаця б дзесяць хвілін на знаёмства са справай.

Урэшце судзьдзя хадайніцтва задаволіла, а заадно й перанесла разгляд адміністрацыйнай справы на 13 красавіка.

Палякоў: «Пакуль я не сустракаў, каб кагосьці за адмову прыцягвалі да адказнасьці.
Пакуль я не сустракаў, каб кагосьці за адмову прыцягвалі да адказнасьці.
Я ведаю сытуацыю ў Берасьці з праваабаронцам Раманам Кісьляком. У яго хацелі прымусова ўзяць адбіткі пальцаў. Нават фізычную сілу ўжывалі. Але адміністрацыйнай справы пакуль не было. Палітыка ўладаў такая, каб усіх трымаць у пэўнай каляіне, каб ніхто ня меў свайго права, каб кожны адчуваў, што ён адказны й вінаваты перад дзяржавай».

Адбіткі пальцаў у ваеннаабавязаных беларускіх мужчын пачалі браць у 2008 годзе — пасьля выбуху ў Менску на начным канцэрце ў Дзень Рэспублікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG