Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Емэне працягваюцца масавыя антыўрадавыя акцыі


У Емэне дзесяткі тысяч чалавек пасьля пятнічнага малебну выйшлі на дэманстрацыі з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта краіны Алі Абдалы Салеха. Антыпрэзыдэнцкія акцыі прайшлі ў некалькіх гарадах, у тым ліку і ў сталіцы краіны Сане і ў трэцім па ліку горадзе Емэна Таізе.

У той жа час у Сане каля ста тысяч чалавек з усёй краіны ўдзельнічалі ў акцыі ў падтрымку дзеючага прэзыдэнта.

Сёньня Алі Абдала Салех адкінуў прапанову аб адстаўцы, якая раней паступіла ад Рады супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Пэрсыдскай затокі. Рада супрацоўніцтва заклікала Салеха перадаць уладу віцэ-прэзыдэнту Емэна Алі Мухамэду Маджуру.

Антыўрадавыя акцыі ў Емэне не спыняюцца ўжо два месяцы. Паводле праваабаронцаў, ахвярамі сутыкненьняў з паліцыяй сталі больш за сто чалавек.
XS
SM
MD
LG